Свабода пацікавілася ў некаторых зь іх, дзе яны цяпер і чым займаюцца.
Турма
Праз крымінальныя суды ў Беларусі прайшло некалькі дзясяткаў маладафронтаўцаў. Наймацнейшая хваля ціску прыпала на апошнія два гады.
Заснавальнік і першы кіраўнік «МФ» Павал Севярынец у зьняволеньні ад 7 чэрвеня 2020 году. Яго затрымалі яшчэ да пачатку маштабных пратэстаў. Тым ня менш судзілі Севярынца якраз за арганізацыю масавых беспарадкаў. Прысуд — 7 гадоў калёніі. Павал адбывае пакараньне ў Шклове. Ён застаецца кіраўніком аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. За час зьняволеньня ад наступстваў каранавірусу памёр бацька палітыка Канстанцін Севярынец. Дома Паўла чакаюць жонка Вольга і сын Францішак.
Наступнік Севярынца на пасадзе кіраўніка «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч таксама ў зьняволеньні. Яго затрымаў ГУБАЗіК у сакавіку 2022 году. Да гэтага Зьмітра некалькі разоў выклікалі на допыты ў Сьледчы камітэт. Апошнія гады Дашкевіч адышоў ад палітычнай дзейнасьці, а ў рамках грамадзкай займаўся абаронай урочышча Курапаты. На жыцьцё Зьміцер зарабляў вырабам мэблі. Жонка Дашкевіча Наста Палажанка, якая таксама прайшла праз «Малады фронт», 15 ліпеня нарадзіла чацьвёртае дзіця.
Амаль год у СІЗА адзін з кіраўнікоў праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч, які прайшоў праз «Малады фронт» у 1990-я. Менавіта ў «МФ» Валянцін сустрэў сваю жонку Аліну. Стэфановіч быў затрыманы разам са сваімі калегамі Алесем Бяляцкім і Ўладзем Лабковічам. Дата пачатку працэсу над праваабаронцамі пакуль не называлася.
На два гады калёніі асудзілі былую маладафронтаўку зь Берасьця Паліну Шарэнду-Панасюк. Яе абвінавацілі ў гвалце над супрацоўнікам міліцыі, а таксама ў абразе Лукашэнкі. Ужо ў калёніі на яе завялі яшчэ адну крымінальную справу — за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі. Цяпер Паліне можа пагражаць яшчэ два гады зьняволеньня. Муж Паліны Андрэй Шарэнда, на якога таксама завялі крымінальную справу, разам зь дзецьмі пераехаў у Літву.
Вайна
У складзе палку імя Кастуся Каліноўскага на гэты момант мінімум шасьцёра маладафронтаўцаў. Сярод іх дзейны кіраўнік арганізацыі Дзяніс Урбановіч. Хлопца некалькі разоў затрымлівалі цягам 2020–2021 гадоў, але ўсё абыходзілася адміністрацыйнымі арыштамі. У канцы 2021 году Ўрбановіч разам зь сябрам і паплечнікам Віталём Трыгубавым зьехаў ва Ўкраіну.
Урбановіч (пазыўны «Ваўкалак») разам з Трыгубавым (пазыўны «Вітушка») бралі ўдзел у наступальнай апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны ў Мікалаеўскай вобласьці. У тым баі Ўрбановіч атрымаў кантузію сярэдняй цяжкасьці. Цяпер праходзіць рэабілітацыю ў Кіеве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта было мікрапекла, але мы выканалі задачу на 100 адсоткаў». Маладафронтавец Урбановіч пра раненьне і ўзятых у палон расейцаўУ тым жа палку — Сяргей Пальчэўскі (пазыўны «Ваяр»), які ваюе з 2017 году, Алег Аўчыньнікаў (пазыўны «Альгерд») і Аляксей Вайцяховіч (пазыўны «Оскар»).
