З Расеяй беларусы зьмірыцца могуць, з вайной — не.
Сьцісла:
- Прапаганда працуе і дае эфэкт толькі ў тым выпадку, калі яна трапляе ў фокус каштоўнасьцяў людзей.
- Сацыёлягі пацьвердзілі пераважную ляяльнасьць беларусаў да РФ.
- Адначасова зафіксавалі дамінаваньне антываенных настрояў.
- Непрыняцьце вайны перабівае ў беларускай масавай сьвядомасьці ляяльнасьць да Расеі.
- Выхад на першы плян пытаньня геапалітычнага выбару, зыходзячы з дадзеных сацыялёгіі, сёньня нявыгаднае для апазыцыі.
Першая і галоўная выснова палягае ў тым, што пацьвярджаецца вядомы сацыялягічны пастулят: прапаганда працуе і дае эфэкт толькі ў тым выпадку, калі яна трапляе ў фокус каштоўнасьцяў людзей.
Вайна ва Ўкраіне стварыла ў беларускім грамадзтве канфлікт двух каштоўнасьцяў: добрае стаўленьне да Расеі і непрыманьне вайны як сацыяльнай зьявы.
Сацыёлягі пацьвердзілі пераважную ляяльнасьць беларусаў да РФ. Паводле апытаньня Chatham House, станоўча і вельмі станоўча ставяцца да Расеі 71% апытаных. Паводле апытаньня прафэсара Вардамацкага, 66% грамадзян Беларусі лічаць, што беларусы і расейцы — адзін народ. Сацыялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што інтэграцыю з Расеяй падтрымліваюць у 1,5-2 разы больш рэспандэнтаў, чым саюз з ЭЗ.
А вось калі справа тычыцца вайны ва Ўкраіне, дык тут рэй вядуць антываенныя настроі. Па ацэнках прафэсара Вардамацкага, ухваляюць вайну Расеі ва Ўкраіне 40%, не ўхваляюць — 51% беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Полюсы» беларускага грамадзтва татальна не прымаюць адзін аднаго — ацэнка сацыёлягаПаводле Chatham House, расейскую вайну ўхваляе толькі траціна, а не падтрымліваюць — 43% грамадзян. Прычым адназначных праціўнікаў вайны ў два з паловай разы больш, чым адназначных прыхільнікаў. Толькі 14% рэспандэнтаў чакаюць пазытыўных наступстваў вайны, а нэгатыўных — 55%.
Грамадзтва ў большасьці не ўхваляе падтрымку беларускімі ўладамі расейскай агрэсіі і расейскую ваенную прысутнасьць тут. Дазвол на выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі станоўча ацаніла 41%, адмоўна — 47% беларусаў (Вардамацкі). Паводле апытаньня Chatham House, толькі 24% рэспандэнтаў пазытыўна ставяцца да разьмяшчэньня тут расейскай вайсковай базы, супраць — 43%. Разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскай ядзернай зброі падтрымліваюць 20% беларусаў, не падтрымліваюць 45%.
То бок непрыняцьце вайны перабівае ў беларускай масавай сьвядомасьці ляяльнасьць да Расеі. Больш за тое, расейскія дзеяньні ва Ўкраіне разглядаюцца большасьцю беларусаў (няхай і адноснай) як пагроза. Напрыклад, пагроза сувэрэнітэту краіны. І Лукашэнка ў сваёй адназначнай падтрымцы Пуціна абапіраецца на меншасьць. І ніякая афіцыйная прапаганда ў падтрымку вайны не дае таго эфэкту, як у Расеі.
З другога боку, пераважна нэгатыўная ацэнка вайны РФ супраць Украіны не зьмяняе станоўчага стаўленьня беларусаў да Расеі як дзяржавы і расейскага народу. Нагадаю, інтэграцыю з Расеяй падтрымліваюць у 1,5-2 разы больш рэспандэнтаў, чым саюз з ЭЗ. І гэты геапалітычны раскол не на карысьць апазыцыі, якая абвясьціла курс на інтэграцыю ў Эўропу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стаўленьне беларусаў да дзеяньняў Расеі пагоршылася, да Расеі — не зьмянілася, — вынікі апытаньняПакуль ідзе вайна, улады са сваімі прыхільнікамі — у меншасьці. Тут апазыцыя можа ставіць знак роўнасьці паміж Лукашэнкам і вайной і будаваць на гэтым свае палітычныя кампаніі.
А вось калі вайна выносіцца за дужкі (яна спыніцца, пачнуцца перамовы), паводле лёгікі палітычнага працэсу, на першы плян можа выйсьці пытаньне геапалітычнага выбару. Што, зыходзячы з дадзеных сацыялёгіі, сёньня нявыгадна апазыцыі.
Падзеі 2020 году паказалі, што адмова ад геапалітычнага выбару сфармавала значную сытуатыўную большасьць на карысьць апанэнтаў улады. Вярнуць гэты стан у першапачатковым выглядзе немагчыма. Але лідэрам апазыцыі варта было б мець на ўвазе гэтую аптымальную мадэль. І сацыёлягі падказваюць магчымую опцыю. Паводле Вардамацкага, 52% беларусаў выступаюць за тое, каб Беларусь не ўваходзіла ні ў які вайскова-палітычны саюз, — ні ў АДКБ, ні ў NATO.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.