Украінскія вайскоўцы дасягнулі «значнага посьпеху», выкарыстоўваючы на полі бою амэрыканскія сыстэмы залпавага агню HIMARS, заявіў журналістам 1 ліпеня неназваны высокапастаўлены супрацоўнік Пэнтагону.
«Паколькі гэта высокадакладная сыстэма значнага радыюсу дзеяньня ўкраінцы здольныя сыстэматычна наносіць дакладныя ўдары па старанна выбраных мэтах, значна падрываючы баяздольнасьць расейскіх сіл», — падкрэсьліў прадстаўнік амэрыканскага абароннага ведамства.
1 ліпеня Мінабароны ЗША аб'явіла аб прадастаўленьні Ўкраіне новага пакета вайсковай дапамогі на 820 млн даляраў, у рамках якога Ўкраіна атрымае таксама дадатковыя боепрыпасы для РСЗА HIMARS.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн заявіў, што ЗША паставяць Украіне ракетныя сыстэмыУ пятніцу газэта Wall Street Journal апублікавала эксклюзіўны рэпартаж з падразьдзяленьня, якое ў апошнія два тыдні першым пачало выкарыстоўваць чатыры ўстаноўкі HIMARS, перададзеныя Злучанымі Штатамі Ўкраіне. Украінскія вайскоўцы прайшлі кароткатэрміновую падрыхтоўку ў Нямеччыне. Яны кажуць, што гэтая зброя ўжо пачынае зьмяняць балянс сілаў на Данбасе, дзе ў Расеі ёсьць значная перавага ў артылерыі, але падобнай зброі ў РФ няма.
Як сьцьвярджаюць украінскія вайскоўцы, яны ўжо зьнішчылі 10 важных расейскіх вайсковых аб’ектаў, уключаючы штаб расейскага войска ў Ізюме. Раней у іх не было зброі такой дакладнасьці і такога радыюсу дзеяньня — да 80 км, здольнай паражаць мэты далёка за лініяй супрацьстаяньня.
На падрыхтоўку HIMARS да стральбы сыходзіць 2-3 хвіліны, сыстэма здымаецца зь месца праз 20 сэкундаў пасьля выпуску ракет, пазьбягаючы патэнцыйнага ўдару ў адказ. У тым ліку праз высокі кошт кожнай ракеты (каля 155 тысяч даляраў) перад кожным ударам мэты старанна адбіраюцца, устанаўліваюцца іх дакладныя каардынаты. Пакуль перавага аддаецца расейскім штабам, складам узбраеньняў і казармам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая зброя ў вайне супраць Расеі: ЗША перадалі Ўкраіне сыстэмы залпавага агню, Нямеччына паабяцала сыстэму СПАУ ліпені Украіна павінна атрымаць яшчэ чатыры ўстаноўкі HIMARS. Нямеччына і Вялікая Брытанія заявілі аб гатоўнасьці даць Украіне па тры падобныя комплексы. Амэрыканскія ваенныя аналітыкі, якія цытуе New York Times, кажуць, што Ўкраіне патрабуецца ад 60 да 100 сучасных установак залпавага агню, каб атрымаць перавагу на полі бою.
Расея рэзка раскрытыкавала перадачу Ўкраіне гэтага тыпу зброі, паабяцаўшы «рашучы адказ» у выпадку выкарыстаньня ракетных установак для нанясеньня ўдараў па расейскай тэрыторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін пагражае Ўкраіне новымі ўдарамі за заходнія пастаўкі ракет