З 15 красавіка беларускія ўлады ўвялі бязьвізавы ўезд у краіну для грамадзян Літвы і Латвіі, а з 1 ліпеня — і Польшчы. Як «бязьвіз» паўплываў на жыцьцё ў памежжы — у рэпартажы DW.
З афіцыйнага паведамленьня Дзяржпамежкамітэту Беларусі вынікае, што магчымасьць для бязьвізавага ўезду ў краіну дадзеная «ў мэтах падтрыманьня добрасуседзкіх адносін». Пры гэтым для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы не патрабуецца ПЦР-тэстаў, а колькасьць паездак не абмежаваная (галоўнае, каб агульны тэрмін знаходжаньня ў Беларусі па «бязьвізе» не перавышаў 90 дзён за год). Дзейнічаць гэты парадак будзе да 31 сьнежня 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хутка чарга будзе да Беластоку». Што адбываецца на польска-беларускай мяжы. Рэпартаж СвабодыРэакцыя на «бязьвіз» беларускіх уладаў і краінаў ЭЗ
Паводле інфармацыі беларускага памежнага ведамства, з моманту пачатку дзеяньня «бязьвізу» ў краіну заехалі амаль 114 тысяч жыхароў Літвы і Латвіі. Што да грамадзян Польшчы, то за дзесяць бязьвізавых ліпеньскіх дзён Беларусь наведала каля паўтысячы чалавек.
Мяркуючы па заявах Менску, улады разьлічваюць, што дадзеная грамадзянам сумежных дзяржаваў ЭЗ магчымасьць без атрыманьня візы наведаць Беларусь будзе мець не толькі эканамічны эфэкт. «Гэта абсурд — з прычыны палітыкаў, палітыканаў суседніх краін разрываць чалавечыя кантакты», — заявіў у эфіры дзяржтэлебачаньня прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
У сваю чаргу, прадстаўнікі польскіх уладаў раяць сваім грамадзянам пазьбягаць паездак у Беларусь па «бязьвізе». Намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Павал Яблоньскі нагадаў, што з тэрыторыі Беларусі працягваюцца напады на Ўкраіну. «Стаўленьне Беларусі, як да Ўкраіны, гэтак і да Польшчы, — варожае. Калі нехта пабывае на тэрыторыі краіны, якая ставіцца да Польшчы як да ворага, то павінен усьведамляць рызыку», — папярэдзіў Яблоньскі.
Раней падобныя заявы рабілі і ў зьнешнепалітычных ведамствах Літвы і Латвіі, заклікаючы грамадзян сваіх краін адмовіцца ад паездак у Беларусь, каб ня стаць «аб’ектам правакацый з боку беларускіх спэцслужбаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь працягнула бязьвізавы ўезд грамадзянам Літвы і Латвіі да канца 2022 годуШто выгадна везьці зь Беларусі?
Жыхар літоўскага гораду Зарасай Максім, чые сваякі жывуць у Беларусі, у размове з DW пацьвердзіў, што на мяжы часам папярэджваюць, што часта езьдзіць у Беларусь непажадана. «Ня тое каб існавалі нейкія абмежаваньні, але калі чалавек езьдзіць па некалькі разоў на тыдзень, то да яго могуць быць пытаньні ў мытні і памежнікаў», — кажа Максім.
Паводле яго, перш за ўсё гэта тычыцца ўвозу аўтамабільнага паліва, кошт якога ў Беларусі прыкметна ніжэйшы, чым у сумежных краінах ЭЗ:
«Ужо нельга везьці ў Літву бэнзін у каністрах, а цяпер ходзяць чуткі, што паездкі ў Беларусь дазволяць не часьцей як раз на месяц. Спадзяюся, што гэта толькі чуткі».
Адказваючы на пытаньне, чым яшчэ, акрамя таннага бэнзіну і цыгарэт, закупляюцца літоўцы падчас візытаў у Беларусь, да размовы падключылася Галіна, Максімава маці.
«Бяром касмэтыку і абутак, вельмі падабаюцца мясцовыя малочныя прадукты, але іх у ЭЗ на сваёй машыне ўвозіць нельга. А так часам некаторыя беларускія тавары аказваюцца ў Літве таньнейшыя, чым у самой Беларусі», — сказала суразмоўца DW.
