Да 5 гадоў турмы, але часта ўмоўна. Як ва Ўкраіне караюць за падтрымку агрэсіі Расеі ў сацсетках і размовах

Ілюстрацыйнае фота

Тры судовыя гісторыі (этнічнай беларускі, пракурора і жыхаркі Марыюпалю) пра тое, як ва Ўкраіне караюць за публічную падтрымку ваеннай агрэсіі Расеі. 

«Каб сваякі ў Беларусі ведалі, што жывая»

У горадзе Умані Чаркаскай вобласьці этнічную беларуску, грамадзянку Ўкраіны, пакаралі адным годам пазбаўленьня волі з выпрабаваньнем цягам году за тое, што ставіла «падабайкі» ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» пад публікацыямі, якія апраўдвалі агрэсію Расеі супраць Украіны.

Цяпер яна год мусіць адзначацца ў органах прабацыі, а таксама не выяжджаць з Украіны без дазволу і паведамляць аб зьменах месца свайго жыхарства, навучаньня ці працы.

Жанчына нарадзілася ў вёсцы Янава Веткаўскага раёну Гомельскай вобласьці, мае сярэднюю адукацыю, пэнсіянэрка. Паводле сьледзтва, з 27 сакавіка па 12 красавіка яна паставіла «падабайкі» пад 8 публікацыямі «наўмысна, з матываў непрыняцьця дзейнай украінскай улады і ўхваленьня палітыкі краіны-агрэсара».

У часе судовага разгляду справы жанчына пацьвердзіла гэты факт, але патлумачыла, што рабіла гэта для таго, каб ейныя сваякі, якія жывуць у Беларусі, бачылі, што яна жывая і зь ёй усё добра. У судзе жанчына паведаміла, што не падтрымлівае расейскай агрэсіі, а ад яе пачатку займаецца валянтэрствам — шые форму для Ўзброеных сіл Украіны. Яна папрасіла суд не караць яе строга — выстаўленае абвінавачаньне ёй пагражала абмежаваньнем або пазбаўленьнем волі на тэрмін да пяці гадоў з або без канфіскацыі маёмасьці.

Суд прызначыў умоўнае пакараньне, бо жанчына раскаялася і прызнала сваю віну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тыя нямногія, хто выступае за ўдзел Беларусі ў вайне, не асабліва лічаць сябе беларусамі». А як беларусы ставяцца да вайны?

Пазбавілі доступу да дзяржаўнай тайны

Служба бясьпекі Ўкраіны прызначыла праверку ў дачыненьні да пракурора Корасьценьскай акруговай пракуратуры, калі выявіла, што той далучыўся да дзьвюх суполак у сацыяльных сетках «ВКонтакте» і «Одноклассники» — «Беларусь 365» і «Беларусь. Все обо Всем!». Публікацыі ў гэтых суполках, якія маюць вялікую колькасьць падпісчыкаў, але апошнім часам не такія актыўныя, маюць прарасейскую накіраванасьць і падтрымку дзейнай улады Беларусі.

Па выніках праверкі пракурору скасавалі доступ да дзяржаўнай тайны. Цяпер ён праз суд аспрэчвае гэтае рашэньне і спрабуе давесьці, што «не спрыяў дзейнасьці замежнай дзяржавы ці яе прадстаўнікам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пляваць на законы, калі гінуць дзеці!». Беларус ваюе за Расею і езьдзіць у адпачынак дахаты

Дзякуючы дзецям і працы не пазбавілі волі

Ураджэнка Харкава, грамадзянка Ўкраіны, якая жыла ў Марыюпалі і хавалася ад абстрэлаў у бомбасховішчы Марыюпальскай камэрнай філярмоніі, расказвала, што мірных грамадзян і сацыяльную інфраструктуру абстрэльвае ўкраінскае войска.

У часе сваёй эвакуацыі з Марыюпалю ў Запарожжа на дарозе праз ужо захопленыя Расеяй населеныя пункты яна вітала расейскіх вайскоўцаў і прасіла іх як мага хутчэй захапіць Марыюпаль і Запарожжа, у якіх, паводле яе, знаходзяцца нацысты, якія зруйнавалі Марыюпаль і не даюць спакойна жыць.

У судзе жанчына «шчыра каялася» і прызнала сваю вінаватасьць. Згодна з крымінальным заканадаўствам Украіны, ёй за апраўданьне агрэсіі Расеі пагражала да пяці гадоў абмежаваньня або пазбаўленьня волі. Суд прызнаў яе злачынства цяжкім і прызначыў пяць гадоў пазбаўленьня волі, але ўлічыў, што яна мае працу і ўтрымлівае дваіх малых дзяцей, і вызваліў яе ад адбываньня пакараньня з выпрабаваньнем цягам двух гадоў.

У той жа час у Дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў Украіны зьмяшчаецца шмат выракаў, паводле якіх грамадзяне атрымліваюць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, але вельмі рэдка па максымальна магчымай санкцыі (5 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці).

Пераважна судзьдзі караюць трыма гадамі абмежаваньня ці пазбаўленьня волі, але і гэта ў тых выпадках, калі грамадзяне адначасова з апраўданьнем расейскай агрэсіі абвінавачваюцца яшчэ і ў дзяржаўнай здрадзе. Усе такія грамадзяне маюць права абскардзіць такі вырак. Гэтым правам карыстаюцца ўсе асуджаныя, але пакуль апэляцыйныя справы ў стадыі разгляду.

Тым часам у Беларусі і Расеі сілавыя органы выяўляюць і караюць вялікімі тэрмінамі пазбаўленьня волі тых грамадзян, якія выказваюць антываенную пазыцыю і падтрымку Ўкраіне ў вайне з Расеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніякіх зносін з пракрамлёўскай уладай». У Кіеве адрэагавалі на заяву Лукашэнкі аб пастаўках збожжа празь Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка: пад Менскам пачалі будаваць ангары пад расейскія «Іскандэры», былых беларускіх вайскоўцаў вярбуюць у ПВК «Ліга»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.