Васіль Быкаў: «У мяне да Ўкраіны самае шчымлівае пачуцьцё...». Цытаты з раней не апублікаванага ліста

Васіль Быкаў. Фота Яўгена Коктыша

У дзевятнадцатую гадавіну сьмерці Васіля Быкава Свабода ўпершыню публікуе фрагмэнт ягонага ліставаньня зь сябрам, украінскім літаратурным крытыкам Васілём Буранам.

Іх пераслала жонка Бурана, калі ў 2004 годзе я працаваў над кнігай «Быкаў на Свабодзе» (PDF).

Украінскі і беларускі літаратурны крытык Васіль Буран (1924–2001) быў аўтарам самай першай манаграфіі пра творчасьць Быкава, якая выйшла ў 1976 годзе, а яшчэ раней, у 1965-м, падтрымаў станоўчай рэцэнзіяй выхад аповесьці «Мёртвым не баліць», за якую Быкава цкавалі і ў «саюзнай», і ў «рэспубліканскай» прэсе.

З канца 1990-х гадоў Васіль Буран разам з жонкай жыў у Нямеччыне, куды ў 1999 годзе, пасьля Фінляндыі, на стыпэндыю ПЭН-цэнтру пераехалі і Васіль і Ірына Быкавы. Лукашэнкаўскі рэжым стварыў на радзіме «невыносныя» (як характарызаваў іх сам Быкаў) умовы для жыцьця і творчасьці.

«Тут я — чалавек з усходу, бедны беларус з краіны, якую тут мала хто і ведае, — піша Васіль Быкаў сябру 27 жніўня 2000 году. — Жыву я на стыпэндыю, якую выхлапатаў праз пэнклуб завочна. Бо нікога з таго пэнклуба яшчэ ў вочы ня бачыў. Праз тры месяцы стыпэндыя канчаецца, канчаецца і віза таксама. Паеду да Лукашэнкі — на ягоную міласьць. А ён можа адабраць пашпарт, пасадзіць, аб’явіць, што Быкаў украў у дзяржавы мільён даляраў. Знойдзецца дзясятак сьведак, якія пацьвердзяць, адпаведныя дакумэнты, судзьдзі і пракуроры. Або можна зьнікнуць безь сьляда, як пазьнікалі ўжо многія. І ўсё толькі таму, што некалі пару разоў выступіў супраць яго і на выбарах агітаваў за Пазьняка. А тут я таксама пад ягоным каўпаком, і кожны мой крок (і кожнае слова) адсочваецца і дакладаецца ў Менск. У Маскву таксама...»

Выглядае, Васіль Буран напісаў пра сваю хваробу, і Быкаў, які сам пачуваў сябе ня лепшым чынам, знаходзіць словы для падтрымкі сябра.

«Дарагі братка Васіль! Я вельмі жадаю табе як-небудзь адолець хваробу і паправіцца, і яшчэ нешта зрабіць дзеля нашай былой літаратуры. Праўда, адсюль карысьці ёй зробіш няшмат, але некалі ж вернесься на Радзіму».

Ліст Васіля Быкава да Васіля Бурана, 2000 год

Прыгадвае Быкаў і Ўкраіну. У той год былая камуністычная намэнклятура, якая захапіла ўсе галіны ўлады, актывізавала наступ на дэмакратыю — хай і не такімі тэмпамі, як гэта зрабіў у Беларусі Лукашэнка. Як і ў Беларусі, ва Ўкраіне адбываліся загадкавыя сьмерці і забойствы. У сакавіку 1999 году ў аўтакатастрофе загінуў лідэр Народнага руху Вячаслаў Чарнавол. Празь некалькі тыдняў пасьля ліста, у верасьні 2000-га, будзе забіты журналіст Георгій Гангадзэ.

Добра вядома, што на ўкраінскай зямлі Быкаў прыняў свой першы бой. Але той, хто ўважліва чытаў ягоныя ўспаміны, ведае, што там жа ён сустрэў і сваё першае каханьне.

«У мяне да Ўкраіны самае шчымлівае пачуцьцё, часам большае, чым да Беларусі. Можа таму, што маладосьць мая зьвязаная была зь ёй (Сумшчына, Харкаўшчына, Чарнігаўшчына, Кіраваградчына, Умань — Вапнярка, Мікалаеў), і я дужа перажываю, што ёй выпала гэткая доля. І хто вінаваты? Але як-небудзь!»

Васіль Буран не пераможа хваробу і памрэ ў 2001-м. Ужо пасьля ягонай сьмерці літаратурна-мастацкі часопіс украінскіх пісьменьнікаў Нямеччыны «Соборність» надрукуе ягоны пераклад быкаўскай прыпавесьці «Велікоднае яйка».

Яшчэ праз два гады, 22 чэрвеня 2003 году, пайшоў з жыцьця Васіль Быкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З украінскай школьнай праграмы скрэсьлілі антываенны твор Васіля Быкава: «Улічваючы масавае ўварваньне расейскіх узброеных сілаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вінаваты, аказваецца, Васіль Быкаў! Абсурд»