У судзе Пружанскага раёна 13 чэрвеня распачаўся разгляд справы палітзьняволенай актывісткі Алены Гнаўк, паведамляе «Вясна».
Раней Алену Гнаўк асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі» паводле двух іншых артыкулаў КК. Яе абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі). Жанчыне пагражае да 6 гадоў калёніі.
Такім чынам, усяго на актывістку завялі ўжо чатыры крымінальныя справы.
Што вядома пра перасьлед Алены Гнаўк?
- У траўні 2021 году асудзілі на два гады «хатняй хіміі» ў межах берасьцейскай «карагоднай справы».
- У верасьні яна атрымала новы тэрмін — яшчэ два гады «хіміі». Паводле абвінавачаньня, Алена Гнаўк падчас разгляду сваёй ранейшай крымінальнай справы за ўдзел у «карагодзе пратэсту» вымавіла фразу, дзе была абраза ў адрас Лукашэнкі. Сумарнае пакараньне — тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
- 26 сьнежня Гнаўк затрымалі за «бел-чырвона-белы пікет» каля яе дома і прысудзілі 1450 рублёў штрафу паводле арт. 24.23 КаАП. 11 студзеня 2022 году Алену Гнаўк зноў затрымалі за акцыю зь бел-чырвона-белымі мяхамі на «хатняй хіміі» і прысудзілі 15 дзён арышту. Пэнсіянэрцы забаранілі перадаваць перадачы, чытаць і пісаць, і яна абвясьціла галадоўку ў Пружанскім ІЧУ.
- З ізалятара яе ня выпусьцілі. Стала вядома, што выставілі абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі: ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі). Цяпер Алене Гнаўк пагражае да шасьці гадоў пазбаўленьня волі.
«Берасьцейская Ніна Багінская». Хто такая Алена Гнаўк?
Алена Гнаўк нарадзілася на Палесьсі ў 1957 годзе ў шматдзетнай сям’і. Мае дзьве вышэйшыя адукацыі — юрыдычную і эканамічную. У 1978 годзе яна скончыла Маскоўскі юрыдычны інстытут, а ў 1993-м — факультэт сусьветнай эканомікі МДІМЗ (МГИМО). Некалькі гадоў Гнаўк жыла ў Маскве, аказвала юрыдычныя паслугі ў сфэры будаўніцтва.
Да затрыманьня Гнаўк жыла ў вёсцы Ткачы Пружанскага раёну, актыўна займалася грамадзкім жыцьцём, яна шчырая праваслаўная верніца.
Шмат беларусаў называюць Алену «берасьцейскай Нінай Багінскай». За сваю апазыцыйную дзейнасьць Гнаўк, як і актывістку Багінскую, ня раз перасьледавалі ўлады — затрымлівалі, штрафавалі і арыштоўвалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнсіянэрку Алену Гнаўк абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Беларусі за пост пра мігрантаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы не здаемся». Пэнсіянэрку з Пружанскага раёну зноў адправілі ў ізалятар пасьля 15 дзён арышту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Берасьцейская Ніна Багінская». Алену Гнаўк другі раз за год судзяць па крымінальным артыкуле