Ціханоўская выступіла на пленарным паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і мела шэраг сустрэчаў з кіраўнікамі Рады Эўропы і лідэрамі эўрапейскіх дзяржаваў.
Сьцісла
- Сустракаліся зь міністрам замежных спраў Даніі, дык пытаньне візаў вырашылася за 30 хвілін.
- Мяне выводзіць зь сябе тое, што палітыкі (два гады ўжо мінула) усё яшчэ памыляюцца, называючы Лукашэнку прэзыдэнтам. Гэта абражае беларусаў.
- Была ў 2021 годзе нефармальная сустрэча зь Зяленскім на адным зь мерапрыемстваў, я падышла і выказала яму словы ўдзячнасьці за тое, што беларусы ва Ўкраіне знаходзяць прытулак.
- Я ведаю, што многім здаецца: езьдзіць Ціханоўская, нічога ня робіць. Але само падтрыманьне цікавасьці да Беларусі — важная справа.
«Мяне раздражняе, калі я бачу мапу Рады Эўропы, і на ёй чорная пляма там, дзе павінна быць Беларусь»
— Як бы вы сфармулявалі галоўныя вынікі гэтага візыту? Што азначаюць для людзей у Беларусі аплядысмэнты ў Радзе Эўропы, які канкрэтны вынік сустрэч для людзей у Беларусі, для тых, хто быў вымушаны пакінуць радзіму, для палітвязьняў?
— Аплядысмэнты заўсёды азначаюць, што гэтыя людзі падтрымліваюць нашы ідэі, нашу барацьбу, на такім узроўні падтрымліваюць тых, хто сядзіць у турмах. Канечне, нашы родныя гэтага не адчуюць і не пачуюць, але ж гэтыя аплядысмэнты — ацэнка таго, што мы робім. Мая задача тут — вярнуць Беларусь на парадак дня і запусьціць працэс уступу Беларусі ў Раду Эўропы. Мяне заўжды раздражняе, калі я бачу мапу Рады Эўропы, і на ёй чорная пляма там, дзе павінна быць Беларусь.
На жаль, наша краіна была выключаная з гэтага працэсу, менавіта празь дзеяньні Лукашэнкі, які на працягу 28 гадоў ізалюе нашу краіну. Калі Лукашэнка хоча быць ізгоем, хай будзе, але ён ня мае права цягнуць за сабой у прорву ўвесь народ.
Я выступала перад трымастамі дэпутатамі Парлямэнцкай Асамблеі, і мы дамовіліся стварыць камітэт па сувязях зь Беларусьсю. У гэты камітэт увойдуць прадстаўнікі Рады Эўропы, дэмакратычных сіл Беларусі і грамадзянскай супольнасьці. Таксама мы абмеркавалі праграму стажыровак і працы для беларускіх юрыстаў, адвакатаў у структурах Рады Эўропы. Я размаўляла з прэзыдэнтам ПАРЭ і з генэральным сакратаром пра супрацу. Яны пагадзіліся дапамагчы нам у падрыхтоўцы рэформаў для новай Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская на сэсіі ПАРЭ: «Беларусы — эўрапейцы і павінны вярнуцца назад у Эўропу»Зь міністрам замежных спраў Фінляндыі гаварылі пра санкцыі, магчымасьць арганізацыі дыялёгу па вырашэньні крызісу ў Беларусі. Рэжым да дыялёгу не гатовы, будзем размаўляць безь яго. З прэм’еркай Ісьляндыі гаварылі пра дапамогу грамадзянскай супольнасьці: яны зараз фінансуюць беларускія мэдыя, праваабаронцаў, таксама будуць падтрымліваць ЭГУ.
— Зьвяртаючыся да дэпутатаў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, вы заклікалі не называць Лукашэнку прэзыдэнтам, ня весьці перамовы з рэжымам. Якая карцінка ў вас была перад вачыма — магчыма, камэры, у якіх Сяргей Ціханоўскі ці іншыя палітвязьні знаходзяцца? Я бачу, што ў вашай тэчцы вялікае фота мужа.
