Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатар фэстывалю «Тутака» на Падляшшы: «На наш фэст можна прыехаць усёй сям’ёй, і кожны знойдзе цікавае для сябе»


Павал Станкевіч і ўкраінская сьпявачка Аліна Паш
Павал Станкевіч і ўкраінская сьпявачка Аліна Паш

Размаўляем з Паўлам Станкевічам, арганізатарам Фэстывалю абуджаных «Тутака», які пройдзе 15–16 ліпеня ў Гарадку на Падляшшы, у месцы, дзе ў 1990–2019 гг. адбываўся штогадовы музычны фэстываль «Басовішча».

— Сёлета фэстываль «Тутака» адбудзецца ў сярэдзіне ліпеня, так, як раней адбываліся «Басовішчы». Значыць, і наступныя фэстывалі будуць прымеркаваныя, скажам так, да гэтай традыцыйнай даты? Чаму тады леташні, першы фэстываль «Тутака» быў у жніўні?

— Першы фэстываль «Тутака» адбыўся ў жніўні, 6–7 жніўня 2021 году, таму што мы лічылі, што першая гадавіна выбараў 2020 году — вельмі важная нагода, а таму прымеркавалі наш фэстываль да гэтай гадавіны, каб яе адзначыць. А сёлета вярнуліся да традыцыйнага тэрміну — сярэдзіны ліпеня. Надвор’е, як спадзяёмся, у ліпені будзе лепшае, чым у жніўні.

— Перш чым перайсьці да таго, што будзе сёлета, я папрашу вас коратка падсумаваць леташні фэстываль. Як вы мяркуеце, ён вам удаўся? Была такая зацікаўленасьць, на якую вы разьлічвалі?

— Магчыма, гледачоў не было столькі, на колькі мы разьлічвалі. Паводле ацэнкі мясцовай паліцыі, іх было 2,5 тысячы. Мы чакалі, што гледачоў будзе больш. Але мне здаецца, што гэта добры вынік, калі мець на ўвазе, што гэта быў першы выпуск фэстывалю. Нам удалося скласьці вельмі добрую праграму, удалося зацікавіць людзей і паказаць прынамсі частцы з тых, хто ўвесь час успамінае «Басовішча», што можна гэты фэстываль зрабіць крыху іншым. Мы будзем працягваць і разьвіваць гэты новы фармат, адыходзячы ад выключна музычнага напаўненьня фэстывалю.

З нашага пункту гледжаньня тое, што адбывалася на леташнім фэстывалі ў зоне заняткаў зь дзецьмі, майстар-клясаў для дзяцей і дарослых, было самым клясным на ім. Бо мы паказалі, што на наш фэст можна прыехаць усёй сям’ёй, і кожны знойдзе цікавае для сябе.

— Што з улікам мінулагодняга досьведу вы пакінулі або памянялі ў праграме сёлетняга фэстывалю?

— Напэўна, будзем працягваць тое, што было пасьпяховым у мінулым годзе — то бок цікавыя заняткі для дзяцей. А калі гаварыць пра выступы на музычнай сцэне, то мы будзем прэзэнтаваць разнастайныя жанры музыкі. Будзем адыходзіць ад выключна «рок-фармату» на фэстывалі, які пераважаў на шэрагу апошніх «Басовішчаў». Мы хочам паказаць, што сучасная беларуская музыка пратэсту, музыка бунту — гэта ня толькі рок, але і іншыя жанры. У гэтым годзе паспрабуем прэзэнтаваць на сцэне «тэатар танца». Будзе таксама электронная музыка этна, рэп і hip hop. Не ўдалося сёлета запрасіць на нашу сцэну купалаўцаў, але, спадзяюся, нейкі невялікі акцэнт ад іх зьявіцца.

— Хто канкрэтна выступіць у вас на фэстывалі?

