У Адэсе беларуса асудзілі на 1,5 года ўмоўна за сэкс у публічным месцы, спачатку яго хацелі забраць у войска

Суд. Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне грамадзяніна Беларусі пакаралі ўмоўным тэрмінам за сэкс у публічным месцы, хоць улады заяўлялі, што за гэтыя «хуліганскія» дзеяньні яму разам з жанчынай уручылі позвы ў войска.

Гісторыя, калі мужчына і жанчына займаліся сэксам на тэрыторыі базы адпачынку PublicBeachClub у Адэсе, стала рэзананснай ва Ўкраіне. Відэазапіс абышоў практычна ўсе ўкраінскія інфармацыйныя тэлеграм-каналы.

Вельмі апэратыўна на дзеяньні пары адрэагаваў дарадца кіраўніка Адэскай абласной вайсковай дзяржаўнай адміністрацыі Сяргей Братчук. Ён заявіў, што пару накіравалі на мэдычную камісію з далейшым накіраваньнем на службу ў войска.

Аднак папраўдзе суд абмежаваў перамяшчэньні абодвух фігурантаў справы хатнім арыштам, а паліцыя завяла справу супраць іх паводле ч. 2 артыкулу 296 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (хуліганства — парушэньне грамадзкага парадку па матывах відавочнай непавагі да грамадзтва, якое суправаджаецца асаблівай дзёрзкасьцю або выключным цынізмам, учыненае групай асобаў).

За гэтыя дзеяньні прадугледжана крымінальная адказнасьць — абмежаваньне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін да чатырох гадоў.

Першага ліпеня адэскі суд вынес вырак: грамадзянін Беларусі асуджаны на паўтара года пазбаўленьня волі, а жанчына — на адзін год пазбаўленьня волі. Суд вызваліў іх ад адбываньня пакараньня на адзін год, цягам якога яны мусяць пэрыядычна адзначацца ў органах прабацыі, не выяжджаць з Украіны, а таксама паведамляць аб зьменах месца пражываньня працы або навучаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі «шпіён» ужо больш за тры месяцы пад вартай ва Ўкраіне. Сталі вядомыя дэталі ягонага затрыманьня