Літва абмежавала расейскі транзыт у Калінінградзкую вобласьць. Расея пагражае жорсткім адказам. Ці падтрымліваюць іншыя краіны ЭЗ Вільню ў яе рашэньні наконт транзыту? У выпадку ваеннага адказу Расеі ці чакаюць у Літве, што ў гэтым будзе задзейнічаная і Беларусь? Як Паўночнаатлянтычны альянс будзе абараняць Літву ў выпадку вайны?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае літоўскі палітоляг, супрацоўнік Інстытуту міжнародных адносін і палітычных навук Віленскага ўнівэрсытэту, дырэктар праектаў Freedom House Віціс Юрконіс.
Сьцісла:
- Літва, увёўшы абмежаваньні на транзыт у Калінінградзкую вобласьць, выконвала супольнае рашэньне Эўразьвязу.
- Брусэль падтрымлівае Літву ў яе пазыцыі.
- Пагроза рэзкіх дзеяньняў Расеі існуе, але яна заўсёды была.
- У выпадку нападу Расеі на Літву Лукашэнка, хутчэй за ўсё, будзе спрыяць гэтаму нападу, але беларускія войскі ў ім удзельнічаць ня будуць.
- Пуцін ня вельмі спадзяецца на беларускіх вайскоўцаў і ня вельмі ім давярае.
- NATO падтрымала Літву ў цяперашнім крызісе ў стасунках з Расеяй.
- Нямеччына заявіла, што ў выпадку нападу яе салдаты, дысьлякаваныя ў Літве, будуць ваяваць, не чакаючы палітычнага рашэньня.
— Літва ўвяла абмежаваньні на расейскі транзыт у Калінінградзкую вобласьць. Абмежаваньні тычацца тавараў, якія падпалі пад санкцыі ЭЗ супраць Расеі. Масква была абураная рашэньнем Вільні. Пагрозы на адрас Літвы прагучалі з вуснаў прадстаўнікоў МЗС РФ і сакратара Рады бясьпекі Расеі Мікалая Патрушава.
Санкцыі ЭЗ былі ўведзеныя адносна імпарту з Расеі і экспарту ў РФ. Але сытуацыя з Калінінградзкай вобласьцю ўнікальная: расейскі транзыт у яе — гэта транзыт з Расеі ў Расею. Ці правільна я зразумеў, што Літва разглядае гэты транзыт як любы іншы транзыт з Расеі празь Літву ў іншую краіну?
— Транзыт у Калінінград ня спынены. Ён толькі абмежаваны, зь яго выключаныя падсанкцыйныя тавары. Літва не блякуе Калінінград. Тыя ж самыя тавары Расея можа прывезьці ў Калінінградзкую вобласьць па моры і самалётамі. Гэта будзе даражэй, але такія магчымасьці застаюцца. Расея гаворыць пра выкананьне міжнародных правілаў. Але яна сама не выконвае гэтыя правілы.
Калі б выконваўся Будапэшцкі мэмарандум, калі б выконвалася міжнароднае права, то не было б і санкцыяў. Літва не прыняла аднабаковае рашэньне, яна проста выконвае санкцыйны рэжым. У рашэньні ЭЗ пра санкцыі было адмыслова пазначана, што яно тычыцца і расейскага транзыту ў Калінінградзкую вобласьць. І Літва гэтае рашэньне проста выконвае. Рашэньне Вільні — гэта ня спроба дражніць Расею, гэта тэхнічнае выкананьне рашэньня ўсяго ЭЗ.
Мы ведаем, што, скажам, Вугоршчына імкнецца абыходзіць санкцыі, практыкаваць выключэньні з санкцыяў. Мы гэтага рабіць ня будзем. Мы былі адным з адвакатаў гэтай палітыкі. Беларусы павінны разумець важнасьць такой пазыцыі. Беларусь спрабавалі выкарыстоўваць для абыходу санкцыяў. Беларусь была транзытэрам забароненых тавараў у адзін і другі бок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакратар Рады бясьпекі Расеі прыгразіў Літве ў адказ на забарону транзыту грузаў у Калінінград— Крызісу ў стасунках паміж Вільняй і Масквой ужо некалькі дзён. Усе ўбачылі рэакцыю Расеі. Як на гэта рэагуе Эўразьвяз у цэлым і асобныя краіны? Яны выказваюць салідарнасьць зь Літвой за тое, што яна адстойвае супольную пазыцыю?
