Юрыст Сапелка: «Праз статус „тэрарыстаў“ ціснуць на Ціханоўскага і Лосіка будуць яшчэ мацней»

Ігар Лосік

КДБ унёс палітвязьняў Сяргея Ціханоўскага і Ігара Лосіка ў «сьпіс тэрарыстаў». Ці азначае гэта, што ўмовы ўтрыманьня іх у калёніях пагоршацца?

Свабода запыталася ў юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелкі, як новы «статус» можа паўплываць на ўмовы ўтрыманьня палітвязьняў.

І аднаго, і другога асудзілі за «распальваньне сацыяльнай варожасьці», «арганізацыю масавых беспарадкаў» ды паводле іншых артыкулаў на вялікія тэрміны — да 18 і 15 гадоў турмы адпаведна. Таму абмежаваньні, вядома ж, будуць, перакананы Павал Сапелка.

«У вачах беларускага заканадаўства яны пастаўленыя на адну дошку з тэрарыстамі, якіх такімі прызнала ўсясьветная супольнасьць, кшталту „Аль-Каіды“, баявікоў „Ісламскай дзяржавы“.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ унёс палітвязьняў Сяргея Ціханоўскага і Ігара Лосіка ў «сьпіс тэрарыстаў»

Абмежаваньні, безумоўна, будуць. Як было з тымі асобамі, якія знаходзяцца пад вартай па справе Мікалая Аўтуховіча. Ім нельга было зрабіць грашовыя пераводы, перадачы. Мяркую, што ціснуць на Ціханоўскага і Лосіка будуць яшчэ мацней», — кажа Павал Сапелка.

Што да прашэньня аб памілаваньні, адно другому не перашкаджае, яны могуць яго падаць.

«Але я сумняюся, што хтосьці зь іх гэта зробіць», — мяркуе юрыст Павал Сапелка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы паведамляюць аб новых фактах ціску на асуджаных палітвязьняў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я чуў, як на калідоры б’юць маю маці». Сабралі падрабязнасьці пра суд у справе Мікалая Аўтуховіча