Мы запыталіся ў чытачоў Свабоды ў сацыяльных сетках пра нечаканыя месцы, якія варта наведаць у Беларусі, і сабралі адказы ў гайд. Апошняя публікацыя нашага цыклю — пра Менскую вобласьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Берасьцейская вобласьць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Віцебская вобласьць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Гомельская вобласьць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Горадзенская вобласьць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Магілёўская вобласьць1. Прастора аўтара рэвалюцыйнай «Евы» і палац Манюшкаў-Ваньковічаў
Пасёлак Сьмілавічы, Чэрвеньскі раён, Менская вобласьць
Пасёлак — за 30 кілямэтраў ад Менску. Тут можна «завіснуць» на цэлы дзень.
Галоўная адметнасьць — палацава-паркавы комплекс Манюшкаў-Ваньковічаў, помнік XIX–XX стагодзьдзяў. Там былі два палацы, злучаныя аранжарэяй, і парк. Сядзібу пачынаў будаваць дзед Станіслава Манюшкі на месцы замка XVI стагодзьдзя. У апошнюю вайну дом, дзе жыў славуты кампазытар, разбурылі.
Музэй Станіслава Манюшкі пераехаў у Сьмілавічы ў 2019 годзе. У «Музычнай гасьцёўні» можна даведацца пра жыцьцё і творчасьць кампазытара.
Яшчэ адзін музэй у пасёлку называецца «Прастора Хаіма Суціна», ён прадстаўляе творчасьць мастакоў Парыскай школы. Аўтар добра вядомай беларусам «Евы» нарадзіўся тут, у Сьмілавічах, як і ягоны паплечнік Файбіш-Шрага Царфін.
На ўскрайку Сьмілавічаў — габрэйскія могілкі XVIII стагодзьдзя. Яны закінутыя, некаторыя надмагільлі моцна ўрасьлі ў зямлю.
А яшчэ ў Сьмілавічах працуе адзіная ў Беларусі фабрыка валёнкаў.
За 10 хвілін дарогі ад Сьмілавічаў, у вёсцы Ляды, дагэтуль дзейнічае мужчынскі праваслаўны манастыр. Заснавалі яго, праўда, як грэка-каталіцкі — яшчэ ў 1732 годзе.
Your browser doesn’t support HTML5
2. Пешы шпацыр па вузкакалейцы ў Белай Лужы
Вёска Белая Лужа, Узьдзенскі раён, Менская вобласьць
Вёска Белая Лужа — за 70 кілямэтраў ад Менску. У самой вёсцы можна ўбачыць парэшткі зруйнаванай драўлянай капліцы на могілках.
Каля вёскі пачынаецца вузкакалейка. Яна належыць Старобінскаму торфабрыкетнаму заводу. Вытворчасьць — у пасёлку Гацук. Торф сюды з 1964 году прывозяць вузкакалейкаю з Узьдзенскага, Слуцкага, Пухавіцкага раёнаў. Маляўнічы шлях ідзе празь лясы і гаі, балоцістыя мясьціны, дзе-нідзе відаць ручаі і паваленыя бабрамі дрэвы. На пэўным адрэзку рэйкі праходзяць над трасай Р23.
Сюды прыяжджаюць, каб прайсьціся пешкі ўздоўж вузкакалейкі. Шпацыр можа заняць некалькі гадзін.
Калі зьберацеся там пагуляць, будзьце асьцярожныя каля чыгункі і каля дрыгвы.
3. Пачвара возера Балдук
Мядзельскі раён, Менская вобласьць
Балдук параўноўваюць з шатляндзкім возерам Лох-Нэс, дзе нібыта жыве і часам паказваецца людзям лахнэская пачвара — нешта накшталт падводнага цмока.
