Удар па Мікалаеве; украінскія войскі заяўляюць, што падбілі расейскі буксір «Василий Бех». 114-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Наступствы расейскага абстрэлу гораду Пакроўску Данецкай вобласьці, 16 чэрвеня

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 7 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Зяленскі даручыў праверыць гатоўнасьць да адпору ўварваньню зь Беларусі ў 4 рэгіёнах.
  • З пачатку вайны, паводле ААН, ва Ўкраіне загінуў сама меней 4481 мірны жыхар (сярод іх 284 дзіцяці), пацярпелі 5565 (сярод іх 462 дзіцяці).
  • Лідэры Італіі, Францыі, Нямеччыны і Румыніі ўпершыню за час вайны прыбылі ва Ўкраіну.
  • Расейскае войска намагаецца ўзяць пад поўны кантроль Севераданецк.
  • У бомбасховішчах «Азоту» знаходзяцца 568 чалавек, у тым ліку 38 дзяцей.
  • Расейцы разьбілі ракетай вагон з гуманітарнай дапамогай для марыюпальцаў у эвакуацыі.
  • Украіна вярнула целы яшчэ 64 абаронцаў «Азоўсталі».
  • Расейцы атакуюць Севераданецк з розных кірункаў, але завод «Азоў» заблякаваць ня могуць.
  • Генштаб Украіны паведаміў аб прасоўваньні расейскіх войскаў да Бахмута, за некалькі кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад гораду.
  • 4,5 мільёна ўкраінцаў вярнуліся ва Ўкраіну пасьля выезду на пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю.
  • Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны заявіў, што страты ўкраінскіх вайскоўцаў цяпер складаюць ад 100 да 200 чалавек штодзень.
  • Джо Байдэн заявіў аб наданьні Ўкраіне дадаткова $1 млрд амэрыканскай вайсковай дапамогі для абароны ад расейскага нападу і $225 млн даляраў гуманітарнай дапамогі.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Тэрытарыяльны кантроль Украіны па стане на 12 чэрвеня 2022

Што адбываецца 16 і 17 чэрвеня

Мінабароны Ўкраіны: расейцы забараняюць дзецям у Марыюпалі размаўляць па-ўкраінску

Сьпікер Міністэрства абароны Ўкраіны Аляксандар Матузянік заявіў, што расейцы працягваюць «палітыку тэрору і генацыду» супраць украінцаў на часова акупаваных тэрыторыях.

«У акупаваным Марыюпалі так званае кіраўніцтва адукацыйных устаноў забараняе дзецям размаўляць па-ўкраінску, пагражаючы «непрадказальнымі наступствамі для дзяцей і бацькоў», — заявіў Аляксандар Матузянік 17 чэрвеня на брыфінгу ў Кіеве.

Украінскія войскі заяўляюць, што падбілі расейскі буксір «Василий Бех»

У акваторыі Чорнага мора ўкраінскія вайскоўцы пацэлілі ў расейскі буксір «Василий Бех» падчас транспартаваньня боепрыпасаў, узбраеньня і асабовага складу Чарнаморскага флёту.

«Нават наяўнасьць на борце зэнітна-ракетнага комплексу «ТОР» не перашкодзіла Вайскова-марскім сілам Узброеных сіл Украіны дэмілітарызаваць расейскіх захопнікаў», — гаворыцца ў паведамленьні ВМС УСУ.

Расейскі бок аб страце не паведамляе.

Удары па Севераданецку і Лісічанску: шасьцёра загінулых

Расейскія войскі нанесьлі авіяўдар па Доме культуры ў Лісічанску, дзе хаваліся людзі, паведаміў кіраўнік Луганскай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Паводле ягоных зьвестак, тры чалавекі загінулі, сямёра — шпіталізаваныя з траўмамі рознай ступені цяжкасьці. Акрамя таго, у выніку абстрэлу абрынуўся будынак мясцовага прафілякторыю, таксама былі тры «прылёты» ў будынак мясцовай школы, расказаў ён.

