Расея вывозіць украінскі ўраджай і спрабуе прадаць яго як свой. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведамляў, што «акупанты ўкралі ўжо сама меней паўмільёна тон збожжа і шукаюць, як іх недзе і па-чорнаму прадаць». Расея вывозіць у тым ліку тое збожжа, якое Ўкраіна павінна экспартаваць у Афрыку, Азію, краіны Эўропы, але яго асноўныя запасы цяпер застаюцца на складах, бо ўкраінскія марскія парты заблякаваныя вайскоўцамі РФ.
«Схемы» пагутарылі з аграрыямі, у якіх расейцы адбіраюць збожжа, прааналізавалі дзясяткі спадарожнікавых здымкаў і паказваюць маштабы: як, куды і колькі збожжа Расея ўжо пасьпела вывезьці з Украіны. Пачынаючы са шляху, які пераадольваюць грузавікі з акупаваных тэрыторый у порт «Авліта» ў Севастопалі, і заканчваючы караблямі, якімі Расея вывозіць збожжа за мяжу для далейшага продажу.
Пагрозы аграрыям
Да поўнамаштабнай вайны Украіна была адным з найбуйнейшых у сьвеце экспартэраў пшаніцы і вытворцаў кукурузы.
Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Ўкраіна ня можа ў звыклых аб'ёмах вывозіць збожжа пакупнікам — краінам Афрыкі, Азіі і Эўропы. Бо асноўны шлях для яго транспартаваньня —мора. Цяпер парты Чорнага і Азоўскага мораў заблякаваныя расейскімі войскамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом назваў прыярытэтамі вайсковую дапамогу Ўкраіне і праблему экспарту яе збожжаБлякуючы магчымасьць Украіне экспартаваць збожжа па моры, расейцы адначасова пачалі яго забіраць гвалтам ва ўкраінскіх аграрыяў. І вывозіць, каб самім зарабляць на продажы.
Вывозяць з элеватараў цяпер акупаваных тэрыторый Херсонскай, Данецкай, Луганскай і Запароскай абласьцей.
Тыя ўладальнікі аграпрадпрыемстваў, зь якімі «Схемам» удалося пагаварыць, дагэтуль застаюцца на акупаваных тэрыторыях. Баючыся за бясьпеку, яны не захацелі гаварыць пад запіс, але расказалі, як гэта было. А менавіта: расейскія вайскоўцы або патрабавалі прадаць збожжа за бесцань, або забіралі яго проста так.
У траўні яны зьмянілі тактыку, прымушаючы аграрыяў падпісваць дамовы. Каб такім чынам паспрабаваць легалізаваць свае дзеяньні.
«Прыкладна 70% таго, чым валодаеш, мусіш аддаць на патрэбы акупанта. Гаворка ідзе і пра стары ўраджай, і фактычна яны ўжо закладаюць такія ўмовы на наступны ўраджай азімых », – расказвае намесьнік старшыні грамадзкага саюзу «Ўсеўкраінская аграрная рада» Дзяніс Марчук.
Яшчэ адзін спосаб узаконіць прысваеньне чужога збожжа — так званая «нацыяналізацыя». Па словах Марчука, акупацыйныя ўлады выдаюць «дакумэнты», паводле якіх прадукцыя і маёмасьць фэрмэра «пераходзяць у грамадзкую ўласнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінус адна АЭС, адна ГРЭС, тры ЦЭС і беларускае паліва. Як Украіна ва ўмовах вайны рыхтуецца да зімыЯк вывозяць захоплены ўраджай?
З акупаваных тэрыторый збожжа расейцы спачатку вывозяць пераважна фурамі.
«Крадуць, грузяць на свой транспарт і вязуць у напрамку часова акупаванага Крыма або ў напрамку Расейскай Фэдэрацыі», — расказвае першы намесьнік міністра аграрнай палітыкі і харчаваньня Ўкраіны Тарас Высоцкі.
Зрэшты, у Расею вязуць меншую частку збожжа. Большая частка ўкраінскага збожжа трапляе ў акупаваны Крым.
«Схемы» прааналізавалі спадарожнікавыя здымкі і ўбачылі калёны зернявозаў, якія цягнуліся ў бок Крыму. Спадарожнік Planet Labs фіксаваў іх на працягу траўня.
Транспартаваньне фурамі — гэта адзін з этапаў вывазу расейскімі акупантамі ўкраінскага збожжа.
Далей яго грузяць на судны ў крымскім порце.
Караблі, якімі вывозяць збожжа
Толькі за травень з дапамогай спадарожнікавых здымкаў Planet Labs «Схемы» налічылі прыбыцьцё ў марскі порт Севастопаля 12 грузавых суднаў.
З выключанымі радарамі яны падыходзілі да прычалу найбуйнейшага збожжавага тэрмінала Крыму – «Авліта». Гэта пацьвярджаюць і здымкі зь зямлі, якія ўдалося зрабіць журналістам праекту Радыё Свабода Крым.Реалии.
Да 2016 году гэтым збожжавым тэрміналам праз ланцужок фірмаў валодаў украінскі алігарх Рынат Ахметаў. Цяпер «Авліту» фактычна кантралюе Расейская Фэдэрацыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскае войска пераходзіць на ўзбраеньне NATO. 106-ы дзень вайны Расеі супраць УкраіныЖурналісты падлічылі на аснове дадзеных сэрвісу Marine Traffic і ў адпаведнасьці з аналізам экспэртаў па марскім транспарце, зыходзячы з разьліку ёмістасьці суднаў і пры іх поўнай загрузцы, што расейцы маглі вывезьці больш за 180 тысяч тон збожжа.
Куды ж?
Сырыя як «аграрны хаб»
«Першая спроба была рэалізаваць у краіны Паўночнай Афрыкі. Першапачаткова была прапанова Эгіпту. Пасьля нашага звароту, дзякуй Эгіпту, ён адмовіўся. Потым — у Лібан, там таксама адмовіліся. І ў канчатковым выніку — у Сырыю. Гэта краіна, якая падтрымлівае агрэсара і зьяўляецца шэрай зонай», — гаворыць Тарас Высоцкі.
«Сёньня тэрыторыі Сырыі выкарыстоўваюцца як пэўны аграрны хаб для скрадзенага ўкраінскага збожжа. І, уласна, Расея, паводле дамоваў, якія яны маюць паміж сабой, абавязаная пастаўляць у Сырыю каля 1 мільёна тон збожжавых. Таму Расея выконвае гэта за кошт Украіны, рабуючы і вывозячы ўкраінскае», — апавядае Дзяніс Марчук.
Незаконны вываз Расеяй украінскага збожжа праз акупаваны Крым у трэція краіны пачала расьсьледаваць украінская пракуратура.
Поўны тэкст расьсьледаваньня можна прачытаць тут.