Навіны палітвязьняў: Алену Гнаўк два тыдні трымаюць у карцары; аднавіўся закрыты працэс над Ірынай Слаўнікавай

Турма. Ілюстрацыйнае фота

Праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1236 чалавек. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што перасьледаваных у палітычна матываваных справах значна болей.

65-гадовую актывістку Алену Гнаўк адміністрацыя баранавіцкага СІЗА пакарала «суткамі» ў карцары. Жанчына павінна была выйсьці адтуль 1 ліпеня, але яе не выпусьцілі. Агулам Алена знаходзіцца ў карцары ўжо два тыдні. Прычына — «адмова выконваць нейкае правіла СІЗА», паведамляюць сваякі актывісткі. Пры гэтым Алена ня страчвае бадзёрасьці духа і нават пачала пісаць кнігу «Рэпартаж з карцара».

17 чэрвеня палітзьняволеную асудзілі на тры з паловай гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 3200 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 65-гадовай актывістцы Алене Гнаўк прысудзілі 3,5 года калёніі за «паклёп на Лукашэнку»

Аднавіўся працэс над Ірынай Слаўнікавай

23 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе пачаўся закрыты суд над журналісткай TVP Ірынай Слаўнікавай. Яе абвінавачваюць у арганізацыі пратэстаў і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем.

Пасьля амаль двухтыднёвага перапынку працэс аднавіўся.

Напярэдадні аднаўленьня суду TVP Info пагутарыла з бацькам палітзьняволенай Аляксандрам Слаўнікавым.

Расказваючы пра першы дзень судовага пасяджэньня, Аляксандар са спасылкай на адвакатку адзначыў, што Ірына выступіла добра, упэўнена і годна. Па словах Аляксандра, ані сутнасьць абвінавачаньня, выстаўленага ягонай дачцэ, ані афіцыйная прычына, чаму паседжаньне зрабілі закрытым, невядомыя.

Тым ня менш, нягледзячы на сакрэтнасьць працэсу, Аляксандру ўдалося пабачыць дачку.

«Мне пашанцавала ў тым, што мяне выклікалі ў якасьці сьведкі, інакш бы такой магчымасьці не было. Ахова нікога не прапускала ў залю, дзьверы адчынялі настолькі вузка, наколькі неабходна для праходу чалавека — каб ня ўбачылі Ірыну ў клетцы. Але калі празь дзесьці гадзіну пасьля пачатку пасяджэньня мяне запрасілі даць паказаньні, я ўжо ўбачыў сваю дачку...»

Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі 30 кастрычніка 2021 году ў менскім аэрапорце, калі яны вярталіся з адпачынку. Сужэнцы адседзелі па 30 дзён адміністрацыйнага арышту: першыя 15 нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», другія 15 — за «дробнае хуліганства».

Празь нейкі час стала вядома, што Ірына Слаўнікава зрабілася падазраванай паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). А ў канцы красавіка 2022 году бацька Ірыны Аляксандар Слаўнікаў даведаўся, што ягонай дачцэ выставілі новае абвінавачаньне — «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня».

На пачатку чэрвеня Ірыну зь менскага СІЗА на Валадарскага перавялі ў гомельскае СІЗА-3.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жыць трэба тут, на Радзіме, і спрабаваць штосьці зьмяніць». Судзяць журналістку Ірыну Слаўнікаву

Фігуранта «справы Ціханоўскага» Ўладзімера Кнігу перавялі на турэмны рэжым

41-гадовага Ўладзімера Кнігу перавялі з папраўчай калёніі № 14 у Навасадах у горадзенскую турму № 1. Палітвязьню ўзмацнілі рэжым і перавялі на турэмны, піша «Вясна».

Кніга — былы сілавік, валянтэр каманды Сьвятланы Ціханоўскай. Яго асудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 і арт. 364. Уладзімера затрымалі 4 чэрвеня ў межах крымінальнай справы, пачатай пасьля выбарчага пікету 29 траўня 2020 году ў Горадні. 2 чэрвеня 2021 году пасьля доўгага судовага працэсу ў горадзенскім судзе Ўладзімеру прысудзілі 4 гады калёніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Новы адрас палітвязьня: турма № 1, 230023, г. Горадня, вул. Кірава, 1, Уладзімер Іванавіч Кніга.