На пачатку 2000-х гадоў розныя людзі ня раз казалі, што бачылі ў водах Балдука некага вялікага і страшнага. Хтосьці бачыў горб над вадой ці то ў мэтар даўжынёй, ці то ў некалькі мэтраў, які плыў па возеры і то зьнікаў, то паказваўся. Іншыя заўважалі, як пад вадой доўгая агромістая жывёліна гоніць перад сабой касяк рыб і падымае вялікую хвалю. Адны думалі, што гэта вялізны сом, іншыя — што падводная зьмяя, хтосьці верыў, што ў Балдук заплыў дэльфін.
Ці існуе балдуцкая пачвара і хто яна насамрэч, мы адказаць не бяромся, але вы можаце дасьледаваць гэта самі. Толькі будзьце пільныя!
Балдук — гэта найбуйнейшае возера з групы 13 невялікіх, але даволі глыбокіх Блакітных азёраў на тэрыторыі Менскай і Віцебскай абласьцей. Яго ваколіцы ўключаныя ў запаведную зону. Турысты могуць знаходзіцца на паўночнай частцы возера.
Адно з самых прыгожых і другое па велічыні возера Глубля мае выразны і насычаны сіне-зялёны колер вады. Яго забясьпечваюць сьветлыя карбанатныя пароды на дне. Глубля і дало назву ўсёй групе азёраў.
Статус найбольш таямнічага носіць возера Мёртвае. Пад ім — 300-мэтровая поласьць, напоўненая серавадародам.
У навакольлі Блакітных азёр дзейнічаюць аграсядзібы і турыстычныя базы. Распрацаваныя экалягічныя сьцежкі, пракладзеныя маршруты для раварыстаў і пешых турыстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 маляўнічых беларускіх азёр для летняга адпачынку4. Драўляная ўніяцкая царква ў Строчыцах (Азярцы)
Менскі раён, Менская вобласьць
Аўтэнтычная царква XVII–XVIII стагодзьдзяў — гэта толькі адзін з экспанатаў музэю народнай архітэктуры і побыту пад адкрытым небам, куды перавезьлі старыя пабудовы з усёй Беларусі. Ідуць спрэчкі, да якой канфэсіі належала сьвятыня, аднак усе сыходзяцца на тым, што першапачаткова яе будавалі як уніяцкую.
У музэі вы таксама можаце ўбачыць, як раней выглядалі беларускія хаты, цэрквы, студні, млыны, іншыя гаспадарчыя пабудовы. Тут сабраныя прадметы побыту з розных рэгіёнаў Беларусі, вырабы з керамікі і саломкі.
5. Салігорскія тэрыконы
Салігорскі раён, Менская вобласьць
Пэйзажы пад Салігорскам параўноўваюць з касьмічнымі альбо марсіянскімі. Тэрыконы — гэта горы, якія ўтварыліся пасьля здабычы сыльвініту, зь якога атрымліваюць калійную соль. Радовішча называюць адным з найбагацейшых, а «Беларуськалій» — адным з найбуйнейшых вытворцаў калійных мінэральных угнаеньняў у сьвеце.
Горад тут пабудавалі, калі адкрылі радовішча, — у 1958 годзе.
6. Самы стары бровар Беларусі
Маёнтак Малыскаўшчына, вёска Наднёман, Узьдзенскі раён, Менская вобласьць
У вёсцы Наднёман пачынае свой шлях рака Нёман. Тут жа сядзіба Наркевічаў-Ёдкаў. У 1823 годзе маёнтак Малыскаўшчына выкупіў шляхціц Ануфрый Наркевіч-Ёдка. На тэрыторыі сядзібы стаяў двухпавярховы бровар 1831 году, які лічыцца самым старым у Беларусі.
Потым сядзіба перайшла сыну Ануфрыя Якубу, лекару, прыродазнаўцу, прафэсару электраграфіі і магнэтызму. Ён стварыў на базе маёнтка першую ў Беларусі мэтэаралягічную станцыю. Праводзіў экспэрымэнты з выкарыстаньнем электрычнасьці, дасьледаваў электрамагнітнае выпраменьваньне ў мэдыцыне. Тут працавала бясплатная лякарня для незаможных вяскоўцаў.
