У красавіку Бюро эканамічнай бясьпекі завяло справу паводле часткі 3 артыкулу 212 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, і на гэтай падставе суд арыштаваў больш за 300 вагонаў, якія належалі «Беларуськалію» і расейскаму «Уралкалію», а таксама фізычным асобам Беларусі і Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вайна ва Ўкраіне і санкцыі душаць экспарт калійных угнаеньняў зь БеларусіЗгодна з Крымінальным кодэксам Украіны, наўмыснае ўхіленьне ад аплаты падаткаў і збораў у асабліва вялікіх памерах караюцца штрафам ад 255 000 да 425 000 грыўняў (ад 9500 да амаль 16 000 даляраў у эквіваленце. —РС) з пазбаўленьнем права займаць адказныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю на тры гады з канфіскацыяй маёмасьці.
Аднак, як адзначаецца ў судовым рашэньні, па якім арыштавалі беларускія вагоны, перададзеныя ў кіраваньне агенцтву, што апэруе сканфіскаванай маёмасьцю (АРМА), сьледзтва пакуль ня вызначыла асобаў, якія зараблялі на незаконным гандлі беларускімі ўгнаеньнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна арыштавала беларускія і расейскія вагоны з угнаеньнямі на суму звыш $12 млнПаводле сьледчых, схема выглядала наступным чынам: угнаеньні ўвозіліся зь Беларусі на мытную тэрыторыю Ўкраіны. У дакумэнтах адзначалася, што гэтая прадукцыя будзе транспартавацца далей праз украінскую тэрыторыю ў порт або чыгункай з Ўкраіны ў эўрапейскія ці іншыя дзяржавы. На гэтым этапе перавозчык ці ўладальнік угнаеньняў заяўляў у мытні рэжым «транзыту» і ня сплачваў падаткі і зборы, якія трэба было б плаціць, калі б краінай прызначэньня ўгнаеньняў была Ўкраіна.
Але фактычна пасьля перасячэньня мяжы ўгнаеньні разгружаліся і рэалізоўваліся на тэрыторыі Ўкраіны. І такім чынам пастаўшчыкі зараблялі на нясплочаных у бюджэт мытных плацяжах. Паводле сьледзтва, вядзецца аб сумах ня менш як 10 мільёнаў грыўняў (амаль паўмільёна даляраў у эквіваленце. — РС).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да санкцыяў рыхтаваліся загадзя. Як працуе адзіны ва Ўкраіне дылер беларускага каліюГэтая схема выкарыстоўвалася з 2020 да 2022 году. Паводле сьледзтва, «нявызначаныя асобы» дзейнічалі ў змове з адказнымі асобамі беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў, у тым ліку ААТ «Российские железные дороги», ПАА «ВТБ», ТАА «Дызель Транс» і іншых.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у 2021 годзе зь Беларусі праз Украінскую чыгунку перавезьлі 11,8 мільёна тон грузаў з прызначэньнем ва Ўкраіну і для далейшага транзыту. Зь іх 693 тысячы тон склалі калійныя ўгнаеньні, у тым ліку 270 тысяч тон зь іх для ўкраінскіх прадпрыемстваў.
Паводле Ўкраінскай чыгункі, транзытны аб’ём калійных угнаеньняў у Турэччыну летась склаў 220 тысяч тон (62%), у Вугоршчыну — 64 тысячы тон (18%), Польшчу — 45 тысяч тон (13%), Румынію — 8 тысяч тон (2%).
Пры гэтым, паводле АТ «Укразалізниця», праз марскія парты Ўкраіны цягам 2021 году перавезьлі 281 тысячу тон беларускіх калійных угнаеньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя дэталі праекту порту пад Пецярбургам для беларускага калію. Ад Расеі чакаюць на яго крэдыту $500 млн