Як расказаў Zerkalo.io супрацоўнік кампаніі, праверка Міністэрства здароўя скончылася і цяпер яе вынікі павінны разгледзець у ведамстве.
«15 чэрвеня плянуецца калегія Міністэрства аховы здароўя, будуць вырашаць наша пытаньне. Тады і будзе канкрэтыка, — сказаў суразмоўца. — У «ЛОДЭ» працаваць гатовыя».
У мэдцэнтры адзначаюць, што чакаюць станоўчага рашэньня дзяржаўных органаў. Пакуль запіс да лекараў не вядзецца.
Піневіч: у «ЛОДЭ» цэлы комплекс праблем
Сытуацыю ў «ЛОДЭ» дзяржаўнай прэсе пракамэнтаваў міністар здароўя Дзьмітры Піневіч.
«Людзі, якія будуюць бізнэс у мэдыцынскай сфэры, павінны разумець адно: ад іх залежыць жыцьцё і здароўе пацыентаў. Кантроль быў, ёсьць і будзе ўзрастаць, гэта ня нешта ўнікальнае. Мы, напрыклад, ужо прыпынялі дазвол на хірургічную дапамогу ў „Нардзіне“. Былі пытаньні да многіх стаматалягічных установаў. У „ЛОДЭ“ быў цэлы комплекс праблем, пачынаючы ад дакумэнтаў, заканчваючы парушэньнямі санітарна-эпідэмічнага рэжыму і ўмоў захоўваньня імунных біяпрэпаратаў», — сказаў міністар.
Піневіч заявіў, што ў «ЛОДЭ» выявілі каля 90 парушэньняў па «бальнічных».
Паводле Піневіча, «прыпыненьне дзеяньня ліцэнзіі ідзе бізнэсу толькі на карысьць. Некаторыя знакамітыя кампаніі мянялі супрацоўнікаў па два-тры разы, а цяпер выказваюць падзяку».
«Справа траўматолягаў»
Таксама міністар падзяліўся думкай пра «справу траўматолягаў». Паводле яго, у Міністэрстве здароўя сытуацыю разглядаюць як «сваю недапрацоўку». Цяпер людзі вяртаюцца на месцы, пераважная большасьць працягвае працаваць там, дзе і раней. Але ўжо ня ў рангу загадчыкаў аддзяленьнямі і не галоўнымі дактарамі.
«Чаму ім пайшлі насустрач? Гэта высакаклясныя спэцыялісты, яны працавалі рукамі і прыносілі карысьць пацыентам. З майго пункту гледжаньня, іх справакавала прыватная кампанія, якая прасоўвала свой тавар. Што, вядома, не адмяняе кодэксу гонару мэдычнага работніка. Я не апраўдваю лекараў, проста дзялюся думкай», — сказаў Піневіч.
Таксама Піневіч адказаў на пытаньне пра беларускую вакцыну ад каранавірусу. Ён не зразумеў, чаму некаторыя крытыкі гавораць, што ўлады зь ёй «спазьніліся», і парадаваўся, што пандэмія скончылася. Галоўнай задачай у гэтым кірунку міністар назваў пабудову заводу інактываваных вакцын у Віцебску.