«Было б прасьцей, каб мы бачылі перад сабой зьвяроў. А яны ўсьміхаюцца». Эмацыйнае апошняе слова Зьмітра Дашкевіча ў судзе

Зьміцер Дашкевіч

14 чэрвеня агучылі прысуд Зьмітру і Насьце Дашкевічам у судзе Маскоўскага раёну Менску. Пару асудзілі за ўдзел у маршы пратэсту ў жніўні 2020 году.

Працэс вяла судзьдзя Тацяна Пірожнікава. 14 ліпеня яна вынесла вырак: Зьмітра асудзіць на 1,5 года калёніі, Насту пакараць 3 гадамі «хатняй хіміі». Іх абвінавачвалі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту пасля выбараў у 2020 годзе. Месяц таму Наста нарадзіла чацвёртае дзіця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шматдзетным бацькам Зьмітру і Насьце Дашкевічам прысудзілі 1,5 года калёніі і 3 гады «хатняй хіміі» адпаведна

Свабода займела запіс апошняга слова Зьмітра Дашкевіча. Гэтую прамову ён сказаў 11 ліпеня. На жаль, якасьць аўдыё не дазваляе дасканала распазнаць усё, што гаварыў Зьміцер на працэсе, таму мы прыводзім ягоныя словы ў невялікім скароце.

Зьмітра і Насту Дашкевічаў сілавікі затрымалі сёлета 23 сакавіка. У момант затрыманьня Наста была цяжарная. Неўзабаве яе адпусьцілі да суду дадому, сам Зьміцер увесь гэты час заставаўся пад вартай. Працэс у справе сужэнцаў пачаўся ў Маскоўскім судзе Менску 11 ліпеня і скончыўся ў гэты ж дзень спрэчкамі бакоў. Зміцер выступіў на працэсе з апошнім словам, а дзяржаўная абвінаваўца запрасіла для абаіх сужэнцаў па 1,5 года пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі можа зьявіцца першае палітзьняволенае немаўля. Што чакае чацьвёртае дзіця Дашкевічаў

Нядаўна ў сужэнцаў нарадзіўся сын. Старэйшай дачцэ Дашкевічаў Мары — 8 гадоў, сыну Давіду — 6, дачцэ Магдалене — 3 гады.

Апошняе слова Зьмітра Дашкевіча ў судзе

«Канечне, я разумеў, што мяне чакае, але тое, што я пачуў ад пракурора, гэта вышэй за разуменьне [...].

Ісус даў нам уладу адпусьціць грахі чалавеку ці пакараць. Які павінен быць грэх, што маці чацьвярых дзяцей, немаўляткі неданошанага, просяць пасадзіць у турму?
Я часам задаю сабе пытаньне, што думаюць гэтыя людзі, [...] калі просяць выносіць прысуды. Было б прасьцей, каб мы бачылі перад сабой зьвяроў. А так яны ходзяць, усьміхаюцца. Сьледчыя, якія пішуць гэтыя справы, просяць прабачэньня, усьміхаюцца, цукеркі носяць на закрыцьцё справы [...].

Летась я стаяў [...], калі да мяне падышла дзяўчына са сьлязамі на вачах. Кажа: «Вось даведалася, што вы тут стаіце, прыйшла папрасіць прабачэньня». Я не зразумеў, пра што яна гаворыць. Кажа: «Тата мой у 2004 годзе даў вам 14 сутак, памятаеце?» А я вельмі добра запомніў, таму што гэта быў адзіны выпадак, калі мне 14 сутак давалі. І вось праз 17 гадоў да мяне падышла дачка судзьдзі і сказала: «Прабачце [...]». Напэўна, адзін з самых шчымлівых момантаў за гэтыя больш чым 20 гадоў [...]. Я не пасьпеў у яе запытаць, але напэўна яна размаўляла з татам, тата думаў пра гэта ўсе гады. Даючы мне 14 сутак, выразна разумеў, што ён робіць беззаконьне. Нават 14 сутак, хоць у той момант я ня вельмі расстроіўся б і 14 гадам. А тут па паўтара мы года просім матулі зь немаўляткам на руках.


Што адбываецца зараз, немагчыма зразумець. Калі падчас арышту мяне білі пры маёй жонцы цяжарнай і казалі: «Что говорит этот человек? Пусть говорит нормально. Пусть нормально разговаривает». Калі везьлі ў машыне, гэты губопавец сказаў: «Я б цябе зьнішчыў толькі за тое, што ты дзяцей [...]» Я кажу: «Паслухай, што я раблю ня тое?» Ён: «Ну вось лісты пішаце, мы пазнаходзілі там лісты, далучылі да крымінальнай справы». Знайшлі лісты, якія дзеці нашыя пісалі Марыі Калесьнікавай: «Маша, мы молімся за цябе, мы любім цябе». Вось гэта злачынства — дзеці пішуць лісты палітвязьням.

Калі мяне арыштоўвалі на Акрэсьціна па крымінальнай справе, таксама губопаўцы сьмяяліся: «Жонка будзе нараджаць у турме». Я думаў, што гэта самы страшны дзень у маім жыцьці, але сёньня, напэўна, яшчэ страшнейшы.

Настачка, прабач мне, што я цябе ў гэта ўцягнуў. Ня мог уявіць ніколі, што такое можа з намі адбыцца. Я ўвесь час разважаў, што я нясу гэты крыж, але я ня мог падумаць у страшным сьне, што я ўскладу гэты крыж на цябе. Даруй мне, што я так мала думаў пра цябе. Я кахаю цябе і малюся за цябе і за нашых дзетак, за неданошанага Даніільчыка нашага [...] (плача). Ты сьвятая жанчына [...]. Я ня ведаю такіх [...]. Даруй, што я падвёў цябе.

Я не разумею, што адбывацца [...]. Людзі з вышэйшымі юрыдычнымі адукацыямі лічаць, што злачынца — гэта той, хто супраць гвалту выйшаў, а ня той, хто робіць гвалт. Злачынцамі яны лічаць таго, хто хоча праўды, а не таго, хто кажа: «Часам не да законаў». Спадзяюся на Божую волю, хоць я не разумею, што адбываецца, скажу вам так.

У тым, што такая сыстэма ня можа існаваць, няма сумневу. Я проста зычу вам, судзьдзі, пракуроры, падумаць пра душу сваю. Я заўсёды кажу на судах (хоць гэта і бессэнсоўна): Ісус Хрыстос кажа — што ты дасі за душу сваю, калі прыйдзе дзень суду справядлівага? Што ты дасі за душу сваю, калі будзе суд сапраўдны? Вы назвалі сябе судом. Бог называе сябе судом. Імя Бога — судзьдзя. І я адказваю: прыйшоў судзьдзя і судзіў мяне справядліва за тое, што выйшаў 23-га зь дзецьмі і раздаваў буклеты «Малітва за Беларусь», Бібліі раздаваў. У дзень сапраўднага суду вы нічога не дасьцё за сваю душу. І дай Бог, каб вашы дзеці праз 17 гадоў ці праз 17 месяцаў, ці вы самі прыйшлі і сказалі: «Прабач». І, бачыць Бог, не жадаю нікому з вас зла. Адзінае, каб вы трошку задумаліся, што вы робіце, ці ёсьць нешта, што б вы не зрабілі, калі вам загадаюць, ці ёсьць для вас нейкія межы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзіла Някляева, адправіла за краты студэнта. Што вядома пра судзьдзю з працэсу Дашкевічаў