Быў у 1990-я ў «Маладым фронце» і адзін з камандзіраў палку Вадзім Кабанчук (пазыўны «Ігар»). Больш ён, праўда, вядомы па «Зубры» і «Краі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып КрасоўскагаУ складзе УСУ ваюе колішні палітвязень Эдуард Лобаў, якога затрымлівалі разам з Дашкевічам у крымінальнай справе напярэдадні Плошчы 2010 году.
Вымушаны ад’езд
Праз палітычныя рэпрэсіі ўнутры краіны многія маладафронтаўцы мусілі зьехаць з краіны. Артур Фінькевіч прайшоў празь СІЗА і «хімію» ў палітычных справах у сярэдзіне 2000-х. Цяпер ён жыве ў Варшаве.
«З жонкай Настасьсяй Машчавай дапамагалі ахвярам рэпрэсій, адпраўлялі ў санаторыі ў Польшчу. Нас выклікалі на допыты. Вымушана зьехалі з краіны ў канцы 2020 году. Цяпер вучуся на праграме Каліноўскага, пішу працу пра збор, перапрацоўку, транспартаваньне адкідаў. Гэтай тэмай я займаўся ў Беларусі», — кажа Артур.
Зьміцер Хведарук стаў адным з твараў «Маладога фронту» пасьля таго, як у зьняволеньні апынуліся Дашкевіч і Фінькевіч у 2006 годзе. Хведарук неаднаразова праходзіў праз адміністрацыйныя арышты, апошні зь ім здарыўся ў канцы 2021 году. Неўзабаве ён з жонкай пераехаў у Кіеў, цяпер яны жывуць у Варшаве.
«Вучуся ў эвангельскай рэфармацкай сэмінарыі Ўкраіны. Канчаецца трэці год навучаньня. Хутка ў сям’і будзе папаўненьне, чакаем сына Тадэвуша. Нядаўна напісаў кнігу „Рэфармацыя любой цаной?“. Хачу далей займацца дасьледаваньнем багаслоўскай спадчыны Беларусі. Гуляю ў футбол, палітыкай больш не займаюся», — расказаў Зьміцер.
Адна з найбольш актыўных маладафронтавак Берасьця, пісьменьніца і перакладчыца Наталка Харытанюк, год як жыве ў Грузіі.
«Выкладаю ангельскую мову. Выдала зімой онлайн-казку пра беларускія Каляды», — сьцісла кажа яна пра сябе.
Алег Корбан пасьля пратэстаў 2020 году таксама пабываў у СІЗА, але ўжо выйшаў на волю. У траўні 2022 году скончыўся тэрмін нагляду. Цяпер Алег разам зь сям’ёй таксама ў Грузіі. Праўда, кажа, што гэта часовы адпачынак. Даваць камэнтары для СМІ ён пакуль адмаўляецца.
Колішні прэс-сакратар «Маладога фронту» Барыс Гарэцкі застаўся ў прафэсіі журналіста. Цяпер ён намесьнік старшыні ліквідаванай у Беларусі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Жыве зь сям’ёй у Вільні.
Праца ў ІТ і бізнэс
Адзін з кіраўнікоў «Маладога фронту» да сярэдзіны 2000-х гадоў Сяржук Лісічонак цяпер жыве ў Варшаве, працуе мэнэджарам у адной з найбуйнейшых у сьвеце кампаній па распрацоўцы мабільных гульняў.
«Кірую камандамі распрацоўшчыкаў. Да ІТ пасьпеў папрацаваць у прадстаўніцтве ААН у Беларусі. У палітычнай ці грамадзкай актыўнасьці амаль не бяру ўдзелу. Хіба што пастаянна прымаем у сябе дома людзей, якія бягуць ад вайны ва Ўкраіне ці рэпрэсій у Беларусі. Такі наш унёсак», — кажа Сяржук.
Кіраўнік салігорскага «Маладога фронту» Іван Шыла разам з братам Ільлём знайшлі сябе ў бізнэсе. Яны адкрылі пасьпяховую клінінгавую кампанію «Чысты кіт», якая працуе ў Беларусі і Польшчы, цяпер браты прасоўваюць свой брэнд у Нямеччыне. Жывуць у Бэрліне.