Пры гэтым найбольш засмучае тых жыхароў краін ЭЗ, хто наведвае Беларусь па «бязьвізе», сытуацыя на мяжы.
«Каля пунктаў пропуску цяпер шмат машын, вырасьлі чэргі, але тэрыторыя не добраўпарадкаваная. Даводзіцца стаяць у сьпякоту на пляцоўцы, якая не абараняе ад сонечных промняў і непагадзі», — наракае Максім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва ўзмацняе кантроль за перасячэньнем мяжы з боку Беларусі. У чым прычынаНа мяжы з Польшчай — чэргі
Вялікая колькасьць машын цяпер і на памежных пераходах на выезд зь Беларусі ў Польшчу. Аднак відавочцы кажуць, што зь «бязьвізам» гэта ня надта зьвязана. «Едуць у асноўным беларусы: машын з польскімі нумарамі зусім няшмат, і, наколькі я разумею, іх уладальнікі маюць візы, а таму перасякалі мяжу і раней», — дзеліцца інфармацыяй жыхар Брэста Аляксандар (імя зьмененае), чыя праца зьвязаная з маніторынгам сытуацыі ў пункце пропуску «Варшаўскі мост».
Паводле слоў Аляксандра, цяперашні ажыятаж на граніцы зьвязаны з сэзонам адпачынкаў і тым, што аўтамабільныя памежныя пераходы сталі адзінай магчымасьцю для беларусаў пакінуць краіну ў напрамку ЭЗ пасьля адмены чыгуначных і авіяцыйных зносінаў.
«З прычыны каранавірусных абмежаваньняў амаль два гады ў многіх грамадзян Беларусі былі праблемы з выездам у адпачынак за межы краіны. Раней ратавала Ўкраіна, але пасьля пачатку вайны гэты маршрут цалкам закрыты», — тлумачыць берасьцеец.
А Сяргей, яшчэ адзін жыхар Берасьця, удакладняе, што беларусы зноў пачалі «езьдзіць у Польшчу на шопінг», бо пасьля ўвядзеньня санкцыяў бытавая тэхніка і прадукты з так званых «недружалюбных краін» у Беларусі заўважна падаражэлі.
«Калі палякаў у нас могуць цікавіць толькі бэнзін і цыгарэты, то з Польшчы вязуць шмат чаго — і пыласмокі, і тэлевізары. Асабліва выгадным таварам сталі айфоны», — адзначае Сяргей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завяршылася будаўніцтва сьцяны паміж Польшчай і БеларусьсюЦі паўплываў «бязьвіз» на паток турыстаў з ЭЗ?
Вэрсію наконт таго, што ўвядзеньне «бязьвізу» для грамадзян суседніх краін ЭЗ ня надта ажывіла гандаль у беларускім памежжы, пацьвярджаюць і супрацоўнікі крамаў у Берасьці.
«Польскіх пакупнікоў мы амаль ня бачым, хоць наш гіпэрмаркет — за два кілямэтры ад пункту пропуску. Атрымліваецца, што палякі або запраўляюцца бэнзінам проста каля памежнага пераходу і едуць назад, або — у рэдкіх выпадках — рухаюцца ўглыб Беларусі», — паведаміла супрацоўніца буйной гандлёвай сеткі.
Берасьцейская экскурсаводка Вольга даўно і мэтанакіравана працуе з турыстамі з Польшчы, але таксама пакуль не заўважыла эфэкту для прадстаўнікоў яе прафэсіі ад увядзеньня «бязьвізу».
«Тыя, хто цікавіцца гісторыяй і жадае ўбачыць славутасьці Беларусі, прыяжджалі сюды па візе, і яе атрыманьне не было для іх фактарам стрымліваньня. Значна важней адчуваць сябе ў бясьпецы падчас турпаездкі, і каб яна была камфортная», — лічыць Вольга. І дадае, што цяперашняя сытуацыя ў Беларусі наўрад ці можа спрыяць прытоку турыстаў з краін ЭЗ.