Актывіста з Наваполацку двойчы запар пакаралі «суткамі» за рэпосты. У ЦІПе ён перанёс гіпертанічны крыз
Андрэя Галавырына затрымалі 15 чэрвеня і зьмясьцілі ў Наваполацкі Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў. Вядома, што ў гэты дзень над ім адбыўся суд па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Судзьдзя Зінаіда Балаболава прызнала яго вінаватым і прысудзіла 15 дзён адміністрацыйнага арышту. Учора, 1 ліпеня, Андрэя зноў пакаралі 15-дзённым арыштам, паведамляе «Вясна назірае».
Салістку гурта «Варган» Ксенію Глот асудзілі на 15 дзён арышту
Дзяўчыну затрымалі 30 чэрвеня ў Полацку. На яе склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня па арт. 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
Справу разглядала судзьдзя Юльяна Шчэрба, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 1 ліпеня: Год «хатняй хіміі» — за камэнтар у бок Балабы; затрымалі вакалістку гурту «Варган»Вайсковага пэнсіянэра асудзілі на 12 гадоў калёніі за тры «кактэйлі Молатава»
Суд Баранавіцкага раёну і Баранавічаў разгледзеў крымінальную справу ў дачыненьні да пэнсіянэра Дзьмітрыя Нешты, якога прызналі вінаватым у незаконных дзеяньнях у адносінах да паляўнічай агнястрэльнай зброі (ч.1. арт. 295-3 Крымінальнага кодэксу) і акце тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК).
Дзьмітры Нешта — вайсковы пэнсіянэр, працаваў у Баранавічах на 558-м авіярамонтным заводзе.
Быў затрыманы ў кастрычніку 2021 году. Нядаўна ўключаны ў «сьпіс тэрарыстаў» па вэрсіі КДБ Беларусі.
Паводле матэрыялаў сьледзтва, абвінавачаны Нешта 26 верасьня 2020 году, знаходзячыся ў гаражы ў Баранавічах, незаконна вырабіў тры «кактэйлі Молатава», захоўваў іх у вышэй згаданым гаражы, а неўзабаве перанёс да аўтамабільнай стаянкі, разьмешчанай каля адной з вайсковых частак.
Там ён кінуў «кактэйлі Молатава» з запаленымі кнотамі ў аўтамабілі, якія належалі вайскоўцам адной з частак унутраных войскаў МУС з мэтай прымусіць іх адмовіцца дапамагаць сілавікам у «забесьпячэньні законнасьці падчас масавых беспарадкаў» у Баранавічах. Паводле сьледзтва, ён меў на мэце зьнішчыць аўтамабілі вайскоўцаў, чым нанес шкоду маёмасьці агулам на суму 59 039 рублёў 78 капеек.
Па ч.1 арт. 295-3 Крымінальнага кодэксу яму прысудзілі 1 год зьняволеньня, па ч.1 арт. 289 — яму — 11 гадоў зьняволеньня, агулам — 12 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Таксама абвінавачаны Нешта пазбаўлены вайсковага званьня «падпалкоўнік».
Віктар Бабарыка выйшаў са штрафнога ізалятару, дзе правёў 10 дзён
Паводле афіцыйнай вэрсіі, яго зьмясьцілі ў штрафны ізалятар за тое, што ён уступіў у канфлікт з сукамэрнікам, які заключаўся ў размове на павышаных танах. Зь перапіскай у палітвязьня па-ранейшаму праблемы — лісты яму не перадаюць.
У траўні Бабарыка ўжо правёў 10 сутак у ШІЗА, паведамляе афіцыйны канал палітыка ў Тэлеграме.
За абразу Лукашэнкі і распальваньне сацыяльнай варожасьці асудзілі жыхара Чэрыкава
Магілёўскім абласным судом у закрытым судовым пасяджэньні вынесены прысуд па крымінальнай справе ў дачыненьні да жыхара Чэрыкава Віктара Карніенкі, абвінавачанага ў абразе Лукашэнкі (ч.1 арт.368 КК) і распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці і варажнечы (ч.1 арт. 130 КК).
Справу разглядала судзьдзя Ірына Цяплова. Яна прысудзіла Віктару Карніенку 3 гады і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе«Вясна».
Мабільны тэлефон «Samsung», пры дапамозе якога «зьдзяйсьняліся злачынствы», канфіскаваны ў даход дзяржавы. Паколькі суд праходзіў у закрытым рэжыме, падрабязнасьці справы не вядомыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 30 чэрвеня: 15 гадоў турмы за «тэрарызм»; 1,5 года «хіміі» за словы супраць праўладнага пікету ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 чэрвеня: Міколу Дзядка перавядуць з калёніі ў турму; 10 содняў дэпутату Незалежнасьці Маркевічу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 чэрвеня: Затрымалі горадзенскага актывіста Бандарчука, вызвалілі супрацоўніка «Нафтана», які 16 дзён трымаў галадоўку