Праўладны палітоляг
Дзяніс Мельянцоў быў адным з шараговых актывістаў «Маладога фронту» ў Магілёве. Потым Дзяніс зрабіў сабе кар’еру палітоляга, быў адным з заснавальнікаў недзяржаўнага Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў. Пачынаў як незалежны экспэрт. Цягам апошніх гадоў усё больш дрэйфаваў у бок падтрымкі ўлады. Нярэдка зьяўляўся на дзяржаўнай тэлевізіі пасьля падзей 2020 году. Госьць апошніх прэс-канфэрэнцый Аляксандра Лукашэнкі.
Праз «Малады фронт» прайшоў і Раман Пратасевіч. У яго нават быў канфлікт з бацькамі на гэтай глебе. Пратасевіч працаваў у Беларусі як журналіст на некалькі выданьняў. На момант 2020 году быў адміністратарам тэлеграм-каналу NEXTA, за гэта на яго завялі некалькі крымінальных спраў.
У траўні 2021 году самалёт Ryanair з Пратасевічам прымусова пасадзілі ў Менску. Гэта стала нагодай для новых санкцый Эўразьвязу і спыненьня авіязносін Беларусі з Эўропай. Сам Пратасевіч даў некалькі інтэрвію дзяржаўным СМІ. Цяпер працуе ў праўладнай арганізацыі «Сыстэмная праваабарона». Застаецца пад хатнім арыштам, не асуджаны.
Прарасейскія і антываксэры
Былыя маладафронтаўцы Арцём Дубскі і Яраслаў Грышчэня праходзілі праз крымінальны перасьлед у Беларусі. Цяпер яны жывуць у Польшчы. Дубскі вядзе на Youtube блог на грамадзка-палітычныя тэмы. Шмат увагі аддае крытыцы ўцекачоў з Украіны. 9 траўня Дубскі разам з Грышчэнем хадзілі ўскладаць кветкі да маўзалею савецкіх жаўнераў у Варшаве, дзе правакавалі ўкраінцаў.
Раней Дубскі быў актывістам антываксэрскага руху ў Польшчы. Некаторыя абвінавачваюць Дубскага і Грышчэню ў працы на Расею, самі яны гэта адпрэчваюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога маладафронтаўца вінавацяць у Варшаве ў цкаваньні ўкраінцаў, пагрозах і працы на Расею. Сам ён сьцьвярджае, што «выказвае меркаваньне»Партыі і рухі
Былыя актывісты «Маладога фронту» цяпер сярод кіраўніцтва палітычнай партыі БНФ. Выканаўца абавязкаў старшыні — Вадзім Саранчукоў, калісьці ён вылучаў сваю кандыдатуру на старшыню «Маладога фронту», але прайграў Севярынцу. Да 2021 году Саранчукоў жыў у Горадні, працаваў рамесьнікам. Пасьля ператрусу ў яго дома зьехаў з краіны, цяпер жыве ў Вільні.
Кіраўніком руху «За свабоду» да яго ліквідацыі быў таксама колішні маладафронтавец Юрась Губарэвіч.
Памерлі
Сярод вядомых маладафронтаўцаў ёсьць і памерлыя. Яшчэ ў 2009 годзе ня стала 29-гадовага кіраўніка баранавіцкага «Маладога фронту» Алеся Пікулы.
У красавіку 2013 году, атруціўшыся коранем цыкуты, памёр 31-гадовы Міхаіл Шарамет. Яму быў 31 год. Шарамет у 1990-я кіраваў маладафронтаўскай дружынай, а потым працаваў пажарным.
Беларусь
Многія былыя маладафронтаўцы працягваюць жыць у Беларусі, працуюць у розных сфэрах. Зь меркаваньняў бясьпекі пра сябе яны цяпер гаварыць ня хочуць.