На сайце Міністэрства аховы здароўя ў разьдзеле «Рэестар ліцэнзій» можна пабачыць адноўленыя ліцэнзіі на мэдычную дзейнасьць.
«З 16 чэрвеня 2022 году ТАА «Лодэ» аднаўляе аказаньне мэдыцынскіх паслуг па ўсіх напрамках ва ўсіх мэдыцынскіх цэнтрах» – гаворыцца ў паведамленьні на сайце мэдустановы.
14 чэрвеня ў Міністэрстве аховы здароўя разгледзелі вынікі праверкі «Лодэ», па выніках якіх было прынятае рашэньне, каб кампанія працягнула працу.
Раней Мінздароўя прыпыніла дзеяньне ліцэнзій на мэдычную дзейнасьць «Лодэ» з прычыны «парушэньняў выкананьня заканадаўства аб ахове здароўя, аб санітарна-эпідэмічным дабрабыце, аб ліцэнзаваньні ў гэтых арганізацыях».
«Лодэ» — першы і найбуйнейшы прыватны шматпрофільны мэдычны цэнтар Беларусі, сёлета яму спаўняецца 30 гадоў.
Якія былі прэтэнзіі да «ЛОДЭ»
Сытуацыю ў «ЛОДЭ» дзяржаўнай прэсе раней пракамэнтаваў міністар здароўя Дзьмітры Піневіч.
«Людзі, якія будуюць бізнэс у мэдыцынскай сфэры, павінны разумець адно: ад іх залежыць жыцьцё і здароўе пацыентаў. Кантроль быў, ёсьць і будзе ўзрастаць, гэта ня нешта ўнікальнае. Мы, напрыклад, ужо прыпынялі дазвол на хірургічную дапамогу ў „Нардзіне“. Былі пытаньні да многіх стаматалягічных установаў. У „ЛОДЭ“ быў цэлы комплекс праблем, пачынаючы ад дакумэнтаў, заканчваючы парушэньнямі санітарна-эпідэмічнага рэжыму і ўмоў захоўваньня імунных біяпрэпаратаў», — сказаў міністар.
Піневіч заявіў, што ў «ЛОДЭ» выявілі каля 90 парушэньняў па «бальнічных».
Паводле Піневіча, «прыпыненьне дзеяньня ліцэнзіі ідзе бізнэсу толькі на карысьць. Некаторыя знакамітыя кампаніі мянялі супрацоўнікаў па два-тры разы, а цяпер выказваюць падзяку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці адновіць «ЛОДЭ» працу 15 чэрвеня? Міністар Піневіч выказаўся аб праблемах мэдычнага цэнтруГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест «ЛОДЭ» супрацоўнікаў ЕРАМ стаў абслугоўваць «Мерсі», уласьнікаў якога зьвязваюць зь сям’ёй Лукашэнак