Якуб Наркевіч-Ёдка распрацаваў новы мэтад лячэньня — электратэрапію. Яе прымянялі ў шпіталях Рыма, Парыжа і Флярэнцыі.
На пачатку ХХ стагодзьдзя апошнія гаспадары зьехалі зь сядзібы. Маёнтак разрабавалі, ён доўга стаяў закінуты і руйнаваўся. Апошнім часам яго пачалі аднаўляць.
Побач з маёнткам ёсьць дэндрапарк памерам амаль 5 гектараў.
7. Тарпаны ў Налібацкай пушчы
Стаўпецкі раён, Менская вобласьць
Тарпаны — гэта мяшанцы хатніх і дзікіх коней. Яны жылі на тэрыторыі Беларусі некалькі стагодзьдзяў таму, а на пачатку XIX стагодзьдзя вымерлі ва ўсім сьвеце.
Штучна тарпанаў зноў вывелі ў польскай частцы Белавескай пушчы. У 2019 годзе паўтары сотні тарпанавідных коней завезьлі ў Налібацкую пушчу зь Нідэрляндаў. Цяпер табун можна ўбачыць у парку, коні там жывуць у натуральных умовах.
У Налібацкай пушчы можна пакатацца на ровары, наткнуцца на схаваныя лясныя вёсачкі, пакупацца ў возеры Кромань. Тут таксама добра назіраць за зорамі. Лясныя абшары цягнуцца зь Меншчыны на Горадзеншчыну і падзеленыя паміж Наваградзкім, Карэліцкім і Івейскім раёнамі.
8. Музэй «Стары Менск»
Вёска Гарадзішча, Менскі раён, Менская вобласьць
Цалкам беларускамоўная сядзіба-музэй месьціцца за 7 кілямэтраў ад МКАД. Яе заснавалі ў 2020 годзе. Тут можна ўбачыць каля паўтысячы экспанатаў, знойдзеных на раскопках старажытнага Менску археолягамі Акадэміі навук, а таксама макет Менскага замка ХІ стагодзьдзя. За 150 мэтраў ад сядзiбы — замкавыя валы Х стагодзьдзя, на якіх пачынаўся Менск.
9. Любанскія крэйдавыя кар’еры
Любанскі раён, Менская вобласьць
Адну зь пяці беларускіх лякацый для фота на фоне «Мальдываў» можна знайсьці пад Слуцкам, а дакладней — каля вёскі Хоцінава ў Любанскім раёне Менскай вобласьці.
Каля вёскі Хоцінава Любанскага раёну цягам 1979–1999 гадоў на дзьвюх пляцоўках здабывалі крэйду, каб рабіць зь яе вапну, якая ішла на сылікатную цэглу. Нарыхтоўку вяла філія № 6 камбінату будаўнічых матэрыялаў ААТ «Беларускі цэмэнтны завод». Пасьля 20-гадовага выманьня пароды запасы вычарпаліся, транспартэры дэмантавалі, экскаватары вывезьлі.
Два адпрацаваныя кар’еры неўзабаве запоўнілі вадой. Так пасярод сасновага бору паўсталі блакітныя азёры, або «беларускія Мальдывы» — пры пэўнай долі фантазіі смарагдавая паверхня і белыя схілы сапраўды могуць выклікаць асацыяцыі з роўнядзьдзю акіяну.
