Сьцісла:
- Прэтэнзіі да Сьвятланы Ціханоўскай ня вельмі канкрэтныя.
- Апанэнты Ціханоўскай гуляюць на зразумелай незадаволенасьці беларускай пратэставай супольнасьці адсутнасьцю вынікаў.
- Канкурэнцыя за статус лідэра абвастраецца. На паверхню вылазяць усе хібы жыцьця ў палітычнай эміграцыі.
- 2020 год выштурхнуў на палітычную арэну шмат актыўных людзей бяз досьведу палітычнай барацьбы, што стварае сытуацыю рэвалюцыйнай нецярплівасьці.
11–12 ліпеня ў Бэрліне адбыўся II Форум дэмакратычных сіл, які арганізаваў былы прэтэндэнт у кандыдаты на прэзыдэнта Валер Цапкала. Склад гэтага мерапрыемства быў даволі разнамасны і рознагалосы. Аднак можна было заўважыць, што сход у Бэрліне больш выразна вызначыў сваю апазыцыю Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, чым першы форум у траўні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вакол Ціханоўскай будуецца закрытая сыстэма». Ці быць вызвольнаму руху Пракоп’ева, Цапкалы, Шарэцкага і КарачПалітоляг Павал Вусаў так ацаніў ягоны галоўны зьмест:
«Форум — спроба кансалідаваць тыя сілы, якія лічаць, што яны абдзеленыя прысутнасьцю ў асяродзьдзі Ціханоўскай, і хочуць перахапіць парадак дня, стварыўшы нейкі новы палітычны суб’ект».
Прэтэнзіі да Сьвятланы Ціханоўскай наўрад ці можна назваць вельмі канкрэтнымі. Яе абвінавачвалі ў неактыўнасьці, нерашучасьці, заспакоенасьці. А вось на пытаньне, што трэба рабіць, нейкіх крэатыўных прапаноў, а галоўнае — такіх, якія б далі патрэбны палітычны вынік, не прагучала. Вось, напрыклад, прапаноўвалі стварыць вызвольнае беларускае войска (Вадзім Пракопʼеў). У выніку вырашылі заснаваць беларускі вызвольны рух і стварыць новую структуру беларускай апазыцыі ў эміграцыі: Нацыянальную раду абʼяднаных дэмакратычных сілаў.
Апанэнты Ціханоўскай гуляюць на зразумелай незадаволенасьці беларускай пратэставай супольнасьці. Прайшло два гады пасьля пачатку пратэстаў, вынікаў няма, рэпрэсіі ўзмацняюцца, назіраецца масавая палітычная эміграцыя з краіны. Зразумела, віна ўскладаецца на лідэра. Маўляў, яна нічога ня робіць, каб дасягнуць перамогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці быць вызвольнаму руху Пракоп’ева, Цапкалы, Шарэцкага і КарачАб’ектыўна пасьля здушэньня пратэстаў палітычная вага Сьвятланы Ціханоўскай, яе ўплыў на ўнутрыпалітычныя працэсы ў Беларусі зьменшыліся. Пасьпяховай засталася толькі сфэра замежнай палітыкі.
Гэтыя чыньнікі таксама спрыяюць атакам на Ціханоўскую.
У гісторыі беларускай апазыцыі быў падобны эпізод. Аляксандар Мілінкевіч быў выбраны адзіным кандыдатам дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Пасьля іх іншыя лідэры апазыцыі не захацелі, каб ён заставаўся лідэрам, хоць у яго тады таксама быў багаты міжнародны бэкграўнд.
Цяперашнюю атаку на Ціханоўскую з тагачасным пазбаўленьнем Мілінкевіча ягонага лідэрскага статусу шмат што абʼядноўвае. Тут можна заўважыць пэўную заканамернасьць. Калі на гарызонце маячаць водбліскі перамогі, лідэры больш гатовыя да адзінства. Бо агульны прыз даволі прывабны. Тым больш што Сьвятлана Ціханоўская была выштурхана на п’едэстал у выніку стыхійнага народнага руху зьнізу. І іншыя лідэры былі вымушаныя пагадзіцца.
Калі ж у Беларусь прыйшлі змрочныя часы, пэрспэктывы пераходу да дэмакратыі, скажам мякка, вельмі няпэўныя, то сытуацыя памянялася. Цяпер няма дзеля чаго захоўваць адзінства. Канкурэнцыя за статус лідэра абвастраецца. На паверхню вылазяць усе хібы жыцьця ў палітычнай эміграцыі.
Дарэчы, нядаўна Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка, які ўзначальвае яшчэ адзін цэнтар апазыцыі, правялі сустрэчу ў Варшаве, анансавалі правядзеньне свайго кангрэсу і фармаваньне нацыянальна-вызвольнага руху. Да таго ж Латушка прапаноўвае стварыць пераходны ўрад.
Праводзіць канфэрэнцыі і форумы, ствараць новыя структуры, пісаць праграмы — гэта, безумоўна, складовая частка палітыкі. Іншае пытаньне, якая іх эфэктыўнасьць. Спаборнічаць у радыкалізьме заяваў — наўрад ці найлепшы від палітычнай канкурэнцыі.
Праблема яшчэ і ў тым, што 2020 год выштурхнуў на палітычную арэну шмат актыўных людзей бяз досьведу палітычнай барацьбы. Ім хочацца як мага хутчэй дасягнуць нейкіх вынікаў, але яны дрэнна разумеюць, як гэта зрабіць. Такая рэвалюцыйная нецярплівасьць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.