Расейская дэлегацыя як мінімум двойчы за апошні месяц наведвала аэрадром Ірана, каб вывучыць баявыя бесьпілётнікі. Пра гэта паведамляе тэлеканал CNN са спасылкай на дарадцы прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джэйка Салівана.
Гаворка ідзе аб бесьпілётніках Shahed-191 і Shahed-129, якія здольныя несьці высокадакладныя ракеты.
«Мы маем інфармацыю, што іранскі ўрад рыхтуецца прадаставіць Расеі некалькі сотняў бесьпілётнікаў, у тым ліку баявых», —распавёў Саліван у інтэрвію CNN.
Белы дом даў CNN спадарожнікавыя здымкі, зробленыя ў чэрвені. Сьцьвярджаецца, што на іх відаць бесьпілётнікі, якія аглядала расейская дэлегацыя.
У пятніцу міністар замежных спраў Ірана Хасэйн Амір Абдалахіян у размове са сваім украінскім калегам Дзьмітрыем Кулебай адпрэчыў гэтыя абвінавачаньні, назваўшы іх «беспадстаўнымі».
«Мы выступаем супраць любых дзеяньняў, якія могуць прывесьці да працягу і ўзмацненьня канфліктаў», — перадае словы Абдалахіяна Euronews.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран ня будзе пастаўляць зброю Расеі, заявіў іранскі міністар замежных спраў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран хоча перадаць Расеі баявыя бесьпілётнікі, — дарадца прэзыдэнта ЗША