«Працуе шэсьць дзён на тыдзень, сартуе „бубкі“». Ігар Лосік за кратамі 748 дзён

Ігар Лосік

У наваполацкай калёніі палітвязьню, журналісту Свабоды пакуль не дазваляюць спатканьняў з роднымі.

Пасьля адмовы ў абскарджаньні прысуду Ігара Лосіка этапавалі адбываць пакараньне ў Наваполацкую калёнію. Жонка Ігара Дар’я расказвае, што атрымала ад мужа адразу некалькі лістоў, дзе ён апісвае свае апошнія навіны.

«Ігар працуе шэсьць дзён на тыдзень, бо стаіць на ўліку як экстрэміст, — расказвае Дар’я. — Напісаў, што сартуе „плястмасавыя бубкі“. Што гэта значыць, ён не патлумачыў. Але сказаў, што белыя кладуць на адзін бок, а чорныя — на іншы. Колькі яму плацяць за гэта, я ня ведаю. Спытаю ў наступным лісьце. Гэта капейкі. На дадатак у нас ёсьць пазоў ад дзяржавы. Мяркую, частка з гэтых грошай пойдзе на пагашэньне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістцы Кацярыне Андрэевай вынесьлі новы вырак: яшчэ 8 гадоў і 3 месяцы зьняволеньня

Па словах Дар’і, на здароўе Ігар больш ня скардзіцца. Але цяпер ён мае нашмат менш вольнага часу, чым было ў СІЗА.

«Піша, што цяпер няма часу, нават каб ліст напісаць, — кажа Дар’я. — Калі раней пісаў па лісьце ў дзень, то цяпер значна радзей. Піша, што ў калёніі ёсьць тэлевізар і па ім ідзе НТВ. Паставіў шмат сумных смайлікаў. Ведаю таксама, што пад’ём у іх а пятай раніцы, але больш дакладна пра распарадак дня не магу нічога сказаць. Агулам настрой лістоў у Ігара цяпер ня тое каб пазытыўны, але хаця б нэўтральны. Раней лісты бывалі настолькі нэгатыўныя, што цяжка было часам нават іх дачытаць за раз».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замовілі піцу — прыехала міліцыя. Як і за што затрымлівалі Зьмітра і Насту Дашкевічаў, якіх цяпер судзяць за «масавыя беспарадкі»

Па словах Дар’і, Ігар запісаўся ў чаргу на тэлефонны званок дадому. Для гэтага яна яму выслала адмысловую тэлефонную картку. Званіць вязьні з калёніі маюць права раз на тыдзень, але Ігару Лосіку гэтую магчымасьць абмежавалі да двух разоў на месяц праз «экстрэмісцкі» статус. Час званка загадзя невядомы, на яго могуць паклікаць у любы момант.

«Ігар напісаў мне, што ўжо можна прывезьці яму перадачу, — дадае Дар’я. — Расказаў таксама, што пакой кароткатэрміновых спатканьняў у наваполацкай калёніі цяпер на рамонце, таму іх нікому не даюць. Ён запісаўся ў чаргу, але калі нам дазволяць спатканьне, невядома. Верагодна, гэта адбудзецца толькі празь некалькі месяцаў, калі адміністрацыя калёніі ня вырашыць пазбавіць Ігара такога права».

Па словах Дар’і, Ігару па-ранейшаму лісты даходзяць толькі ад блізкіх родных. Пры гэтым і ад самой Дар’і лісты жорстка цэнзуруюць. У прыватнасьці, усе эканамічныя навіны Беларусі, якія яна спрабавала расказаць Ігару, былі выкрасьленыя.

«Новых заўваг ад адміністрацыі пакуль няма, — расказвае Дар’я. — Ігар чалавек спакойны. Пакуль толькі адна ёсьць — за няякаснае галеньне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволенага Ігара Лосіка ў калёніі паставілі на прафіляктычныя ўлікі і зрабілі вымову

14 сьнежня 2021 году Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. За кратамі Ігар з 25 чэрвеня 2020 году — 748 дзён. Напісаць палітвязьню можна па адрасе: ПК № 1, 211440, г. Наваполацак, вул. Тэхнічная, 8.