«Нам напісалі, што мы прыехалі ў канцлягер». Зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца ўкраінскія ўцекачы ў Беларусі

Прадуктовы набор, які далі марыюпальцам у Гомлі

Сям’я з Марыюпаля выбралася з-пад бомбаў, прайшла расейскую фільтрацыю і трапіла ў Беларусь. Цяпер уцекачы думаюць аб вяртаньні ў Марыюпаль, бо ў Беларусі не атрымалі ані істотнай дапамогі, ані працы. «Далі ўжываныя коўдры і падушкі, такія, што мне сорамна іх паказаць», — кажа ўкраінка.

Пра іх сытуацыю — у матэрыяле Свабоды.

«Мы выехалі дзякуючы таму, што нам нагрузілі поўны аўтамабіль параненых»

Марына і Яўген (імёны зьмененыя. — РС) з 28 лютага сядзелі ў падвале свайго прыватнага дома ў Марыюпалі.

«Да нас не „прыляцела“, але вакол нас разбамбілі. У нашым доме выбіла шыбы. Мы сядзелі ў падвале ўвесь час і сьвятла ня бачылі. Аж пакуль у падвал не прыйшлі чачэнцы», — успамінае Марына.

Чачэнцы правяралі іх, «каб не было староньніх асобаў». Пасьля чачэнцаў прыйшлі расейскія вайскоўцы. У сям’і цудам захаваўся аўтамабіль. Марына кажа, што іншыя машыны, прыпаркаваныя ў квартале, пераехаў танк — «напалам».

«Расейцы прыйшлі і пыталіся, ці маем аўтамабіль для іх вайсковых патрэб. Мы сказалі, што няма, маўляў, паглядзіце — вунь жа ўсе машыны, якія танк пераехаў. Мы вырашылі (у такой нейкай агоніі, страху) выяжджаць», — кажа ўкраінка.

Жанчына схапіла абраз, і яны з мужам паехалі. Іх спынілі на блёк-посьце вайскоўцы так званай «ДНР». Але машыну не забралі — папрасілі адвезьці да шпіталя параненых. Іх нагрузілі «поўнае аўта». «Дзякуючы параненым мы выехалі і даехалі да Новаазоўску», — кажа Марына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікі дзяржаўных беларускіх СМІ наведалі акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку Марыюпаль. Фатафакт

«Фільтрацыю можна чакаць і 15 дзён»

Яны прыехалі на так званую фільтрацыю, якую расейцы арганізавалі ў Безыменным.

«Там ужо было недзе 600 аўтамабіляў на „фільтрацыю“. Нам сказалі, што чакаць можам і 15 дзён тут. Ні вады, ні ўмоў не было там. Толькі нейкі сьвятар хадзіў і раздаваў бутэрброды. Потым адзін чалавек падказаў нам, што яшчэ ёсьць фільтрацыя ў Старабешаве і там хутка можна прайсьці. Паехалі туды і прайшлі яе там за 20 хвілін. Гэта таму, што нам ужо па пяцьдзесят гадоў, мы ім не надта цікавыя. Маладых трымаюць доўга. Мужавага супрацоўніка затрымалі на фільтрацыі, ужо два месяцы ён затрыманы. Чаму — ніхто ня ведае. Кажуць яму, каб чакаў, а чаго менавіта чакаць, ня ведаю. Маладых дапытваюць, каб яны не былі зьвязаныя з украінскім войскам», — патлумачыла Марына.

На так званай фільтрацыі ва ўсіх правяраюць тэлефоны, сацыяльныя сеткі, галерэі з фота і відэа.

Сям’я вырашыла ехаць у Беларусь, бо ў Гомлі сваяк дазволіў жыць у сваёй кватэры. Таму праз Варонеж і Курск украінцы прыехалі на пункт пропуску «Тры сястры», на мяжы Расеі, Украіны і Беларусі. Так яны трапілі ў Гомель.

З Марыюпаля да Гомля ўкраінцы ехалі дзевяць дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя ўцекачы вырваліся зь пекла, але дапамогі ім усё менш

«Атрымалі адны абяцанкі — ані працы, ані курсаў»

Марына і Яўген не зьбіраліся сядзець у некага на шыі. Але ўсе пошукі працы ў Гомлі былі марныя. Яны ў Гомлі ўжо амаль тры месяцы. МАМ (Міжнародная агенцтва міграцыі. — РС) абяцала дапамогу. Прынамсі, Марыне яны абяцалі ўладкаваньне на курсы кухара, каб яна асвоіла новую прафэсію.