«Таксама стала вядома аб двух загінулых у старых раёнах Севераданецку — маці з сынам», — напісаў Гайдай у сваім тэлеграм-канале.

Расейскія войскі працягваюць зьнішчаць інфраструктуру рэгіёну. Гэтым разам пад абстрэлы трапілі збудаваньні Паўночнаданецкага заводу хімічнага нестандартызаванага абсталяваньня, пашкоджаны будынак першай прахадной «Азоту».

«Усяго восем загінулых і восем параненых сярод цывільных», — дадаў ён.

У Мікалаеве ў выніку расейскага абстрэлу загінуў адзін чалавек і яшчэ 6 атрымалі раненьні

Кіраўнік Мікалаеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Віталь Кім паведаміў пра ахвяраў і разбурэньні ў выніку ранішняга абстрэлу расейскімі войскамі.

«Ад ракетнага ўдару раніцай у Мікалаеве пацярпелі чатыры жылыя шматпавярховыя будынкі і адзін аб’ект інфраструктуры. На цяперашні момант — адзін загінулы і шэсьць параненых, у тым ліку адно дзіця. Вядуцца ратавальныя працы», — паведаміў Віталь Кім.

У бомбасховішчах «Азоту» — 568 чалавек, у тым ліку 38 дзяцей. Эвакуаваць іх пакуль немагчыма

На гэты момант з прычыны пастаянных абстрэлаў і баёў эвакуацыя з бамбасховішчаў севераданецкага аб'яднаньня «Азот» немагчымая, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Па ягоных словах, у сховішчы цяпер 568 чалавек, у тым ліку 38 дзяцей. Гайдай дадаў, што выхад з камбінату магчымы толькі пры поўным спыненьні агню. Пры гэтым, па словах кіраўніка АВА, Севераданецк не заблякаваны, камунікацыя з горадам ёсьць.

У Белгародзкай вобласьці РФ разьбіўся расейскі вайсковы самалёт

Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на свае крыніцы. Паводле папярэдніх зьвестак, гаворка пра Су-25. Ён зачапіў апору ЛЭП, што і стала прычынаю крушэньня. Пілёт, папярэдне, пасьпеў катапультавацца.

Украіна вывучае новыя пагрозы ўварваньня з боку Беларусі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі склікаў нараду стаўкі галоўнакамандуючага ў пытаньнях пагрозы магчымага новага ўварваньня зь Беларусі. На нарадзе кіраўнік Украіны даручыў правесьці праверку гатоўнасьці да адпору нападу ў чатырох абласьцях.

Пра гэта піша «Українська правда» са спасылкай на сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксея Данілава.

Ён не ўдакладніў, у якіх абласьцях пройдзе праверка. Беларусь мяжуе з 5 абласьцямі Ўкраіны: Чарнігаўскай, Кіеўскай, Жытомірскай, Ровенскай і Валынскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі даручыў праверыць гатоўнасьць да адпору ўварваньню зь Беларусі ў 4 рэгіёнах

Баі на Данбасе працягваюцца

Расейскія вайскоўцы правялі беспасьпяховыя наступальныя апэрацыі на паўночны захад ад Славянску, а ўкраінскія войскі аднавілі падрыхтоўку да контранаступу на захад ад Ізюма, пішуць аналітыкі Інстытуту вывучэньня вайны.

Лідэры Францыі, Нямеччыны, Італіі і Румыніі пабывалі ў Кіеве

Ва Ўкраіну прыехалі прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц і прэм’ер-міністар Італіі Марыё Драгі. У Кіеве яны сустрэліся з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Палітыкі наведалі Ірпень, дзе, як і ў іншых гарадах Кіеўскай вобласьці, пасьля адступленьня расейскіх вайскоўцаў былі знойдзеныя дзясяткі целаў мірных жыхароў.

Іх місія — выказаць падтрымку народу Ўкраіны ў барацьбе з расейскай агрэсіяй. 17 чэрвеня Эўракамісія разглядае, ці прызначыць Украіне статус краіны-кандыдата на сяброўства ў ЭЗ.

