Мы запыталіся ў чытачоў Свабоды ў сацыяльных сетках пра нечаканыя месцы, якія варта наведаць у Беларусі, і сабралі адказы ў гайд. Сёньняшняя публікацыя — пра Горадзенскую вобласьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Гомельская вобласьць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Віцебская вобласьць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Берасьцейская вобласьць
1. Сядзіба прадпрымальніка Лейбы Стругача ў вёсцы Будзёнаўка
Ашмянскі раён, Горадзенская вобласьць
Гэта адзін з рэдкіх прыкладаў ацалелага драўлянага дойлідзтва канца ХІХ стагодзьдзя. Сядзібу пабудавалі ў стылі мадэрн з бальконамі і адкрытай вэрандай. Дом дапаўнялі ўнутраны двор, басэйн, сад, кветнікі, гаспадарчыя пабудовы, брама з калёнамі, мураваны плот па ўсім пэрымэтры. Тут былі стайня, сьвіран, дом для працоўных, лямус — двухпавярховая гаспадарчая пабудова.
Купец Леў (Лейба) Стругач уваходзіў у лік самых багатых людзей свайго часу. Меў у Ашмянах вінакурна-дражджавы завод, быў акцыянэрам Лідзкага бровару, а таксама рыскага акцыянэрнага таварыства «Дрожджы».
Пасьля ягонай сьмерці ў 1906-м справу прадоўжыў ягоны сын Абрам. У 1942 годзе сям’ю Стругачаў расстралялі. Агулам нацысты забілі тады 4 тысячы габрэяў з ашмянскага гета.
У паваенны час на заводзе Стругачаў працягвалі выпускаць дрожджы, сьпірт, сыроп, хлебны квас, морс, марынаваныя грыбы.
Апошнім уласьнікам сядзібы канца ХІХ стагодзьдзя было ўпраўленьне адукацыі Ашмянскага райвыканкаму, якое засяліла туды некалькі настаўніцкіх сем’яў. Яны нядаўна выехалі, цяпер будынак пустуе. Ён у аварыйным стане. Ім цікавіўся інвэстар. Але ці ўратуюць яго, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Ашмянамі разбураецца ўнікальная сядзіба прадпрымальніка ХІХ стагодзьдзя. ФОТА
2. Палац дэ Вірыёнаў у вёсцы Лішкі
Бераставіцкі раён, Горадзенская вобласьць
Палац стаіць за тры кілямэтры ад мяжы з Польшчай. Ён належаў мэдыку францускага паходжаньня Карлу Вірыёну, якога запрасілі ў Беларусь Радзівілы і які лячыў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Карл купіў маёнтак Лішкі ў шляхецкага роду Юндзілаў у другой палове XVIII стагодзьдзя.
Адзін зь ягоных нашчадкаў, Станіслаў дэ Вірыён, сабраў у Лішках вялікую калекцыю мясцовых і замежных насякомых, якая прапала падчас Першай усясьветнай вайны. Апошнім уласьнікам сядзібы быў Юры дэ Вірыён. Ён аднавіў палац, але ў 1936 годзе прадаў яго і зьехаў у Варшаву. Юры памёр у 2013 годзе.
Дом складаецца зь дзьвюх частак: аднапавярховай і дабудаванай да яго двухпавярховай, з чатырохпавярховай вежай у стылі італьянскай вілы. Захаваліся і гаспадарчыя пабудовы. Пры сядзібе быў парк з рыбнымі ставамі.
Цяпер палац стаіць закінуты.
3. Міні-замак у вёсцы Чухны
Смаргонскі раён, Горадзенская вобласьць
Туды можна заехаць па дарозе з Крэва ў Гальшаны. У Чухнах жыве некалькі дзясяткаў чалавек. На сваім падворку вясковец Сяргей Бандарэнка будуе копію Крэўскага замка, зьменшаную ў 10 разоў.
Таксама каля вёскі захавалася нямецкая артылерыйская пазыцыя часоў Першай сусьветнай вайны з чатырма паўкапанірамі, трыма бліндажамі і адной вялікай схованкай для асабовага складу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гігант і карузьлік. Вольны мастак за ўласныя сродкі робіць копію Крэўскага замка
4. Слонімскі мікрараён Энка
Слонім, Горадзенская вобласьць
Рэдка турыстычным аб’ектам можа стаць мікрараён гораду. Энка — той самы выпадак. Новы раён у старажытным Слоніме пабудавалі за нямецкія грошы 30 год таму для сем’яў вайскоўцаў, якія пераехалі з ГДР.
