Другі акт вандалізму за сёньняшні дзень адбыўся ў Ваўкавыску.
«Яшчэ адно польскае месца памяці ў Беларусі разбуранае! Зьнішчанае пахаваньне салдат Арміі Краёвай у Ваўкавыску»,— напісаў Занеўскі.
8 ліпеня СМІ паведамілі аб разбурэньні месца пахаваньня партызан польскай Арміі Краёвай ля вёскі Качычы Карэліцкага раёна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнішчэньне крыжоў на польскіх магілах працягваецца, цяпер і ў Карэліцкім раёнеЗнос крыжоў у Качычах — працяг скандалу са зносам польскіх пахаваньняў у Беларусі, што ў Варшаве назвалі «дзяржаўным вандалізмам». У МЗС Польшчы заявілі, што ўлады Беларусі за апошнія тыдні зьнішчылі польскія надмагільлі і помнікі ў Багданах, Бабровічах, Дындылішках, Іўі, Ашмянах, Ядкевічах, Мікулішках. Улады або не прызнаюць факт зьнішчэньня, або гавораць пра «перапахаваньне» парэштак.
Польскі Інстытут нацыянальнай памяці ў камэнтары для Радыё Свабода адзначыў, што з трывогай і абурэньнем успрыняў інфармацыю пра зьнішчэньне магілаў жаўнераў Арміі Краёвай у Мікулішках.
«Хочам адзначыць, што разбурэньне месцаў пахаваньня супярэчыць усім нормам міжнароднага супрацоўніцтва і звычайнай чалавечай павагі да нябожчыка. У гэтым мы бачым вяртаньне да самых змрочных, барбарскіх часоў таталітарных рэжымаў ХХ стагодзьдзя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча запатрабавала ад уладаў Беларусі спыніць выпадкі апаганьваньня магіл польскіх жаўнераўПазыцыя ўладаў Беларусі
Міністэрства замежных спраў 7 ліпеня выклікала часовага паверанага ў справах Польшчы Марціна Вайцяхоўскага.
Паводле МЗС, дыплямат быў выкліканы «ў сувязі зь нематываванай занепакоенасьцю польскага боку сытуацыяй зь месцам паблізу вёскі Мікулішкі Ашмянскага раёну Горадзенскай вобласьці, якое ў польскіх СМІ чамусьці называецца „брацкай магілай польскіх салдатаў“».
Міністэрства заявіла, што, «паводле інфармацыі мясцовых органаў улады, на тэрыторыі дадзенага населенага пункта вайсковых пахаваньняў і пахаваньняў замежных вайскоўцаў не зарэгістравана».