Цяпер жанчыне пагражае да шасьці гадоў пазбаўленьня волі. Алену зьмясьцілі пад варту, яе маюць перавесьці ў СІЗА-6 у Баранавічах, паведамляе «Вясна».
Згодна з матэрыяламі справы, Гнаўк 23 лістапада 2021 году разьмясьціла ў сацыяльных сетках Facebook і Instagram «заведама ілжывыя зьвесткі аб прававым становішчы замежных грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, што было накіравана на прычыненьне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам». У пастах Алена расказвала пра курдзкія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі.
Алену Гнаўк у траўні 2021 году асудзілі на два гады «хатняй хіміі» ў межах берасьцейскай «карагоднай справы». У верасьні яна атрымала новы тэрмін — яшчэ два гады «хіміі». Паводле абвінавачаньня, Алена Гнаўк падчас разгляду сваёй ранейшай крымінальнай справы за ўдзел у «карагодзе пратэсту» вымавіла фразу, дзе была абраза на адрас Лукашэнкі. Сумарнае пакараньне — тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
26 сьнежня Гнаўк затрымалі за «бел-чырвона-белы пікет» каля яе дому і прысудзілі 1450 рублёў штрафу паводле арт. 24.23 КаАП. 11 студзеня 2022 году Алену Гнаўк зноў затрымалі за акцыю зь бел-чырвона-белымі мяхамі на «хатняй хіміі» і прысудзілі 15 дзён арышту. Пэнсіянэрцы забаранілі перадаваць перадачы, чытаць і пісаць, і яна абвясьціла галадоўку ў Пружанскім ІЧУ. Пасьля гэтага стан яе здароўя пагоршыўся, ёй нават выклікалі хуткую дапамогу.