Старшыня Рады аўдыёвізуальнага вяшчаньня Рэспублікі Малдова Ліліяна Віцу кажа, што на наступным тыдні закон афіцыйна набудзе моц, прапаганда будзе санкцыянавацца значна больш жорстка, чым дагэтуль. СМІ, якія трансьлююць дэзынфармацыю, будуць плаціць штрафы, а наступнай мерай для парушальнікаў стане пазбаўленьне права на паказ рэклямы, адзначае агенцтва IPN.
У цяперашні час рашэньнем Камісіі надзвычайных сытуацый забароненыя палітычныя або ваенныя навіны і трансьляцыі з краін, якія не ратыфікавалі Канвэнцыі аб трансмежнай тэлевізіі, у сьпіс уваходзяць Расея і Беларусь (апошняя яе не падпісвала). З уступленьнем у сілу закону аб інфармацыйнай бясьпецы гэтыя мэдыяпрадукты больш ня будуць сустракацца ў сетках вяшчаньня нават пасьля заканчэньня дзеяньня надзвычайнага становішча.
Ліліяна Віцу кажа, што вайна ва Ўкраіне прымусіла ўлады прыняць значна больш жорсткія меры да прапаганды з-за мяжы.
«У другім чытаньні былі ўнесены зьмены толькі ў Кодэкс аб аўдыёвізуальных мэдыяпаслугах, і тут было найменш крытыкі. Уводзіцца паняцьце „дэзынфармацыя“, што прадугледжвае значна больш жорсткія санкцыі. Для тых, хто не вырабляе мясцовага кантэнту, вызначаны новы парог штрафу. Рада аўдыёвізуальнага вяшчаньня атрымлівае прэрагатыву прыпыніць права на рэкляму. У выпадку дэзынфармацыі будзе права прыпыніць дзеяньне ліцэнзіі на тэрмін да 7 дзён, і гэта можа адбыцца ў пэрыяд выбараў, вельмі важны пэрыяд, калі мы робімся сьведкамі вялікай колькасьці дэзынфармацыі», — патлумачыла Ліліяна Віцу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова адмовілася выдаць украінскага дэпутата БеларусіЗгодна з законам аб інфармацыйнай бясьпецы, 50% замежнага зьмесьціва, якое паказваюць тэлеканалы, мусіць паступаць з краінаў Эўразьвязу, ЗША і дзяржаў, якія ратыфікавалі Канвэнцыю аб трансгранічнай тэлевізіі. Парлямэнцкая апазыцыя, якая займае прарасейскія пазыцыі, кваліфікуе новыя палажэньні як «інстытут цэнзуры».
У 2017-м годзе пераважна ў сувязі з расейскай прапагандай пра баявыя дзеяньні на Данбасе Малдова ўжо ўводзіла абмежаваньні на трансьляцыі замежных тэлеканалаў на тэму палітыкі і вайны. У 2020-м годзе забарону зьнялі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Малдовы прыняў закон, які забараняе рэтрансьляцыю інфармацыйных і палітычных праграм з РасеіПаўнамаштабная вайна Расеі супраць Украіны, што пачалася 24 лютага 2022 году, прымусіла малдаўскія ўлады зноў узмацніць інфармацыйную бясьпеку. Акрамя таго, прапаганда расейскіх тэлеканалаў мае вялікі ўплыў на сэпаратысцкі рэгіён «Прыднястроўе», якія 30 гадоў існуе на тэрыторыі Малдовы. Акрамя таго, там ужо фіксаваліся абстрэлы, што прымусіла экстранна зьбірацца Раду бясьпекі Малдовы пры ўдзеле прэзыдэнта Маі Санду.
Раней у Малдове на спадарожніку быў даступны беларускі дзяржаўны канал Беларусь 24. У 2018-м адзін з апэратараў — Orange Moldova выключыў гэты тэлеканал зь пераліку тых, хто мае трансьляцыі на плятформе. Беларуская дзяржаўная тэлевізія падтрымлівае расейскую агрэсію супраць суседняй Украіны і вядзе прапаганду супраць Украіны, ЗША, Эўразьвязу і іх саюзьнікаў. Малдова раней падала заяўку на ўступленьне ў ЭЗ і можа афіцыйна стаць членам на ўступленьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне забаранілі расейскую музыку і ўвоз кніг, выдадзеных па-расейску ў Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: Эўракамісія парэкамэндуе даць статус кандыдатаў у ЭЗ Украіне і Малдове пры шэрагу ўмоў