На мінулым тыдні — «Сбербанк», «Газпром», НЛМК, «Мечел».
У панядзелак — «Аэрофлот», «ФосАгро», «Совкомфлот». Індэкс Маскоўскай біржы абваліўся зь мінулага тыдня ўжо на 8%.
Падзеньне з пачатку году складае 40 адсоткаў — гэта значыць, на столькі за гэты час абясцэніліся расейскія карпарацыі і ўкладаньні інвэстараў.
Эканоміка Расеі некалі была больш-менш рынкавай, або прынамсі існавала ў рынкавай сыстэме каардынат. Яе найбольш прыкметную частку складаюць «публічныя» кампаніі, чые акцыі можна (было) свабодна купіць на Маскоўскай ці нават Лёнданскай біржах. Гэтыя кампаніі мелі замежных інвэстараў і паступова вучыліся жыць паводле міжнародных стандартаў, быць адказнымі і празрыстымі перад грамадзтвам.
Расейскія карпарацыі нібыта бралі прыклад з заходніх: паглядзіце іхныя шыкоўныя сайты, пачытайце гадавыя справаздачы з прыгожымі фатаздымкамі і на добрай ангельскай мове.
Але ўсё гэта цяпер трохі нагадвае рэформы Пятра І. Можна пагаліць бароды, пераапрануцца ў эўрапейскія касьцюмы і запрашаць італійскіх архітэктараў будаваць палацы. Але па сутнасьці так і застацца дэспатычнай Залатой Ардой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стаўленьне беларусаў да дзеяньняў Расеі пагоршылася, да Расеі — не зьмянілася, — вынікі апытаньняЗмарнаваны плён 30 гадоў працы
Вялікі расейскі бізнэс, вядома ж, удзельнічае ў тым, што робіць расейская дзяржава, і заслугоўвае таго, што заслугоўвае. Нават многія прыватныя, падкантрольныя алігархам расейскія кампаніі пералічвалі мільёны даляраў у розныя пуцінскія фонды, нефармальна фінансавалі розныя інстытуты рэжыму: ад партыі «Единая Россия» да РПЦ.
Сумны анэкдот, які павінен заняць сваё месца ў падручніках гісторыі: адна вялікая расейская мэталюргічная кампанія зрабілася спонсарам... баявога атамнага падводнага крэйсэра. І той крэйсэр у гонар гэтай кампаніі нават перайменавалі. Звычайна ў гонар спонсараў пераймяноўваюць, скажам, спартовыя стадыёны — а тут субмарына з атамнай зброяй.
Проста таму, што ў аўтарытарнай дзяржаве немагчыма па-іншаму: альбо ты сплочваеш даніну, альбо ператвараесься ў Міхаіла Хадаркоўскага.
На ўсё гэта сьвет шмат гадоў заплюшчваў вочы, пакуль ня здарыўся 2014-ы, а потым і 2022 год.
Пару тыдняў таму адбыўся чарговы Пецярбурскі эканамічны форум. Мне калісь давялося пабываць на, можа, дзясятку такіх форумаў і ў якасьці журналіста, і ў якасьці ўдзельніка. Раней гэта быў найбуйнейшы фэст і кірмаш, дзе Расея прэзэнтавала сябе замежным інвэстарам. І вось цяпер гэты форум з пампэзнага «Давосу па-расейску» ператварыўся ў «Бальтазараў банкет». Нешматлікія малавядомыя эўрапейскія ўдзельнікі хавалі імёны і твары. Не хавалі сябе хіба што ўдзельнікі-талібы з Афганістану.
Так і ўвесь расейскі бізнэс прайшоў шлях ад жаданых партнэраў да парыяў і ізгояў. Трыццаць гадоў працы мільёнаў людзей — у тым ліку сумленнай працы — абнуляюцца ў нас перад вачыма.
З пачаткам вайны расейскія карпарацыі адышлі ў цень, перасталі публікаваць штоквартальную фінансавую справаздачнасьць, як звычайна рабілася раней. Але вось скончылася першае паўгодзьдзе 2022 году, і па ўсіх мінімальных стандартах яны будуць абавязаныя апублікаваць лічбы хаця б за гэты час.