«Энка» — бо так называлася турэцкая фірма-забудоўшчык. Афіцыйная назва мікрараёну — «Дружба» — не прыжылася, таму з часам народную назву зацьвердзілі ў дакумэнтах. Школа на Энцы — адзіная ўстанова адукацыі ў Беларусі, якую пабудавала замежная фірма.
Энку пабудавалі на асобным ад гораду «востраве», паміж азёрамі і невялікімі лясамі. Побач з кожным домам ёсьць дзіцячыя пляцоўкі з чырвоным пакрыцьцём, як для тэнісных кортаў. Сьцежак па газонах амаль нідзе ня топчуць, бо хапае дарожак, якія прадумалі будаўнікі.
Усе дарогі тут бэтонныя, іх за 30 гадоў ні разу не рамантавалі, і яны не патрабуюць рамонту. Гэтае пакрыцьцё вельмі роўнае і добра пасуе, каб катацца на роліках. Жыхары Энкі кажуць, што ў дождж на дарогах не бывае лужынаў, бо паверхня роўная і вадасьцёкі зробленыя як мае быць.
Дамы ў Энцы «крывыя», то бок стаяць пад невялікім вуглом адзін да аднаго. Калі глядзець зьверху, то яны стаяць паўколамі. У шчылінах паміж дамамі — неацяпленыя кладоўкі, у якія жыхары трапляюць зь лёджыі.
Вокны ў кватэрах драўляныя, але іх не прадзімае, яны не рассыхаюцца. Сьцены тонкія, але за імі не халадно. Ва ўсіх дамах і грамадзкіх будынках на Энцы мармуровыя цэльныя двухмэтровыя сходы.
Калі вы ўжо заехалі ў Слонім, то наведайце таксама сынагогу 1642 году, завітайце ў сядзібу Пуслоўскіх XIX стагодзьдзя, дзе больш за 200 гадоў працуе папяровая фабрыка «Альбэртын». Зьвярніце ўвагу, што вулічная схема ў цэнтры Слоніма захавалася з XVI стагодзьдзя, таму вуліцы такія вузкія, а рух аднабаковы.
5. Падвесны мост празь Нёман
Масты, Горадзенская вобласьць
Гэта самы доўгі пешаходны падвесны мост у Беларусі — амаль 200 мэтраў. Яго пабудавалі ў 1972 годзе, а пасьля зьявіўся і аўтамабільны. У 1990-х падвесны мост аднавілі. Цяпер ён амаль не хістаецца.
6. Лідзкая вузкакалейка
Ліда, Горадзенская вобласьць
Гэта адна зь нешматлікіх вузкакалеек, якія захаваліся ў Беларусі і па якіх ладзяць экскурсіі. Па вузкакалейках звычайна перавозілі грузы, яны часьцей замацаваныя за прадпрыемствамі. Ад звычайнай чыгункі вузкакалейка адрозьніваецца меншай шырынёй каляі, меншымі вагонамі, якія па ёй ходзяць, яна таньнейшая ў пабудове. Уявіць, што такое вузкакалейка, можна было на Дзіцячай чыгунцы ў Менску. Экскурсія па вузкакалейцы адметная тым, што дарога ідзе па амаль некранутай прыродзе, на маршруце можна ўбачыць казулю або зайцоў.
Гэтая экскурсія пачынаецца з наведваньня лідзкага торфабрыкетнага заводу. Ад заводу да месца здабычы торфу супрацоўнікі едуць па вузкакалейцы. Гэтымі вагонамі зь цеплавозам могуць пракаціцца і госьці. Можна праехаць і на сапраўднай дрызіне.
Экскурсіі па вузкакалейцы ў Лідзе, а таксама ў Азёрах ладзіць Арцём Сьлізкі разам з праектам 750 mm.
7. Палац Чацьвярцінскіх у Жалудку
Шчучынскі раён, Горадзенская вобласьць
Яму больш за сто гадоў. Гэта двухпавярховы будынак з мансардай, які стаіць пасярод парку. Наведнікам падабаецца рабіць здымкі ўнутры будынка на маляўнічых сходах. Уражваюць высокія вокны і ацалелы камін. Агулам выгляд сядзібы занядбаны.
Тут здымалі беларускі містычны фільм «Масакра», які выйшаў у 2010 годзе.
Гаспадары сядзібы, Сьвятаполк-Чацьвярцінскія, большасьць часу жылі ў Варшаве. У 1939 годзе сядзібу захапілі нямецкія вайскоўцы. Людвіг Чацьвярцінскі памёр у канцлягеры ў Асьвенціме.
