Украінскі літаратар Вячаслаў Лявіцкі гэтак пракамэнтаваў сваю ідэю і вылучэньне кандыдатуры беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча на найменаваньне вуліцы:
«Караткевіч — выпускнік Кіеўскага унівэрсытэту, любіў сталіцу Ўкраіны і пісаў пра яе больш выразна, чуйна і больш этычна, чым большасьць іншых урбаністаў».
Як паведаміў Лявіцкі, камісія падтрымала прапанову. Тэлеграм-канал By_culture паведамляе, што ў рэкамэндацыях экспэртнай камісіі ёсьць і іншыя вядомыя беларусы.
Так, вуліцы Брестська і Астраханська могуць быць пераназваныя ў гонар беларускага першадрукара Францішка Скарыны ці нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага.
Народнае галасаваньне ўжо ідзе. Аддаць голас можна праз аплікацыю «Київ Цифровий» (App Store, Google Play). Узяць удзел могуць тыя, у каго ёсьць украінскі нумар і электронны подпіс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне створаць Раду «дэрусыфікацыі, дэкамунізацыі і дэкалянізацыі»З пачаткам поўнамаштабнага вайсковага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну актывізаваўся працэс дэрусыфікацыі і дэкамунізацыі краіны. Актыўна зносяцца помнікі расейскім палітыкам і дзеячам культуры, мяняюцца тапонімы, зьвязаныя з Расеяй, частка расейскамоўных украінцаў пераходзіць на ўкраінскую мову.
Пад перайменаваньне папалі і назвы, якія маюць беларускае паходжаньне, бо ўлады Беларусі патрымалі расейскую агрэсію.
У красавіку ў Кіеве прапанавалі перайменаваць 279 аб’ектаў, назвы якіх зьвязаныя з Расеяй і Беларусьсю. Намесьнік мэра гораду Ўладзімір Бандарэнка адзначыў, што трэба «назаўжды пазбавіцца ад тапонімаў, зьвязаных з краінай-агрэсарам і яе сатэлітам, а таксама завяршыць працэс дэрусыфікацыі ў сталіцы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі рэжысэр Сяргей Лазьніца ў Канах выступіў супраць «байкоту расейскамоўнай культуры». Ва Ўкраіне запярэчылі