Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: Эўракамісія парэкамэндуе даць статус кандыдатаў у ЭЗ Украіне і Малдове пры шэрагу ўмоў


Эўрапейская камісія ў пятніцу, 17 чэрвеня, дасьць рэкамэндацыю надаць Украіне і Малдове статус кандыдатаў на ўступленьне ў ЭЗ пры выкананьні пэўных умоў у будучыні.

Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на дасьведчаныя крыніцы.

«Выканаўчая ўлада зьбіраецца рэкамэндаваць даць Украіне і Малдове статус краін — кандыдатаў у ЭЗ. Гэта сымбалічны крок, частка працяглага працэсу ўступленьня ў Эўразьвяз», — піша агенцтва.

Bloomberg адзначае, што пры гэтым Эўракамісія «агучыць умовы, якія гэтыя краіны павінны будуць выканаць у будучыні. Яны тычацца прынцыпу вяршэнства закону, сыстэмы юстыцыі, барацьбы супраць карупцыі.

Такі статус зможа атрымаць і Грузія на гэтых самых умовах.

Пра тое, што Эўракамісія мае намер прапанаваць надаць Украіне статус дзяржавы – кандыдата ў ЭЗ, раней пісала выданьне Politico. Паволе дадзеных Bloomberg, некалькі краін ужо запярэчылі, у прыватнасьці Данія і Нідэрлянды.

На прэс-канфэрэнцыі па выніках перамоваў у Кіеве 16 чэрвеня Эманюэль Макрон паведаміў, што ўсе чатыры эўрапейскія лідэры падтрымалі ідэю наданьня Ўкраіне «неадкладнага» статусу кандыдата. Оляф Шольц адзначыў, што для членства Ўкраіны ў ЭЗ «павінны быць выкананыя патрабаваньні ў адносінах да дэмакратыі і вяршэнства закону».

Аднак, як паведамляе нямецкае выданьне Die Welt, эўрапейскія лідэры «за зачыненымі дзьвярыма» заклікалі ўкраінскага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага сесьці за стол перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Пастаянны прадстаўнік РФ пры ААН Васілій Нябензя, у сваю чаргу, назваў стаўленьне Эўразьвязу да Расеі «варожым». Паводле яго, магчымае ўступ леньне Ўкраіны ў ЭЗ не адпавядае расейскім інтарэсам.

«Падключэньне да гэтага недружалюбнага для нас саюзу новых дзяржаў, уключаючы Ўкраіну, у новых умовах больш не адпавядае расейскім інтарэсам», — падкрэсьліў ён.

  • Украіна падала заяўку на ўступленьне ў ЭЗ амаль адразу пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня. Сьледам за ёй заяўкі таксама падалі Грузія і Малдова.
  • Эўракамісія павінна прыняць рашэньне наконт заяўкі Ўкраіны 17 чэрвеня, пасьля чаго гэтае пытаньне на саміце 23-24 чэрвеня абмяркуюць лідэры краін ЭЗ. У выпадку, калі Ўкраіне прысвояць статус «кандыдата на ўступленьне», каб стаць паўнавартасным членам саюзу, краіне давядзецца правесьці мноства рэформаў для адпаведнасьці крытэрыям, а затым атрымаць ухваленьне ад усіх 27 краін блёку. Прадстаўнікі Эўракамісіі і шэрагу краін Эўразьвязу, уключаючы Польшчу, запэўнілі Ўкраіну, што яе заяўка будзе разгледжаная так хутка, як гэта магчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG