Хроніка перасьледу 11 ліпеня: 4.5 года калёніі за абразы Лукашэнкі, юрыстку судзяць за дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій

Суд у Магілёве

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

Бабруйчаніна асудзілі на 4.5 гадоў калёніі за абразы Лукашэнкі

У Магілёўскім абласным судзе вынесьлі прысуд жыхару Бабруйска Анатолю Яскевічу, піша «Вясна».

Па матэрыялах сьледзтва, у траўні 2021 года, выкарыстоўваючы навіну аб крушэньні ваеннага самалёта ў горадзе Баранавічы і гібелі дваіх лётчыкаў, у TikTok 35-гадовы мужчына «сыстэматычна разьмяшчаў у адкрытым доступе відэазвароты, накіраваныя на распальваньне сацыяльнай варожасьці і розьні ў дачыненьні да супрацоўнікаў сілавых ведамстваў».

Таксама ў той час ён запісаў тры відэа ў TikTok, у якіх «зьняважыў кіраўніка дзяржавы, ілжыва абвінаваціў яго ў цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах».

У выніку, судзьдзя Ігар Зямцоў абвінаваціў Яскевіча паводле ч. 1. арт. 130 КК і ч. 2 арт. 368 КК РБ і прысудзіў яму 4 гады 6 месяцаў зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 8 ліпеня: у Івацэвічах затрымалі журналіста Дайліда; актывісту Булаўскаму прысудзілі 30 дзён арышту

За «фінансаваньне пратэставай дзейнасьці» судзяць Вольгу Ялцэвіч

У Берасьцейскім абласным судзе 11 ліпеня судзьдзя Яўген Брэган пачынаецца разгляд крымінальнай справы жыхаркі Докшыцаў Вольгі Ялцэвіч па абвінавачваньні ў фінансаваньні пратэставай дзейнасьці (ч. 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса).

Палітзьняволеную Ялцэвіч затрымалі 12 сьнежня 2021 года і да суда зьмясьцілі пад варту ў СІЗА № 7.

Жанчына мае юрыдычную адукацыю, да затрыманьня аказвала юрыдычныя паслугі ў якасьці прыватнага прадпрымальніка, паведамляюць праваабаронцы.

Першы раз Вольгу затрымалі 12 чэрвеня 2020 года ў Менску падчас кампаніі па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатаў на прэзыдэнцкія выбары. Суд Савецкага раёну асудзіў яе да 15 сутак арышту за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (24.23 ч.1 КаАП).

Вольга Ялцэвіч

Згодна з матэрыяламі сьледзтва, Вольга Ялцэвіч не пазьней за 12 жніўня 2020 года на розных інтэрнэт-рэсурсах ад імя аднаго з замежных фондаў апублікавала інфармацыю аб зборы грошай для падтрымкі грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій пасьля масавых пратэстаў. Яна нібыта з 13 жніўня па 19 сьнежня 2020 года аплочвала сумы штрафаў, паслугі адвакатаў, дзяржаўную пошліну за падачу скаргаў іншую дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 9 ліпеня: ксяндза са Смаргоні аштрафавалі за «захоўваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 8 ліпеня: у Івацэвічах затрымалі журналіста Дайліда; актывісту Булаўскаму прысудзілі 30 дзён арышту