«Мы ўсе чацьвёра падтрымліваем неадкладны статус кандыдата ў чальцы ЭЗ», — сказаў Макрон. Ён дадаў, што Францыя павялічыць пастаўкі зброі Ўкраіне.

Драгі адзначыў, што Італія хоча бачыць Украіну часткай Эўразьвязу. Прэмʼер Італіі на прэс-канфэрэнцыі таксама заявіў, што поўнасьцю падтрымлівае расьсьледаваньне меркаваных ваенных злачынстваў на ўкраінскай тэрыторыі.

Па словах канцлера Нямеччыны, Бэрлін будзе падтрымліваць Украіну да таго часу, пакуль гэта неабходна. Оляф Шольц адзначыў, што ФРГ прыняла 800 000 украінскіх уцекачоў, а таксама аказвае фінансавую і вайсковую падтрымку Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон у Кіеве: Мы падтрымліваем неадкладны статус Украіны як кандыдата ў ЭЗ

Расейцы стараюцца ўзяць пад поўны кантроль Севераданецк. Баі працягваюцца

Як паведамляе Генштаб Украіны, на Севераданецкім кірунку расейскія сілы працягваюць «агнявы ўплыў на падразьдзяленьні УСУ з усіх наяўных агнявых сродкаў у раёнах населеных пунктаў Белагораўка, Лісічанск, Севераданецк».

Дарадца мэра Марыюпалю: расейцы разьбілі ракетай вагон з гуманітарнай дапамогай для марыюпальцаў у эвакуацыі

«Расейская ракета пацэліла ў вагон з гуманітарнай дапамогай World Central Kitchen, якая мела карміць Данеччыну, і цяпер паўплывае на марыюпальцаў па цэнтрах «ЯМарыюпаль», — напісаў дарадца мэра Марыюпалю Пятро Андрушчанка.

Расейцы ствараюць умовы для наступу на Славянск

Паводле ўкраінскага ведамства, расейскія сілы засяродзіліся на тым, каб усталяваць кантроль над Багародзічным (сяло ў Славянскім раёне Данецкай вобласьці) і стварыць умовы для наступу на Славянск.

На тэрыторыі Беларусі перамяшчаюць расейскую тэхніку да мяжы з Валынскай і Ровенскай абласьцямі Ўкраіны


На беларускай тэрыторыі з боку Валынскай вобласьці застаецца каля 700 расейскіх вайскоўцаў. Як паведамілі 13 чэрвеня ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом, на беларускай тэрыторыі таксама працягваюць перамяшчаць расейскую вайсковую тэхніку бліжэй да мяжы з Валынскай і Ровенскай абласьцямі.

Да такіх высноў прыйшлі мясцовыя ўлады, пасьля таго як праінспэктавалі больш за 200 кілямэтраў супольнай беларуска-ўкраінскай мяжы ў Валынскай вобласьці.
Кіраўнік Валынскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Юры Пагуляйка паведаміў, што сытуацыя кантралюецца, а патэнцыйна небясьпечныя ўчасткі мяжы ўмацоўваюцца.

Ва Ўкраіне ад пачатку расейскай агрэсіі пацярпелі 892 дзіцяці, 313 зь іх загінулі

У Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі, што з 24 лютага, калі Расея пачала поўнамаштабную вайну, у краіне пацярпелі 892 дзіцяці, зь якіх 313 загінулі і яшчэ 579 атрымалі раненьні.

«Гэтыя лічбы не канчатковыя, паколькі працягваецца праца па іх удакладненьні ў месцах вядзеньня актыўных баявых дзеяньняў, а таксама на часова акупаваных тэрыторыях», — падкрэсьлілі ў Офісе генэральнага пракурора. Найбольш дзяцей пацярпелі ў Данецкай (291), Харкаўскай (169), Кіеўскай (116), Чарнігаўскай (68), Луганскай (54), Херсонскай (52), Мікалаеўскай (48), Запароскай (30) і Сумскай (17) абласьцях.