— Галоўны канцэрт у нас будзе ў суботу, 16 ліпеня. Гэтая зьмена, у параўнаньні зь леташнім фэстывалем, выкліканая перш за ўсё недастатковай колькасьцю грошай, каб прафінансаваць два поўнамаштабныя канцэрты. Але гэтая акалічнасьць дае нам нагоду для сустрэчы ў пятніцу дзеля глыбейшага знаёмства ўдзельнікаў фэстывалю. Будуць заняткі «Мовы Нанова», будуць заняткі для дзяцей і для дарослых. Будзе Ася Троц са спэктаклем «Brydkie kačenia» для дзяцей.

Будзе таксама велізарная мастацкая акцыя — мы хочам, каб Аляксандра Канафальская правяла акцыю стварэньня папяровых птушак, «птушак волі» — кожная птушка будзе падпісаная імем і прозьвішчам палітвязьня. Мы чакаем, што прыедзе столькі людзей, што нам удасца зрабіць 1300 такіх папяровых птушак і разьвесіць іх у гарадоцкім лесе.

У суботу выступяць, сярод іншых, Shuma, J:МОРС, Лявон Вольскі, Паліна Дабравольская. Будзе таксама «тэатар танца» — імправізаваная сустрэча танцораў з Польшчы, Украіны і Беларусі: толькі выйшаўшы на сцэну, яны атрымаюць «тэму», якую ім будзе трэба станцаваць.

А ў заключэньне будзе выступ-неспадзяванка. Прозьвішча артыста я пакуль ня буду называць.

— Як разумею, музычна-танцавальная частка будзе на вялікай сцэне ў гарадоцкім лесе. А вось тыя іншыя захады — «Мова Нанова», заняткі зь дзецьмі і таму падобнае — дзе яны будуць адбывацца?

— Яны будуць адбывацца ў прасторы «тамака». На фэстывалі дзьве прасторы: галоўная сцэна як «тутака», і «тамака» — прастора побач з пляцоўкай для намётаў. Калі хто прыедзе з намётам, то плата за карыстаньне з пляцоўкі будзе 30 злотых на чалавека. На месцы таксама будзе абсталяваны буфэт, дзе можна будзе закупіць ежу і напоі.

— Калі хто ня мае ўласнай машыны, то цяжка да вас туды будзе дабрацца. Аўтобусамі ў Гарадок большай колькасьці гледачоў даехаць складана. А як зь цягнікамі?

— Адзін на дзень. Магчыма, на наступны год паспрабуем арганізаваць адмысловы цягнік зь Беластоку на фэстываль.

— Наколькі такая імпрэза можа інтэграваць беларускае асяродзьдзе на Падляшшы? Я маю на ўвазе падляскіх беларусаў і сьвежых эмігрантаў з Рэспублікі Беларусь. Паводле афіцыйнай статыстыкі, нібыта дзевяць тысяч грамадзян Беларусі на сёньняшні дзень атрымалі від на жыхарства ў Падляскім ваяводзтве…

— Яшчэ год-два, і, магчыма, эмігрантаў зь Беларусі будзе ў нас болей, чым уласна нашых беларусаў…

Я думаю, наш фэстываль — гэта нагода для тых, якія прыехалі зь Беларусі, каб яны даведаліся нешта пра беларусаў Падляшша. Бо там амаль ніхто пра нас нічога ня ведае, калі быць шчырым. Гэта нагода даведацца пра нас на мерапрыемстве, арганізаваным супольна беларусамі зь Беларусі і беларусамі-мясцовымі. Даведацца, напрыклад, што ёсьць у нас людзі, якія лічаць сябе беларусамі, а прытым ад вякоў жывуць у Польшчы. Гэта галоўны пункт у праграме нашага фонду — працаваць, каб даведаліся пра нас беларусы ў РБ, ну і каб палякі ў Польшчы таксама ведалі, што мы тутака ёсьць.

Размову ілюструюць здымкі зь першага Фэстывалю абуджаных «Тутака», які адбыўся 6-7 жніўня 2021 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG