Уладзімір Рогаў — «сябра галоўнага савета ваенна-грамадзянскай адміністрацыі» Запароскай вобласьці, як яго называюць расейскія дзяржаўныя СМІ, — паведаміў, што на атрыманьне расейскага пашпарта падалі заяўку больш за 70 тысяч жыхароў. Да вайны ў гэтым рэгіёне Ўкраіны пражывала больш за 1,6 млн чалавек.
У Херсоне, па паведамленьнях РІА «Новости», па новыя пашпарты прыйшлі 23 жыхары. Сярод іх — кіраўнік акупацыйнай «ваенна-цывільнай адміністрацыі» вобласьці Ўладзімір Сальда, які раней трапіў пад санкцыі Эўразьвязу.
Урад Украіны лічаць выдачу пашпартоў элемэнтам расейскай прапаганды.
У ЗША рашэньне Пуціна аб спрошчаным прадастаўленьні грамадзянства Расеі жыхарам Херсонскай і Запароскай абласбцей ацанілі як спробу падпарадкаваць народ Украіны: «Мы бачылі, як расейскія сілы гвалтоўна вывозілі людзей з акупаванай тэрыторыі. Мы бачылі, як расейскія войскі перавозілі ўкраінцаў у так званыя фільтрацыйныя лагеры. Мы бачылі спробы расейскіх войскаў іншымі спосабамі пакарыць украінскі народ на гэтых тэрыторыях».
Раней паведамлялася, што Запароская і Херсонская вобласьці пераходзяць на расейскі тэлефонны код і бівалютную сыстэму разьлікаў — разам з украінскай грыўняй там можна будзе расплачвацца расейскім рублём.
8 чэрвеня прадстаўнікі прызначанай Расеяй адміністрацыі ў Херсоне і Запароскай вобласьці Ўкраіны заявілі аб падрыхтоўцы да правядзеньня рэфэрэндуму аб уваходжаньні ў склад Расеі пасьля візыту першага намесьніка кіраўніка расейскай Адміністрацыі прэзыдэнта Сяргея Кірыенкі.