Купацца тут сьмяротна небясьпечна. Найбольшую небясьпеку становіць вялікая глыбіня кар’ераў, дзе-нідзе аж да 40 мэтраў. А яшчэ вельмі сьлізкія стромыя схілы, за якія практычна немагчыма зачапіцца — глеба кансыстэнцыяй нагадвае мокрую гліну. За апошнія гады тут патанулі больш за дзясятак чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Купацца сьмяротна небясьпечна. «Любанскія Мальдывы» так і не дачакаліся інвэстара. ФОТА10. Парк інтэрактыўнай гісторыі ў вёсцы Сула
Стаўпецкі раён, Менская вобласьць
Парк месьціцца за 50 кілямэтраў ад Менску. Гэта фактычна цэлая вёска на беразе ракі Сула, дзе можна прасачыць гісторыю Беларусі ад каменнага веку да сучаснасьці. Сядзібны комплекс месьціцца сярод парку, якому ўжо 300 гадоў. Тут можна наведаць стаянку старажытнага чалавека, убачыць, як жылі варагі, і пакатацца на дракары, паглыбіцца ў сярэднявечча, папрацаваць у збройнай майстэрні, зайсьці ў гатычны замак, завітаць у вінадзельню і траўную аптэку. Экспазыцыі Сулы прысьвечаныя гісторыі адукацыі і асьветы, шляхецкай славе, ткацтву, батлейцы, шапавальству.
11. Астравы на возеры Сялява
Крупскі раён, Менская вобласьць
Да вадасховішча Сялява ехаць паўгадзіны ад Крупак. Адметнасьць Сялявы — тры астравы пасярод вады, самы вялікі зь іх — плошчай каля 2 кв. км. Сюды едуць і на рыбалку, і пакупацца. На беразе ёсьць гасьцявыя домікі.
12. Касьцёл у Беніцы
Вёска Беніца, Маладачанскі раён, Менская вобласьць
Касьцёл Сьвятой Тройцы пабудавалі ў 1704 годзе ў стылі барока. Паводле легенды, у 1700 годзе сям’я Коцелаў, якой належала сядзіба ў Беніцы, ехала ў Ашмяну. У момант, калі яны спыніліся адпачыць, коні панесьлі павозку, дзе была толькі малая дачка. Бацька Міхаіл Казімір Коцел стаў на калені і пачаў маліцца да Маці Божай, каб дзяўчынка ацалела. Як кажа легенда, у той жа момант ашалелыя коні спыніліся. На знак падзякі гаспадар вырашыў пабудаваць у Беніцы касьцёл.
Храм перадалі манахам-бэрнардынам. Тыя збудавалі побач з касьцёлам двухпавярховы кляштар, пры якім працавала школа. У 1948 годзе касьцёл закрылі савецкія ўлады і зрабілі там склад. Сёньня касьцёл закінуты, але захаваўся досыць добра.
Сама Беніца вядомая з XV стагодзьдзя. Тут спыняліся Напалеон Банапарт падчас вайны 1812 году, Міхал Агінскі, Тамаш Зан, Ян Ходзька, Станіслаў Манюшка, Напалеон Орда, Уладзіслаў Сыракомля, Францішак Багушэвіч.
13. Самае вялікае возера Беларусі
Мядзельскі раён, Менская вобласьць
Нарач — гэта адзін з сымбаляў Беларусі, самае вялікае возера ў краіне. Ягоная плошча — амаль 80 квадратных кілямэтраў, сярэдняя глыбіня — 8,9 мэтра, а максымальная — да 24,8 мэтра каля ўсходняга берага, насупраць вёскі Гатавічы.
Але, пакупаўшыся ў Нарачы, можна атрымаць цэркарыёз — запаленьне скуры. У Нарачы спадзісты спуск у ваду, прыбярэжная вада добра выграваецца, што правакуе актывізацыю мікраарганізмаў. Затое вада ў возеры вельмі празрыстая — бачнасьць дасягае 10 мэтраў.
Ужо на пачатку ХХ стагодзьдзя на Нарачы існавалі прыватныя вілы, рэстаран, яхт-клюб, курсавалі дачныя цягнікі. А пасьля таго, як у 1946 годзе знайшлі крыніцы мінэральных водаў і гаючую гразь, тут стварылі курорт.