Ці можа барацьба з польскасьцю перарасьці ў змаганьне зь беларускасьцю

Могілкі ў Мікулішках былі зьнішчаныя ўладамі

Апошнім часам у шэрагу месцаў Горадзенскай вобласьці былі зьнішчаны польскія надмагільлі і помнікі польскіх жаўнераў. У асноўным гэта тычыцца магіл вайскоўцаў Арміі Краёвай, але ня толькі.

Сьцісла:

  • Барацьба з польскімі могілкамі — працяг афіцыйнага курсу на канфрантацыю з Польшчай.
  • Польская тэма ідзе ў зьвязку з афіцыйнай ідэалягічнай кампаніяй супраць «нацызму».
  • Вельмі падобна, што наступнай ахвярай стане постаць Кастуся Каліноўскага.
  • Справа ідзе да таго, што ў сваім змаганьні з польскасьцю ўлады пераступаюць тонкую мяжу і пачынаюць змагацца зь беларускасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы пра зьнішчэньне магіл жаўнераў АК у Беларусі: «Нагадвае змрочныя старонкі гісторыі камунізму»

Безумоўна, гэтая барацьба з могілкамі — працяг афіцыйнага курсу на канфрантацыю з Польшчай як асноўным правадніком палітыкі Захаду. Польская дзяржава была абвешчана амаль што асноўным ворагам Беларусі адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Лукашэнка шмат разоў заяўляў, што Польшча зьбіраецца пачаць вайну зь Беларусьсю, хоча захапіць і далучыць ці то Горадзенскую вобласьць, ці то ўсю заходнюю частку краіны. Адначасова дзяржаўныя мэдыя распальвалі варажнечу да беларускіх палякаў, абвінавачвалі іх у вывешваньні на дамах польскіх сьцягоў. Быў гучны скандал з забаронай на ўезд у Беларусь кіраўніку каталіцкай царквы Тадэвушу Кандрусевічу.

Апошнім часам ваяўнічыя заявы афіцыйных асоб Беларусі на адрас заходніх суседзяў узмацніліся. Так, пэўны рэзананс мелі пагрозы ўдарыць ракетамі па Польшчы, выказаныя намесьнікам начальніка Генштабу Русланам Касыгіным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генштаб Беларусі: Захад рыхтуецца да ваенных дзеяньняў на ўсходнім кірунку

Прычым польская тэма ідзе ў зьвязку з афіцыйнай ідэалягічнай кампаніяй супраць «нацызму». У дакумэнтах праваахоўных органаў, напрыклад, у абвінавачваньнях кіраўніцтва Саюзу палякаў Беларусі жаўнеры Арміі Краёвай пастаўлены ў адзін шэраг з нацыстамі.

Варта адзначыць, што адначасова і ў Расеі адбываюцца нядобразычлівыя дзеяньні ў дачыненьні да мэмарыялаў у памяць расстраляных польскіх ваеннапалонных у Катыні і Медным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перамога ў вайне — гэта шанец вярнуцца ў Беларусь». Гутарка з 56-гадовым добраахвотнікам палку Каліноўскага

Вядома ж, тут можна шмат разважаць пра тое, што Армія Краёва якраз вяла барацьбу зь нямецкімі фашыстамі. І пра тое, што барацьба з могілкамі і нябожчыкамі — гэта неяк не па-хрысьціянску, нагадвае вяртаньне да паганства.

Але на афіцыйным узроўні ўзяты курс на барацьбу зь любой праявай польскасьці ў Беларусі. І тут ужо не да сантымэнтаў.

Хто наступная ахвяра на гэтым шляху? Вельмі падобна, што ёю стане постаць Кастуся Каліноўскага. Дасюль яго бэсьцілі толькі афіцыёзныя прапагандысты. Але мала хто зьвярнуў увагу на рэпліку, якая прагучала ў выступе Лукашэнкі на ўрачыстым паседжаньні 2 ліпеня, прысьвечаным Дню Незалежнасьці. Ён адзначыў, што беларускі народ змагаўся «з польскімі паўстанцамі, якіх тыя ж сяляне хапалі і здавалі царскім уладам, бо не жадалі вяртацца пад польскі прыгнёт». То бок паўстаньні на тэрыторыі Беларусі супраць Расеі цяпер афіцыйна абвешчаны польскімі. У тым ліку і паўстаньне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцячы і не вярнуцца. Чаму Лукашэнку не дае спакою тэма «беглых»

Гэта радыкальны разварот ад афіцыйнага ідэалягічнага канструкту 2019 г. Нагадаю, што ў тым годзе ў Вільню на перапахаваньне Кастуся Каліноўскага была накіравана афіцыйная дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Ігарам Петрышэнкам. Той падчас урачыстасьцяў заявіў, што дзейнасьць Кастуся Каліноўскага «зьвязаная зь перарастаньнем беларускага нацыянальна-культурнага руху ў барацьбу за беларускую дзяржаўнасьць у форме народаўладзьдзя». І празрыста намякнуў, што Лукашэнка — ідэйны нашчадак Каліноўскага.

Цяпер жа ўсё моцна памянялася. Мяркую, вялікае ўражаньне на ўладных чыноўнікаў зрабіла тое, што ва Ўкраіне зьявіўся батальён імя Каліноўскага, потым ён перарос у полк. Ягоныя кіраўнікі абвясьцілі, што як толькі яны завершаць справу ва Ўкраіне, то пойдуць вызваляць Беларусь ад Лукашэнкі.

Гледзячы па ўсім, справа ідзе да таго, што ў сваім змаганьні з польскасьцю ўлады пераступаюць тонкую мяжу і пачынаюць змагацца зь беларускасьцю. І зусім не зьдзіўлюся, калі ў рамках трэнду барацьбы з Польшчай і ідэйнага яднаньня з Расеяй вуліца імя Кастуся Каліноўскага ў менскім Зялёным Лузе будзе перайменавана ў вуліцу імя царскага генэрал-губэрнатара Міхаіла Мураўёва.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.