Два тыдні найбуйнейшая ў Эўропе атамная электрастанцыя не перадавала інфармацыі ў МАГАТЭ. Украінскія ўрадавыя структуры пераконваюць, што камэры на станцыі адключалі расейскія вайскоўцы. Сувязь удалося аднавіць толькі цяпер.
У МАГАТЭ сьцьвярджаюць, што іхныя экспэрты хочуць праверыць, як эксплюатуецца станцыя пасьля таго, як у сакавіку рэшткі снарада трапілі ў будынак побач з рэактарам. У прыватнасьці, агенцтва цікавіцца работай абсталяваньня, ратацыямі пэрсаналу і наяўнасьцю плютонію і ўрану.
«Мандат МАГАТЭ — сачыць за тым, каб ніхто гэтыя матэрыялы не сьцягнуў, ня выкраў. У Расеі сваіх адпрацаваных адкідаў ядзернага паліва хапае, але тут ідзецца найперш аб нелегальным рынку ядзерных матэрыялаў», — сказаў «Настоящему времени» інжынэр-фізык Андрэй Ажароўскі з Расейскага сацыяльна-экалягічнага саюзу.
Украінская экспэртка ў пытаньнях энэргетыкі Вольга Кашарна зьвяртае ўвагу на тое, што якасьцю расейскае паліва саступае эфэктыўнасьці паліва вытворчасьці кампаніі Westinghouse.
«Паводле маёй інсайдэрскай інфармацыі, першае, што зрабілі прадстаўнікі „Росатома“, — гэта пачалі вывучаць тэхнічныя дакумэнты паліва Westinghouse», — патлумачыла экспэртка.
Украінская дзяржаўная кампанія «Енергоатом», якая кантралюе атамную энэргетыку ва Ўкраіне, выступае супраць візыту інспэкцыі МАГАТЭ на Запароскую АЭС.
«Лягістыка прыезду МАГАТЭ на АЭС патрабуе далейшых удакладненьняў перад тым, як такое рашэньне ці запрашэньне будзе накіравана афіцыйна ў МАГАТЭ. На сёньня пакуль ніякіх афіцыйных запрашэньняў у МАГАТЭ не накіроўвалі», — паведаміў кіраўнік дзяржаўнай кампаніі Пятро Коцін.
У кампаніі «Енергоатом» лічаць, што візыт МАГАТЭ на Запароскую АЭС можа ўзаконіць прысутнасьць расейцаў на станцыі. З моманту акупацыі там ужо тройчы мяняўся пэрсанал з «Росатома». Цяпер там знаходзіцца галоўны інжынэр Калінінскай АЭС.
«Тады дакладна будзе зразумела, хто гаспадар АЭС. Цяпер дзіўнае дваяўладзьдзе. Пры арганізацыі візыту хто будзе бокам, які прымае? Апэратары, якія падпарадкоўваюцца ўзброеным людзям? Не. Генэрал ці палкоўнік, які кантралюе пляцоўку АЭС? Ну, ён проста пропуск выдасьць, праверыць дакумэнты. Вось тут і зьяўляецца пытаньне: ці вядуцца перамовы з „Росатомом“, каб расейская дзяржкарпарацыя дазволіла, узгадніла, не перашкаджала наведваньню ўкраінскай АЭС інспэктарамі МАГАТЭ», — патлумачыў Андрэй Ажароўскі.
Ва Ўкраіне лічаць, што ў МАГАТЭ дзейнічае моцнае расейскае лобі, якое ў кантэксьце Запароскай АЭС працуе ў інтарэсах Расеі. Украіна ж праз захоп Запароскай АЭС абвінавачвае Расею ў ядзерным тэрарызьме.
Цяпер на станцыі працуе 2 з 6 энэргаблёкаў. Расея неаднойчы заяўляла, што Запароскую АЭС падключаць да энэргетычнай сыстэмы Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У акупаваным расейцамі Херсоне і Запароскай вобласьці пачалі выдаваць пашпарты РФВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.