Bloomberg: У Расеі ўпершыню за 104 гады наступіў дэфолт замежнага доўгу

У Расеі ўпершыню з 1918 году адбыўся дэфолт сувэрэннага доўгу ў замежнай валюце праз уведзеныя санкцыі, якія зрабілі немагчымымі выплаты замежным крэдыторам, паведаміла агенцтва Bloomberg у панядзелак, 27 чэрвеня.

На працягу месяцаў РФ знаходзіла шляхі абыходу санкцый, уведзеных пасьля ўварваньня Крамля ва Ўкраіну. Але пад канец дня ў нядзелю скончыўся льготны пэрыяд сплаты працэнтаў у памеры 100 мільёнаў даляраў ЗША, што лічыцца дэфолтам у выпадку пропуску сплаты.

Афіцыйнага абвешчаньня дэфолту ня будзе. Звычайна гэта робяць міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы, але ўсе яны прыпынілі дзейнасьць у Расеі, адзначае Bloomberg. Абвясьціць такое маглі трымальнікі бондаў, але яны пакуль спрабуюць ацаніць шанцы вярнуць усе ці хаця б частку сваіх грошай, піша агенцтва. Для абвешчаньня дэфолту крэдыторамі неабходна, каб з гэтым пагадзілася чвэрць трымальнікаў аблігацыяў.

Гэта першы дэфолт Расеі ў вонкавым доўгу з 1918 году, калі бальшавікі адмовіліся ад даўгоў царскага рэжыму, піша Bloomberg.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: Расея за некалькі гадзін да тэхнічнага дэфолту па вонкавым доўгу

Раней Міністэрства фінансаў ЗША адмовілася працягваць пасьля 25 траўня 2022 году ліцэнзію, якая дазваляла Расеі далей абслугоўваць сувэрэнную пазыку ў замежных валютах. Афіцыйная прадстаўніца Белага дому Карын Жан-П’ер выказала думку, што Расея, напэўна, ня зможа выконваць свае абавязаньні і сутыкнецца з пэрспэктывай дэфолту і статусам выгнанца ў глябальнай фінансавай сыстэме на працяглую пэрспэктыву. У адказ на гэта Міністэрства фінансаў Расеі заявіла, што працягне абслугоўваць свой замежны доўг у рублях (указ аб магчымасьці пераходу з валютных выплатаў на рублёвыя прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў яшчэ 5 сакавіка; некалькі дзён таму падпісаны яшчэ адзін указ аб мэханізьме выплатаў па эўрааблігацыях у рублях). Банк Euroclear, які выступаў пасярэднікам у плацяжах паміж Расеяй і міжнароднымі крэдыторамі, у сваім прэс-рэлізе заявіў, што праз накладзеныя на Расею эканамічныя санкцыі ён практычна перастае працаваць з рублямі, зь некалькімі невялікімі выняткамі.

Міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў абвінаваціў Захад у тым, што той наўмысна стварае перашкоды абслугоўваньню замежнага доўгу РФ, каб Расея апынулася ў стане дэфолту, і назваў сытуацыю «фарсам».

Каля 40 мільярдаў даляраў замежнага доўгу Расейскай Фэдэрацыі намінаваныя ў амэрыканскай і эўрапейскай валютах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом: дэфолт Расеі будзе мець мінімальны ўплыў на амэрыканскую і сусьветную эканомікі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінфін ЗША пайшло на крок, які набліжае Расею да дэфолту