— Падтрымка Брусэлю адназначная. Пазыцыя Літвы ўзгодненая з Брусэлем. Крэмль блытае адрас сваіх філіпікаў і пагрозаў. Яны павінныя іх прад’яўляць усяму Эўразьвязу. Але яны разьлічваюць запалохаць і зламаць Літву як малую дзяржаву. Гэта палітыка, якую ў Беларусі добра ведаюць. Гэта нават ня варта называць крызісам, гэта проста чарговая порцыя расейскіх пагрозаў.
Мы з такім складаным суседам жывем ужо гадоў 20. Мы памятаем усе вучэньні «Захад», якія суправаджаліся пагрозамі і тыканьнем пальцам у бок Сувальскага калідора, «Іскандэры» у Калінінградзкай вобласьці, «Бронзавага салдата» ў Таліне ў 2007 годзе, памятаем усе кібэратакі і гібрыдныя пагрозы. Гэта ня зьменіцца, пакуль не памяняецца ўлада ў Крамлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сцэнар нападу»: чаму ў Латвіі непакояцца вучэньнямі «Захад-2017»— Да 24 лютага некаторыя таксама думалі, што Расея ўсяго толькі, як звычайна, пагражае і шантажуе....
— Літву гэтым папракаць нельга. Мы пра гэта папярэджвалі — і ў 2008 годзе, і ў 2014 годзе, і пра Беларусь папярэджвалі.
— Як цяпер у Літве ўспрымаюць апошнія расейскія пагрозы — як звыклыя паводзіны ці так, што яна можа і рэалізаваць гэтыя пагрозы, у тым ліку і ваеннымі сродкамі? Амэрыканскі часопіс Politico піша, што цяпер Літва, Сувальскі калідор — ці ня самае небясьпечнае месца ў сьвеце.
— Мы ўспрымаем пагрозы з боку Масквы сурʼёзна і гаворым пра іх даўно. І таму і ўступілі ў NATO, таму і просім узмацняць прысутнасьць войскаў Альянсу. Зьнішчальнікі Расеі ўвесь час парушаюць паветраную прастору Літвы, таму ў нас і ёсьць паветраная паліцыя NATO.
— Іншымі словамі, Літва не выключае, што гэтыя расейскія пагрозы могуць быць рэалізаваныя ў выглядзе ваеннай інтэрвэнцыі?
— Нічога не памянялася ў сэнсе пагрозаў за апошнія 5 гадоў. Пільна назіраць за гэтым трэба, але ня трэба панікаваць. Гэта якраз тое, чаго хоча Крэмль — адцягнуць увагу ад таго, што адбываецца ва Ўкраіне. Мэта — каб Эўразьвяз заклапаціўся пагрозай сабе і зьменшыў дапамогу Ўкраіне. Гэта не пытаньне «альбо — альбо», гэта пытаньне «і — і».
Шмат краінаў NATO паведамілі нам, што чуюць расейскія пагрозы і назіраюць за разьвіцьцём сытуацыі. І робяць тое, што і рабілі. У нас павялічыўся вайсковы бюджэт, мы вярнулі вайсковы прызыў. Больш імаверна ўжываньне Расеяй гібрыдных дзеяньняў. Магчымы ціск у галінах энэргетыкі і лягістыкі.
Але баяцца — гэта ня наш шлях. Гэта тое, чаго хоча Крэмль. Яны лічаць, што ўсе краіны ЭЗ слабыя, што дастаткова іх папалохаць, і яны памяняюць свае рашэньні. Гэтага ня будзе. Прысутнасьць NATO у рэгіёне будзе толькі пашырацца. Так што сваім ціскам Расея працуе супраць сябе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША пацьвердзілі вернасьць 5-му артыкулу Статуту NATO ў дачыненьні да Літвы— Паводле ацэнак літоўскіх аналітыкаў — калі Расея зробіць ваенныя захады адносна Літвы, ці будзе ў іх удзельнічаць Беларусь? У расейскім уварваньні ва Ўкраіну Беларусь пэўную і важную ролю адыгрывала.
