Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак заявіў, што па выніках кансультацый у Турэччыне аб разблякаваньні марскога маршруту паставак украінскага збожжа бакі дамовіліся аб стварэньні пад эгідай ААН супольнага каардынацыйнага цэнтру па бясьпечнай навігацыі ў Чорным моры.
«Бясьпека Ўкраіны ў Чорным моры — прыярытэт у пытаньні аднаўленьня экспарту ўкраінскай аграрнай прадукцыі. Менавіта таму Ўкраіна прапанавала сфармаваць базавы альгарытм функцыянаваньня навігацыі ў Чорным моры. Гэта дазволіць забясьпечыць экспарт украінскага збожжа і будзе гарантаваць харчовую бясьпеку мільёнам людзей па ўсім сьвеце», — паведаміў Андрэй Ярмак у сваім тэлеграм-канале.
Паводле яго, цэнтар будзе знаходзіцца ў Стамбуле (Турэччына), а ягонай задачай будзе ажыцьцяўленьне агульнага маніторынгу і каардынацыі бясьпечнай навігацыі ў Чорным моры.
Аднак кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны не ўдакладніў, якую менавіта схему праходу караблёў праз Чорнае мора зацьвердзілі на кансультацыях.
13 ліпеня замежныя СМІ паведамлялі, што абмяркоўваецца такі парадак праходу караблёў, калі ўкраінскія марскія сілы суправаджаюць іх празь мінныя палі, Расея бярэ на сябе абавязкі не нападаць у часе суправаджэньня караблёў, а Турэччына пры падтрыманьні ААН будзе аглядаць усе караблі, што накіроўваюцца ў Адэсу, каб не дапусьціць перамяшчэньня на іх узбраеньня. Апошняга патрабуе расейскі бок.
Пасьля вызваленьня вострава Зьмяінага ў Чорным моры зьявілася магчымасьць пастаўляць украінскае збожжа на сусьветны рынак па рацэ Дунай.
Паводле Міністэрства інфраструктуры Ўкраіны, за апошнія чатыры дні прайшлі 16 гандлёвых караблёў, яшчэ больш за 90 чакаюць на рэйдзе Сулінскага каналу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 702 мільёны чалавек у сьвеце галадаюць. ЗША: адказнасьць за крызіс у галіне харчовай бясьпекі нясе РасеяПерамовы ў Стамбуле
13 ліпеня ў Стамбуле вайсковыя дэлегацыі Ўкраіны, Расеі і Турэччыны пры ўдзеле прадстаўнікоў ААН правялі кансультацыі аб разблякаваньні марскога маршруту паставак украінскага збожжа.
Як паведамляе BBC News, на гэтай сустрэчы ўжо абмяркоўваюць магчымую схему. Паводле яе, як сьцьвярджаюць дыпляматычныя крыніцы агенцтва Reuters, украінскія марскія сілы будуць суправаджаць караблі са збожжам празь мінныя палі, Расея бярэ на сябе абавязкі не нападаць у часе суправаджэньня караблёў, а Турэччына пры падтрымцы ААН будзе аглядаць усе караблі, што накіроўваюцца ў Адэсу, каб не дапусьціць перамяшчэньня на іх узбраеньня. Апошняга патрабуе расейскі бок.
У выніку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне зьнішчаныя некалькі вялікіх тэрміналаў, у якіх захоўвалася збожжа мінулага ўраджаю. Пасьля акупацыі часткі ўкраінскага поўдня расейскія войскі выкрадалі збожжа і перамяшчалі яго ў Крым для далейшага продажу на замежным рынку. Адначасова расейская армія заблякавала ўкраінскія марскія парты, празь якія ажыцьцяўляліся пастаўкі збожжа з Украіны.
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш неаднаразова заяўляў, што ўжо ў 2022 годзе ў шэрагу краін можа наступіць голад, а ў 2023-м сытуацыя будзе яшчэ горшая. Вайну ва Ўкраіне ён называе адной з галоўных, але не адзінай прычынай гэтага.
Па словах Гутэрыша, ААН працягвае перамовы з бакамі канфлікту аб магчымасьці экспарту прадуктаў з Украіны і ўгнаеньняў з Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэцкі маршрут украінскага збожжа: як Расея вывозіць яго з акупаваных раёнаў караблямі бяз трэкераў з падвойнай дакумэнтацыяй