— Сяргей заўжды са мной. Мяне выводзіць зь сябе тое, што палітыкі (два гады ўжо мінула) усё яшчэ памыляюцца, называючы Лукашэнку прэзыдэнтам. Гэта абражае беларусаў. І гэта ня першы выпадак. І журналісты таксама памыляюцца. Яны прызвычаіліся так называць чалавека за 27 гадоў. Але ж мы павінны карэктаваць іх. Што я ўяўляю, калі выступаю? Кожны раз па-рознаму. Канечне, тыя тысячы людзей, якія за кратамі ў Беларусі. Яны заўжды са мной. Найперш я думаю пра людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўрапарлямэнце на канфэрэнцыі Каліноўскага абмяркоўваюць будучыню Беларусі. Відэа«Я адпачну потым, нешта для сябе зраблю потым, бо зараз нельга»
— У Страсбуры, акрамя выступу на пленарным паседжаньні, у вас было 10 сустрэчаў зь VIP. Паміж імі — каля 10–15 хвілін. Абсалютна шалёны графік. Да гэтага быў візыт у Брусэль, перад ім — у Партугалію, Данію. І так амаль кожны дзень ужо другі год. Як вы гэта вытрымліваеце? Мішэль Абама пісала ў сваіх мэмуарах, што ўставала а 5-й раніцы, бо толькі гэта быў час, калі яна магла пасьпець у спартовую залю. Як вы гэты тэмп вытрымліваеце?
— У мяне няма часу спортам займацца, але я заўжды сябе суцяшаю, што я гэта зраблю потым, калі нашы родныя будуць разам з намі. Я адпачну потым, нешта для сябе зраблю потым, бо зараз нельга. Я разумею, што ў мяне здароўе не бясконцае. Але ж не магу я час на сябе марнаваць. Канечне, я стамляюся. Але ты ня можаш дазволіць сабе адпачываць, калі думаеш, што зараз робіць Маша Калесьнікава, Сяргей Ціханоўскі ці Вольга Залатар. Ім нашмат цяжэй, чым мне. Кажаш сабе — ідзі і працуй.
— Ці адчуваюць людзі ў Радзе Эўропы, у гэтым прыгожым Страсбуры, боль беларусаў, які вы спрабуеце да іх данесьці? У вас ужо амаль двухгадовы досьвед сустрэч на высокім узроўні, і думаю, што вы добра разумееце, як працуе сыстэма, як трэба разумець словы падтрымкі і сустрэчы на высокім узроўні. За чым ідуць канкрэтныя дзеяньні, а што — проста яшчэ адна сустрэча, адзін выступ дзеля будучыні?
— Многае залежыць ад чалавека, зь якім размаўляеш. Ёсьць такія, што робяць адразу. Сустракаліся зь міністрам замежных спраў Даніі — дык пытаньне візаў вырашылася за 30 хвілін. Ёсьць такія, каму трэба параіцца, і толькі праз 3–6 месяцаў справа будзе зробленая. Многае з таго, што мы прасілі ў верасьні, пачынае рэалізоўвацца толькі цяпер. Эўразьвяз — гэта 27 краін, і трэба, каб цябе падтрымалі ўсе 27. За кожным рашэньнем — вялікая і доўгая праца. У Радзе Эўропы 46 краін. І нам трэба ўсе 46 галасоў, каб нешта было зроблена. Я ведаю, што многім здаецца: езьдзіць Ціханоўская, нічога ня робіць. Але само падтрыманьне цікавасьці да Беларусі — важная справа. Цяпер уся ўвага на Ўкраіну, і нам заняло некалькі месяцаў, каб патлумачыць, што беларусы і рэжым — не адно і тое ж. Бачыце, што адбываецца зь візамі: трэба з кожнай краінай сустракацца і пераконваць, чаму ня варта беларусаў караць.
— Беларусь як суагрэсар у вайне супраць Украіны ідзе аўтаматам у пакетах санкцый. Якія санкцыі дзейныя, а якія б’юць па тых, хто супраць вайны і супраць Лукашэнкі? І ці ёсьць магчымасьць уплываць на больш эфэктыўнае і кропкавае прыняцьце санкцый?
— Санкцыі ўводзяцца не таму што мы просім, а ў адказ на дзеяньні Лукашэнкі. Мы можам скарэктаваць іх ці патлумачыць, якія больш эфэктыўныя. Важна пазбавіць рэжым рэсурсаў, замарозіць валютныя рэзэрвы, знайсьці актывы пасобнікаў рэжыму. Зараз рэжым выпальвае ўсё жывое, выцягвае з краіны ўсе рэсурсы і траціць іх на сілавікоў. Толькі пару месяцаў таму пачалі працаваць санкцыі супраць калійнага сэктару, нафтапрадуктаў, і бачна, як замітусіўся рэжым. Пакуль рэпрэсіі ня спыняцца, людзей ня вызваляць з турмаў, санкцыі ніхто ня здыме. Найбольш дурныя санкцыі — гэта забарона выдачы візаў простым беларусам. Вось такія абмежаваньні мне незразумелыя. Я заўжды паўтараю — ізалюйце рэжым, але дапамагайце простым людзям.