У вайну на базе палаца разгарнулі вайсковы шпіталь. Пасьля вайны там разьмясьціўся савецкі вайсковы гарнізон. У 1990-х гадах комплекс перайшоў на балянс Акадэміі навук, там пачалі здымаць фільмы.
У 2014 годзе сядзібу купіў расейскі бізнэсовец, каб яе аднавіць. Аднак дагэтуль працы не вядуцца. Трапіць унутр палаца можна, набыўшы білет.
8. Аўгустоўскі канал
Горадзенскі раён, Горадзенская вобласьць
Гэта гандлёвы шлях, які пабудавалі ў 1830 годзе ў Расейскай імпэрыі, калі Прусія забараніла правозіць польскія і літоўскія тавары па сваёй тэрыторыі. Цяпер канал праходзіць па тэрыторыі Польшчы і Беларусі.
Ён дзейнічае дагэтуль як турыстычны. Зь беларускага боку захаваліся тры шлюзы: Нямнова, Дамброўка і Валкушак. Па Аўгустоўскім канале можна сплаўляцца на байдарках. Маршрут уключае і шлюзаваньне, калі судна праходзіць праз адмысловае воднае збудаваньне, каб трапіць на адрэзак каналу зь іншым узроўнем вады. На Аўгустоўскі канал можна прыехаць і на шпацыр па маляўнічым лесе або на пікнік.
Шлюзы знаходзяцца за 30 кілямэтраў ад Горадні.
9. Фарты Горадзенскай крэпасьці
Горадзенскі раён, Горадзенская вобласьць
Горадзенская крэпасьць — гэта сыстэма ўмацаваньняў вакол Горадні, якія абаранялі горад у часы Расейскай імпэрыі, падчас першай нямецкай акупацыі і «за польскім часам». Фарты былі часткай умацаваньняў з падземнымі хадамі і казармамі. Яны знаходзіліся прыкладна за 10–20 кілямэтраў ад гораду.
На сёньня вядома пра 13 фартоў. Некаторыя зь іх досыць цяжка адшукаць пасярод лясоў нават дасьледчыкам. Каля некаторых фартоў захаваліся масавыя пахаваньні часоў Першай усясьветнай вайны.
Найлепш захаваўся форт № 4 на шлюзе «Нямнова». Ён быў пабудаваны ў 1915 годзе. У тым жа годзе ў жніўні-верасьні адбыліся баі зь немцамі, з усіх абаронцаў Горадні на форце ацалелі толькі некалькі чалавек, якім удалося адступіць.
Яшчэ адзін зь вядомых фартоў, № 2, стаіць каля вёскі Навумавічы за 20 кілямэтраў ад Горадні. Ён вядомы тым, што на ягоных руінах падчас Другой усясьветнай вайны фашыстоўцы расстралялі тысячы мірных жыхароў з Горадні і навакольных вёсак. Сярод іх — заснавальнік горадзенскага заапарку Ян Каханоўскі, а таксама жыхарка польскага гораду Ліпску Мар’яна Бярнацкая, якая папрасіла расстраляць яе замест цяжарнай нявесткі. Каталіцкі касьцёл ушаноўвае Мар’яну Бярнацкую як блаславёную.
10. Крэйдавыя кар’еры каля пасёлку Краснасельскі
Ваўкавыскі раён, Горадзенская вобласьць
Гэтае месца ўжо цяжка назваць незвычайным, бо туды едуць адпачыць і зрабіць экзатычныя здымкі з усёй Беларусі. Але мы вырашылі ўключыць яго ў наш гайд празь незвычайны выгляд вадаёму.
«Пяць лінзаў» — так называюць пяць кар’ераў сярод лесу ў Ваўкавыскім раёне. Там здабывалі крэйду для цэмэнтнага заводу ў пасёлку Краснасельскі. З часам кар’еры запоўніліся вадой, крэйда, якая засталася, надае вадзе бірузовы колер. Адсюль і назва — «Беларускія Мальдывы».
Гэта прамысловы аб’ект, але штогод ён зьбірае тысячы турыстаў. Купацца ў штучных вадаёмах забаронена: берагі там абрывістыя, сыпучыя, глыбіня да 50 мэтраў, а вада, насычаная крэйдай, шкодная для здароўя. Аднак людзі ўсё роўна едуць туды адпачываць, лавіць рыбу, а хтосьці і купацца, парушаючы забарону.
Падобныя штучныя вадаёмы — «Сінька» і «Зялёнка», з адпаведным колерам вады, — ёсьць і на ўскрайку Горадні.
Калі зьберацеся на кар’еры, будзьце асьцярожныя.