Пры гэтым адна «клешчына» Сувальскага калідора — гэта Калінінградзкая вобласьць, а другая — якраз Беларусь. «Клешчы» могуць самкнуцца.
— Лукашэнка — гэта саюзьнік Расеі № 1. Гэта паказвалі і вучэньні «Захад», і яго пазыцыя адносна нападу на Ўкраіну. Калі Расея адкрые яшчэ адзін фронт, беларускі рэжым будзе імкнуцца ў гэтым удзельнічаць. Ён цалкам залежыць ад Расеі. Лукашэнка не прыняў ніводнага самастойнага рашэньня адносна геапалітычнага становішча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітоляг Віціс Юрконіс: «Менавіта рэжым, а ня санкцыі, робяць Беларусь усё больш залежнай ад Крамля»— А наколькі імаверным падаецца ўдзел беларускага войска ў гіпатэтычнай вайне Расеі зь Літвой? У вайне РФ з Украінай беларускае войска ня ўдзельнічае, прынамсі, пакуль.
— Магчыма, удзел беларускага войска ў вайне бессэнсоўны і з пункту гледжаньня Лукашэнкі, і з пункту гледжаньня Пуціна. У гэтага войска няма жаданьня ўдзельнічаць у чужых войнах. Пуцін ня вельмі спадзяецца на беларускіх вайскоўцаў і ня вельмі ім давярае.
Беларускі рэжым проста не перашкаджаў нападаць з тэрыторыі Беларусі. Калі расейскія войскі пойдуць на Літву, Лукашэнка проста дазволіць ім гэта рабіць зь беларускай тэрыторыі.
Ваяваць з краінамі NATO будзе для Расеі няпроста. Расеі і цяпер няпроста ва Ўкраіне. А калі б адкрыўся яшчэ адзін фронт, мы памятаем, чым скончылася вайна на два франты ў 1945 годзе.
Трэба быць варʼятам, каб пайсьці на гэта. Хоць нападаць на Ўкраіну таксама было варʼяцтвам. Але напад на краіну NATO — гэта варʼяцтва ў квадраце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінляндыя гатовая ваяваць з Расеяй у выпадку нападу, — кіраўнік Мінабароны— А цяпер — пра ролю NATO. Некалькі гадоў таму дасьледны цэнтар RAND праводзіў гульню са сцэнарам нападу РФ на краіны Балтыі. Па выніках гульні яны прыйшлі да высновы, што Захаду трэба трымаць у краінах Балтыі велізарны вайсковы кантынгент, каб прадухіліць хуткі ваенны разгром гэтых краінаў.
— Варта прыгадаць, колькі набалбаталі заходнія экспэрты пра нэўтралітэт Беларусі. Прагнозы наконт немагчымасьці абараніць балтыйскія краіны маюць падобную ж подбіўку. Варта паглядзець, што RAND пісаў наконт вайны ва Ўкраіне. Але нават абстрагуючыся ад гэтага, варта адзначыць, што з часу той гульні RAND сытуацыя ў рэгіёне памянялася. Прысутнасьць NATO ў рэгіёне істотна павялічылася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскае войска падчас вучэньняў імітуе ракетныя ўдары па Эстоніі— Ці была нейкая рэакцыя NATO на цяперашні крызіс у адносінах Вільні і Масквы? Ці была пацьверджаная вузкая трактоўка 5 артыкула статуту Альянсу, ці было сказана — калі Расея на Літву нападзе, краіны Альянсу будуць ваяваць з Расеяй?
— Так, было сказана. З Бэрліну было сказана, што калі пачнецца вайна, нямецкія вайскоўцы, дысьлякаваныя ў Літве, будуць ваяваць, не чакаючы палітычнага сыгналу.