«Сустрэча з прэзыдэнтам Украіны ўжо адбылася, насамрэч»
— Я хацела вас папрасіць пракамэнтаваць тлумачэньне дарадцы прэзыдэнта Зяленскага Міхаіла Падаляка, чаму дагэтуль не адбылася сустрэча Зяленскага з вамі. Што б вы адказалі на закіды адносна вашай нібыта прарасейскай пазыцыі і адсутнасьці выразнай антываеннай пазыцыі?
— Мая пазыцыя заўжды была, ёсьць і будзе прабеларуская. І ў першы ж дзень вайны я досыць ясна выказалася ў падтрымку Ўкраіны. І беларусы робяць усё, што ў іх сілах, каб дапамагчы Ўкраіне, многія плацяць за гэта жыцьцём. Зразумейце, сустрэча зь Зяленскім — ня самае важнае. Важна, што адбываецца пасьля яе. Сустрэча з прэзыдэнтам Украіны ўжо адбылася, насамрэч. Была ў 2021 годзе нефармальная сустрэча зь Зяленскім на адным зь мерапрыемстваў, я падышла, сказала яму, што мне фатаздымак зь ім не патрэбны. Галоўнае, што яны ведаюць: што беларусы — не рэжым. Я выказала яму словы ўдзячнасьці за тое, што беларусы ва Ўкраіне знаходзяць прытулак. Вельмі важна было яму падзякаваць. А афіцыйная сустрэча, можа, і адбудзецца калі-небудзь. На працоўным узроўні пытаньні вырашаюцца — і гэта добра. Зараз многія беларусы, якія працуюць ва Ўкраіне, сутыкнуліся з праблемай легалізацыі, візаў, блякаваньнем рахункаў.
— І што вы, ваша каманда ў стане зрабіць, каб палепшыць сытуацыю са знаходжаньнем беларусаў ва Ўкраіне, з шэрагам рашэньняў, якія некаторыя могуць назваць антыбеларускімі? Як данесьці ўкраінцам, тым, хто прымае рашэньні, розьніцу паміж Лукашэнкам і большасьцю беларусаў? Ці ў любым разе гэтая адказнасьць за ўдзел у вайне кладзецца на кожнага грамадзяніна Беларусі?
— Мы ствараем офіс у Кіеве, ім будзе кіраваць Валер Кавалеўскі. Ён ужо вядзе перамовы з прадстаўнікамі ўкраінскага МЗС, Вярхоўнай Рады, офісу прэзыдэнта. Я і прадстаўнікі маёй каманды пастаянна выходзім у эфіры ўкраінскіх каналаў, расказваем, што робяць беларусы. Але, безумоўна, самую вялікую працу робяць каліноўцы і беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне. Іх падтрымка Ўкраіны — ня словамі, а справамі. Многія заплацілі за гэта ўласным жыцьцём.
«Я ня буду казаць, што няшчасная, але не магу радавацца жыцьцю»
— Я сачу за вашымі візытамі і бачу ў сацсетках сэлфі з вамі, якія рабілі беларусы ў розных краінах. Зьвярнула ўвагу на адзін нядаўні здымак, на якім вы выглядалі вельмі невясёлай, стомленай. Я адчула, як вам баліць, што, як казалі ў навагоднім звароце, «я таксама злуюся». Натуральна, цяпер мала нагодаў для ўсьмешак. Як вы псыхалягічна, маральна зьмяніліся за гэтыя два гады? Якой цяпер сябе адчуваеце?
— Я б сказала, што як палітычны дзеяч я цяпер больш упэўненая, але пэрсанальны боль нікуды не сыходзіць і ня сыдзе. Ты ўвесь час думаеш пра людзей. Я камунікую зь людзьмі наўпрост, і людзі дзеляцца сваім болем. Успрымаеш яго як свой і стараесься дапамагчы. І гэта кожны, кожны дзень. Я ня буду казаць, што я няшчасная, але ж не магу радавацца жыцьцю. Ёсьць некаторыя моманты, калі ўсьміхаесься, калі зь дзецьмі ты пяшчотная, клапатлівая, сьмяемся над мульцікамі... Але гэта ўсё ненатуральнае, бо пакуль людзі пакутуюць, ты ня можаш радавацца жыцьцю.
— Калі вы апошні раз плакалі?
— З гэтым складана. Ня ведаю чаму, але мне здаецца, што да 2020 году я плакала нашмат болей. Плакала над фільмам, плакала, калі было крыўдна. А за апошні год... У той дзень, калі даведалася пра прысуд 18 гадоў Сяргею, як бы прарвала, адышла ўбок і паплакала. Гэта была сярэдзіна дня, і ўжо ўвечары дала волю сьлязам. Гэта было апошні раз. Я стрымліваю сябе...