«Тэлефаную на тыя курсы — але яны проста не здымаюць слухаўку. Мужу абяцалі працаўладкаваньне, але маўчок. Ён і мэдыцынскую камісію прайшоў, і паперы ім неабходныя паказваў, але ўсё дарма. У мяне склалася адчуваньне, што ўсе хочуць, каб мы толькі хутчэй зьехалі куды, таму цягнуць час», — кажа Марына.

За рэгістрацыю на тры месяцы ў міграцыйнай службе яны заплацілі за дваіх каля 80 беларускіх рублёў. Праўда, потым ім часткова вярнулі грошы (64 рублі). Зьвярталіся па дапамогу ў Чырвоны Крыж. Атрымалі там зь цягам часу 300 рублёў. Зьвярнуліся ў МАМ, «але там нічога пакуль, апроч абяцанак».

Побач з кабінэтам МАМ у Гомлі яны выпадкова, па парадзе мясцовага, знайшлі «нейкі аддзел ААН».

«Там абяцалі дапамагчы грашамі, але толькі ў жніўні ці верасьні, бо мы позна зьвярнуліся, скончыўся квартал — па іх словах. У МАМ сказалі, што „прабачце“, цяпер, маўляў, няма ані прадуктаў, ані чаго. Праўда, далі сродкі гігіены — мыла, зубную пасту, шчотку, туалетную паперу, гель для душу», — расказала Марына.

Яны прасілі і абутак, але ў МАМ яго не было.

Ад раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа сям«я атрымала прадуктовы набор. Там былі ячныя крупы, тушаніна, згушчанка, гарбата, сушкі, пячэньне, паштэт. «Прасілі бялізну, але там далі ўжываныя падушкі і коўдры. Ды такія, што мне сорамна іх паказваць. А вяртаць іх было няёмка», — дадала ўкраінка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дні і ночы на вакзале ў Пшэмысьлі. Як працуюць валянтэры на мяжы Ўкраіны і Польшчы

«Там мая зямля і мой дом, таму я хачу назад»

Яна напісала ў групу валянтэрам з просьбай пра дапамогу. «Мне ў прыватныя паведамленьні пачалі пісаць, што „вы прыехалі ў канцлягер“, і „вы ня ў тую краіну паехалі“. Але ў нас не было выбару! У нас дом застаўся бяз вокнаў і дзьвярэй. Мы нармальныя, звычайныя людзі, якія жылі і пацярпелі, якія прайшлі сем кругоў пекла», — кажа Марына.

Яна кажа, што ў Беларусі цяпер яны не жывуць, а існуюць. І думае пра магчымае вяртаньне ў Марыюпаль.

«Дом можна аднавіць. У дзяцей там кватэра засталася. Гэта мая зямля, гэта мой дом! Адчайна скажу, што мне цяпер няма розьніцы — Украіна гэта ці Расея, я хачу вярнуцца, а не існаваць тут», — кажа ўкраінка.

Канчатковае рашэньне наконт вяртаньня яны пакуль не прынялі. Кажуць, што становішча маюць адчайнае.

У валянтэрскай супольнасьці раяць украінцам ехаць у вёску. Але тут жа, у валянтэрскай групе адна з украінак прадэманстравала, якое ім далі жытло ў Веткаўскім раёне. Дом стары, без выгод, без рамонту, бяз мэблі і тэхнікі. Гомельскія валянтэры дапамаглі ўкраінцы з тэхнікай, адзеньнем і харчамі.

Умовы пражываньня ў Веткаўскім раёне, прапанаваныя ўкраінскім уцекачам

Дом у Веткаўскім раёне, куды ўсялілі ўцекачоў з Украіны

Беларускі памежны камітэт паведамляе, што з 24 лютага ў Беларусь прыехалі больш за 33 тысячы ўцекачоў. Памежнікі ня пішуць, колькі зь іх пакінулі Беларусь за гэты час.

Па інфармацыі Свабоды, многія едуць праз Беларусь транзытам — у эўрапейскія краіны ці Расею.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.