Што адбываецца ў Расеі

Старшыня Цэнтрабанку Расеі: умовы для эканомікі РФ, магчыма, зьмяніліся назаўжды

У Пецярбурскім эканамічным форуме, які адкрыўся ў сераду, ня ўдзельнічае ніводзін буйны заходні інвэстар. З больш як 100 расейскіх бізнэсоўцаў-мільярдэраў на форуме выступяць толькі 6. Некаторыя зь іх пад санкцыямі.

Старшыня Цэнтрабанку Эльвіра Набіуліна заявіла на форуме, што ўмовы для расейскай эканомікі «зьмяніліся надоўга, калі не назаўжды», і цяпер неабходна перанакіраваць вытворчасьць на ўнутраны рынак.

Форум у Пецярбургу сёлета праводзіцца 25-ы раз. У мінулым у ім удзельнічалі кіраўнікі транснацыянальных карпарацый, буйныя замежныя бізнэсоўцы і палітыкі.

Расавіяцыя працягнула забарону палётаў на поўдні і ў цэнтральнай частцы Расеі да 18 чэрвеня

Як паведамляе РБК, абмежаваньні закранаюць Анапу, Белгарад, Бранск, Варонеж, Геленджык, Краснадар, Курск, Ліпецк, Растоў-на-Доне, Сімферопаль і Элісту.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізаваны ў полк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З украінскай школьнай праграмы скрэсьлілі антываенны твор Васіля Быкава: «Улічваючы масавае ўварваньне расейскіх узброеных сілаў»

Генштаб Украіны: у Беларусі пачалі адпрацоўваць стварэньне ўдарных груповак

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заяўляюць, што беларускія войскі адпрацоўваюць фармаваньне ўдарных падразьдзяленьняў.

«На валынскім і палескім кірунках, згодна з плянам праверкі, да 11 чэрвеня ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь адпрацоўваюцца пытаньні стварэньня ўдарных груповак на адным з кірункаў і праверка гатоўнасьці транспартнай інфраструктуры да перамяшчэньня падразьдзяленьняў», — сказаў сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупун.

Як рэагуе сьвет

Чэхія прыме 500 расейцаў і беларусаў, якіх перасьледуюць улады, па праграме МЗС

МЗС Чэхіі апублікавала падрабязнасьці праграмы паскоранай іміграцыі для расейскіх і беларускіх грамадзянаў. Прыём заяваў па праграме пачаўся 20 траўня і працягнецца цэлы год, але квота — усяго 500 чалавек.

Чэхія прыпыніла выдачу візаў расейцам і беларусам 24 лютага, адразу пасьля ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны.

Сусьветны банк зацьвердзіў выдзяленьне Ўкраіне 1,49 мільярда даляраў

Сусьветны банк ухваліў 1,49 млрд даляраў фінансавай дапамогі Ўкраіне, так што агульны заплянаваны пакет падтрымкі ўкраінскай эканоміцы перавысіў 4 млрд даляраў, паведамляе Reuters.

Грошы патрацяць на заробкі дзяржаўным і сацыяльным работнікам. Гэтыя сродкі ўключаюць у сябе крэдытныя гарантыі Вялікай Брытаніі, Нідэрляндаў, Літвы, Латвіі і шэрагу іншых краін. Праект таксама падтрымліваецца паралельным фінансаваньнем з Італіі і ўнёскамі з новага шматдонарскага траставага фонду.

ЗША акажуць Украіне вайсковую і гуманітарную дапамогу больш як на мільярд даляраў

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў 15 чэрвеня аб наданьні Ўкраіне дадаткова $1 млрд амэрыканскай вайсковай дапамогі для абароны ад расейскага нападу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першыя вынікі «Рамштайн-3»: Славакія перадасьць Украіне баявыя верталёты, яшчэ тры дзяржавы — артылерыю

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.