У лясных пажарах у Партугаліі пацярпелі 29 чалавек

Лясныя пажары ў Партугаліі

Больш за 3000 пажарных і 30 самалётаў тушылі лясныя пажары ў нядзелю ў Партугаліі. Агонь ахапіў 500 гектараў лясоў.

Улады заявілі, што 12 пажарным і 17 цывільным асобам спатрэбілася мэдыцынская дапамога для лячэньня нязначных траўмаў, паведамляе партугальская дзяржаўная тэлевізія RTP.

Эўрапейскі зьвяз у нядзелю актываваў праграму дапамогі паветранаму флёту для тушэньня пажараў, якая дазваляе краінам-сябрам дзяліцца рэсурсамі для дапамогі Партугаліі, якая даўно цярпіць ад буйных лясных пажараў. У 2017 годзе яны цалкам выйшлі з-пад кантролю і забралі жыцьці звыш 100 чалавек.

Празь зьмену клімату кантынэнт чакае адзін з самых цяжкіх гадоў для стыхійных бедзтваў, такіх як засухі і лясныя пажары. У Гішпаніі пажар на паўднёвым захадзе прымусіў улады ў якасьці меры засьцярогі эвакуаваць з дамоў 30 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледаваньне: зьмена клімату істотна ўплывае на надвор’е

У чэрвені 96% тэрыторыі Партугаліі былі клясыфікаваны як «экстрэмальная» ці «моцная» засуха. Пажары прымусілі ўлады ўзмацніць ужо існуючы стан гатоўнасьці. Урад Партугаліі абвясьціў 9 ліпеня рэжым павышанай гатоўнасьці, які працягнецца да пятніцы.

«Гэта азначае, што мы можам аўтаматычна і прэвэнтыўна актываваць усе пляны надзвычайных сытуацый і грамадзянскай абароны на ўсіх тэрытарыяльных узроўнях», — сказаў міністар унутраных спраў Хасэ Луіс Карнэйра.

У асобных раёнах Партугаліі тэмпэратура сягае 43 градусаў Цэльсія. У краіне ўведзены абмежаваньні, якія забараняюць наведваньне лясоў, якія лічацца асабліва небясьпечнымі, забаронена выкарыстаньне сельскагаспадарчай тэхнікі і фаервэркі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Італія абвясьціла надзвычайнае становішча ў рэгіёнах каля ракі По — яна перасыхае