Суд над Слаўнікавай у закрытым рэжыме
Суд над журналісткай Ірынай Слаўнікавай пачаўся ў Гомельскім абласным судзе пасьля 10-й гадзіны. Працэс зрабілі закрытым, у залю не пусьцілі ў тым ліку бацьку падсуднай.
Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі 30 кастрычніка 2021 году ў менскім аэрапорце, калі яны вярталіся з адпачынку. Сужэнцы адседзелі па 30 дзён адміністрацыйнага арышту: першыя 15 нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», другія 15 — за «дробнае хуліганства».
Празь нейкі час стала вядома, што Ірына Слаўнікава зрабілася падазраванай паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). А ў канцы красавіка 2022 году бацька Ірыны Аляксандар Слаўнікаў даведаўся, што ягонай дачцэ выставілі новае абвінавачаньне — «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня».
На пачатку чэрвеня Ірыну зь менскага СІЗА на Валадарскага перавялі ў гомельскае СІЗА-3.
У судзе абвешчаны перапынак да 6 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жыць трэба тут, на Радзіме, і спрабаваць штосьці зьмяніць». Судзяць журналістку Ірыну СлаўнікавуПракурор патрабуе 3 гады «хатняй хіміі» для вікіпэдыста Бернштэйна
Таксама ў Менску пачаўся суд над вікіпэдыстам Маркам Бернштэйнам. Працэс адбываецца ў судзе Заводзкага раёну. Судзьдзя Анастасія Асіпчык.
Пракурор просіць для палітвязьня пакараньне ў выглядзе 3 гадоў «хатняй хіміі». Прысуд агучаць у 9:45 у пятніцу, 24 чэрвеня.
Марк Бернштэйн — плённы аўтар Вікіпэдыі і блогер. Уваходзіць у сьпіс 50 найлепшых аўтараў Вікіпэдыі ў расейскамоўным сэгмэнце. Бернштэйна затрымалі 11 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў — на запыт ФСБ Расеі. Фатаздымак затрыманага была разьмешчана з прыпіскай «Гэты чалавек распаўсюджвае фэйкавыя антырасейскія матэрыялы».
Спачатку Бернштэйн адбываў адміністрацыйны арышт, але праз 15 дзён на волю ня выйшаў. Неўзабаве стала вядома, што на яго завялі ўжо крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
Марк Бернштэйн вядомы пад псэўданімам Pessimist2006 як адзін з самых актыўных рэдактараў Вікіпэдыі (звыш 200 тысяч правак яго аўтарства). Затрыманьне адбылося на наступны дзень пасьля публікацыі ў пракрамлёўскім тэлеграм-канале інфармацыі пра тое, што Марк падпадае пад новы расейскі закон «Аб фэйках».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перасьлед Вікіпэдыі. У Расеі пагражаюць заблякаваць сайт праекту, у Беларусі арыштоўваюць аўтараў