Праваабаронца з Human Constanta Наста Лойка і прававы аналітык Тацяна Зінякова падчас онлайн-сустрэчы, арганізаванай Press Club Belarus, прадставілі апошні агляд выкарыстаньня «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства ў Беларусі з красавіка па чэрвень 2022 году.
Агляды, як адзначыла Лойка, фіксуюць тэндэнцыі прымяненьня антыэкстрэмісцкага заканадаўства, зьмены ў заканадаўстве на тэму «экстрэмізму», паказваюць прыклады спраў і статыстыку, павышаюць абазнанасьць у рэпрэсіўных практыках.
Іх асновай паслужылі аналіз канкрэтных крымінальных спраў, зьвязаных з «экстрэмізмам», маніторынг мэдыя (дзяржаўных і незалежных), а таксама сайтаў/каналаў дзяржаўных органаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады прызналі «экстрэмісцкімі» значкі з ахвярамі гвалту сілавікоў — Тарайкоўскім і ШутавымШто новага напісалі ў законах
Тацяна Зінякова адзначыла, што ўнікальнасьць беларускага заканадаўства ў тым, што паняцьце «экстрэмізму» ў Беларусі распаўсюджваецца ў тым ліку на:
- «незаконныя» масавыя мерапрыемствы,
- распаўсюджваньне «заведама ілжывых зьвестак» аб становішчы Беларусі,
- абразы прадстаўнікоў улады,
- «дыскрэдытацыю» органаў улады.
Крымінальна караюцца таксама «садзейнічаньне» і «праходжаньне навучаньня» экстрэмізму, яго «публічнае апраўданьне».
Зінякова падкрэсьліла, што групы грамадзян могуць прызнавацца «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» без суду, а «экстрэмісцкай сымболікай» лічацца і выявы раней асуджаных за экстрэмізм людзей.
- З кастрычніка 2021 году ў заканадаўстве зьявіліся «экстрэмісцкія фармаваньні» (зафіксавана 20 новых выпадкаў за апошнія 2 месяцы. Усяго іх цяпер 69).
- Зьявіліся новыя крымінальныя справы за стварэньне, кіраўніцтва і ўдзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» (арт. 361-1 КК) (Вольга Залатар, «Прамень», Уладзімер Мацкевіч і іншыя).
- Узмацненьне адказнасьці (сьмяротнае пакараньне за замах на «тэрарызм»).
- Новы склад злачынства за «генацыд беларускага народу» (арт. 130-2 КК) — пакуль не зафіксавана ніводнага выпадку.
- Адказнасьць за заклікі да санкцый (арт. 361 КК) (вядома сама меней пра 2 справы).
- «Экстрэмізм» як падстава для пазбаўленьня грамадзянства (зьмены ў заканадаўства ўведзены летам мінулага году).
Апошнія тэндэнцыі і статыстыка
Наста Лойка, расказваючы пра тэндэнцыі, якія былі зафіксаваныя Human Constanta у галіне «экстрэмізму» за красавік—чэрвень 2022-га і апошні год у цэлым, зьвярнула ўвагу, што калі першы агляд арганізацыі за лістапад-сьнежань 2019 году займаў 2 старонкі, то 12-ы — ужо 30. Гэта гаворыць аб павелічэньні маштабу перасьледу за так званы «экстрэмізм».
Павялічылася колькасьць спраў за распальваньне варожасьці — пасьля 28 верасьня 2021 году (хваля затрыманьняў грамадзян у сувязі з пакінутымі ў інтэрнэце камэнтарамі ў справе Зельцара) і 24 лютага 2022 году (за камэнтары пра вайну).
Праваабаронцы адзначылі, што на гэты момант колькасьць затрыманых у Беларусі за ўдзел у «экстрэмісцкай дзейнасьці» складае 426 (на 30.06.2022).
Пры гэтым Наста Лойка падкрэсьліла, што пра шмат якія справы, зьвязаныя з «актамі тэрарызму», няма публічнай інфармацыі.
За красавік — чэрвень 2022 году назіраецца рост спраў «экстрэмісцкай скіраванасьці», у тым ліку:
- новыя крымінальныя справы ў сувязі з вайной ва Ўкраіне за «рэйкавыя атакі» (з ужываньнем фізычнай сілы і агнястрэльнай прылады пры затрыманьні), зь перадачай інфармацыі пра расейскую тэхніку (11 спраў) і з жаданьнем ваяваць на баку Ўкраіны (5 спраў), затрыманьні блогераў (2);
- больш за ўсё спраў — за «распальваньне варожасьці» (24 справы і 18 судоў, паводле даступных дадзеных), «экстрэмісцкае фармаваньне» (37 затрыманьняў, 7 прысудаў, яшчэ 3 суды чакаюцца найбліжэйшым часам);
- упершыню выкарыстоўвалі артыкулы за «фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці», і «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі»;
- прадстаўнікоў СМІ судзяць за здраду дзяржаве;
- 2 першыя «экстрэмісцкія арганізацыі» — пярвічка незалежнага прафсаюзу на «Гродна-Азоце» і ТАА «Тут Бай Медыа»;
- 3 новыя выпадкі блякаваньня сайтаў Human Rights Watch, руху «За свабоду», і выданьня «Українська правда»
Што рабіць, каб ня трапіць пад рэпрэсіі за «экстрэмізм»?
Прававы аналітык Тацяна Зінякова і праваабаронца Human Constanta Наста Лойка адзначылі, што палітычна матываваны перасьлед за праяву «экстрэмізму» — гэта парушэньне свабоды выказваньня думак, прадугледжанай як артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь, так і артыкулам 33 Канстытуцыі РБ.
Сытуацыя будзе пагаршацца, пазытыўных прагнозаў на гэты момант няма, мяркуюць экспэрткі.
Каб пазьбегнуць перасьледу, зьвязанага з экстрэмісцкай дзейнасьцю, Наста Лойка і Тацяна Зінякова заклікалі беларусаў больш дэталёва вывучаць прыклады завядзеньня крымінальных спраў за «экстрэмісцкую дзейнасьць» і выконваць правілы інфармацыйнай бясьпекі.
Мэта ўладаў — запалохаць грамадзян краіны, таму важна чытаць пэрсанальную ацэнку рызык і зыходзячы з гэтага выбіраць стратэгію сваіх паводзін у інфармацыйнай прасторы, таксама важна паведамляць пра ўзьніклыя праблемы мэдыя і праваабаронцам, лічаць Зінякова і Лойка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ТАА «Тут Бай Медыа» прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй і ліквідавалі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў закон, які дазваляе расстрэльваць за «замах на тэрарызм»