«Камуналка вырасла амаль утрая»: як улады Беларусі помсьцяць эмігрантам

У сакавіку ўрад Беларусі вырашыў браць аплату за кватэру з эмігрантаў па поўнай. Глядзім, як вырасьлі плацяжы.

Калі грамадзянін Беларусі ня плаціць падаткаў і выехаў за мяжу з 1 сакавіка 2022 году больш як на 30 дзён, улады вырашылі браць зь яго павышаную камуналку. Павышаную таму, што ў Беларусі дзяржава нібыта аплачвае частку камунальных паслуг за людзей (ніхто ніколі не паказваў дакладных разьлікаў).

Наколькі вырасла камуналка

Мянчанка Сьвятлана (імя зьмененае) зьехала зь Беларусі напрыканцы 2020 году. У сьнежні трохпакаёўка ў Менску ёй абыходзілася ў 73 рублі, а ўжо ў наступныя месяцы аплата вырасла ў 2,3 раза, бо на радзіме яе прызналі дармаедкай (пацьверджаньні ўсіх разьлікаў ёсьць у рэдакцыі).

Жыхарка Мастоў таксама зьехала зь Беларусі ў 2019 годзе. У 2022 годзе камунальныя паслугі пачалі абыходзіцца ёй удвая даражэй — за двухпакаёўку 161,97 рубля за сакавік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнікі Ціханоўскай і МЗС Беларусі выступілі ў ААН на тэму ўстойлівага разьвіцьця краіны. Што казалі бакі?

Мянчук Вадзім працуе і жыве за межамі Беларусі ўжо 20 гадоў. У студзені 2021 году ягоная двухпакаёўка ў Менску каштавала 40 рублёў на месяц. А ўжо ў студзені 2022-га — 115 рублёў. Розьніца амаль утрая.

«Зьбіраўся прыяжджаць часта на адпачынак — я наогул жыву ў Брытаніі ўжо 20 гадоў, — кажа ён. — Але цяпер небясьпечна, дый складана ехаць у Беларусь. Кватэра засталася ад мамы. Недзе ў 2021-м мяне перакваліфікавалі ў дармаеда, бо дасылаць дакумэнты з працы ў Вялікай Брытаніі мне ў галаву не прыходзіла. Дый як? Перакладаць увесь шматстаронкавы кантракт, хадзіць завяраць і г.д.? Гэта будзе каштаваць больш, чым эканомія на камуналцы. Кватэра пустая стаіць, пакуль я ў разгубленасьці, што зь ёю рабіць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія населеныя пункты Беларусі могуць пацярпець ад украінскіх ракетных удараў па расейскіх аб’ектах. МАПЫ

Таксама ўзьнікаюць цяжкасьці і з аплатай камунальных паслуг замежнымі карткамі.

«З аплатай камунальных паслуг яшчэ такая цікавая рэч, што замежныя карткі не прымаюцца — АРІП не прымае згодна зь нейкай пастановай. Думаю, гэта закране тых, хто зьехаў і так проста ня можа вярнуцца. Я аплачваю праз знаёмых», — кажа Вадзім.

Калі прыгледзецца да жыровак, то бачна, за кошт чаго адбываецца падаражэньне — гэта тарыф на гарачую ваду і цяпло. Да прызнаньня «дармаедам» іх лічаць па 20,6 рубля за гігакалёрыю, а пасьля прызнаньня тарыф вырастае да 118,8 рубля за гігакалёрыю.

Што можна зрабіць

У пастанове Саўміна аб прызнаньні людзей «дармаедамі» напісана, што незанятымі ў эканоміцы ня лічацца тыя, хто атрымлівае прыбытак ад здачы ў арэнду жылых і нежылых памяшканьняў ці машына-месцаў. Для гэтага патрэбна скласьці афіцыйную дамову арэнды, а з даходу сплаціць падатак.

Калі вы ў Беларусі і дзяржава прызнала вас «дармаедам», то можна стаць рамесьнікам, тады давядзецца плаціць збор у 62 рублі раз на год. Таксама можна стаць сябрам творчага саюзу, аднак амаль усе недзяржаўныя творчыя саюзы ў Беларусі ці то ліквідавалі, ці то ліквідуюць.

Ну, і самы просты варыянт — прадаць кватэру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навацыі ў заробках бюджэтнікаў, «пераклічка» дармаедаў. Што зьменіцца з 1 ліпеня

Крыху гісторыі

Дэкрэт Лукашэнкі «Аб прадухіленьні сацыяльнага ўтрыманства», ён жа «дэкрэт пра дармаедаў», як яго называюць у народзе, зьявіўся ў красавіку 2015 году. Ягоная сутнасьць была ў тым, што людзі, якія пастаянна жывуць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў «фінансаваньні дзяржаўных расходаў», то бок папросту не працавалі цягам 183 ці больш каляндарных дзён у годзе, мусяць сплаціць дзяржаве 20 базавых велічыняў.

Першыя квітанцыі на сплату пачалі прыходзіць людзям у 2017 годзе — пад дэкрэт падпалі і беларусы, якія вучыліся за мяжой, і фрылансэры, у базу траплялі і проста памылкова. Тады па ўсёй Беларусі пачаліся пратэсты супраць гэтага дэкрэту, у Менску і іншых гарадах зьбіраліся мітынгі.

Пасьля гэтага дзеяньне дэкрэту прыпынілі, а ў студзені 2018 году ў яго ўнесьлі зьмены. Паводле іх працаздольныя грамадзяне, якія не занятыя ў эканоміцы, мусяць плаціць за камунальныя паслугі па поўных тарыфах са студзеня 2019 году. У сакавіку 2022-га ўлады вырашылі, што да дармаедаў можна дадаць і эмігрантаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі абнавілі базу дармаедаў. Ці трапілі ў яе палітычныя ўцекачы і зьняволеныя?