І тут увесь сьвет, магчыма, пабачыць рэальны эфэкт ад вайны і санкцый на расейскай эканоміцы. Адмова плаціць дывідэнды падказвае, што карпарацыі, магчыма, проста ня маюць на гэта грошай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны: мэта Расеі зьмяніць уладу ва Ўкраіне засталася ранейшаю, Крэмль рыхтуецца да працяглай вайныПрыватызацыя магла прадухіліць вайну
Украіна сталася дэмакратыяй (хоць і ня самай узорнай), бо ў ёй існуе канкурэнцыя шматлікіх алігархічных груповак. У Расеі на пачатку нулявых гадоў утварылася адна пануючая групоўка на перакрыжаваньні спэцслужбаў, мафіі, дзяржаўнага кіраўніцтва і дзяржманаполій. Яна падпарадкавала сабе ўсе іншыя групоўкі. Праз свой манапольны непадкантрольны статус яна разьвязала вайну, дзе ўжо загінулі дзясяткі тысяч людзей.
У Беларусі ўсё яшчэ больш яскрава: буйны прыватны бізнэс, не завязаны на карумпаваную ўладу, так і не пасьпеў тут зьявіцца ў дзевяностыя. Ён толькі-толькі пачаў быў выкрышталізоўвацца ў галіне ІТ да 2020 году, але пасьля разгрому рэвалюцыі эміграваў з краіны.
Магчыма, адной з прычынаў таго, што здарылася з Расеяй, і было тое, што ў дзевяностыя гады прыватызацыя эканомікі не была завершаная. Пра тых ці іншых алігархаў можна сказаць шмат дрэннага, але яны прынамсі не разьвязваюць войнаў.
Магчыма, усім было б лепей, калі б той жа «Газпром» не застаўся дзяржаўнай маёмасьцю, але быў падзелены на часткі і распрададзены ў бясьпечныя прыватныя рукі, па магчымасьці замежныя. У якасьці дзяржаўнай кампаніі «Газпром» стаўся крыніцай непадкантрольных грошай для аўтарытарнага клептакратычнага рэжыму (паглядзіце нядаўні фільм каманды Навальнага пра багацьце генэральнага газпромаўскага дырэктара Мілера) і замежнапалітычнай зброяй, пра якую добра ведаюць і беларусы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ядзерны шантаж — галоўная выснова з сустрэчы Пуціна і ЛукашэнкіТое ж самае зь беларускімі «Беларуськаліем», Мазырскім і Наваполацкім НПЗ, на якіх трымаецца рэжым Лукашэнкі. Калі Беларусі зноў не пашанцуе, на іх зможа трымацца і якісьці новы аўтарытарны рэжым у будучыні.
Вага дзяржавы ў эканоміцы Расеі за апошнія паўтара дзесяцігодзьдзя «сьпелага пуцінізму» рэзка вырасла, і ў выніку вайны яна непазьбежна вырасьце яшчэ. Драбнейшыя прыватныя прадпрымальнікі ўцякаюць з краіны, а алігархі жывуць у чаканьні нацыяналізацыі сваіх актываў або пераводу эканомікі ў ваенны рэжым.
Таму «дэпуцінізацыя» Расеі, як і «дэлукашэнізацыя» Беларусі, будзе, наадварот, патрабаваць разьдзяржаўленьня эканомікі.
Дзяржава ў абедзьвюх краінах выявіла сябе кепскім ва ўсіх сэнсах мэнэджарам, якому нельга даваць пад аднаасобны кантроль зашмат няпрофільных рэсурсаў. Гэтыя рэсурсы нашмат лепш будуць служыць грамадзтву ў руках прыватных уладальнікаў з уласнымі інтарэсамі. Яны вялі б стасункі зь недасканалай дзяржавай хоць і не як роўныя, але прынамсі не як падначаленыя.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.