У Бранскай вобласьці Расеі, паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў, згарэла вайсковая частка

Па сьведчаньнях жыхароў Бранскай вобласьці, раніцай 11 чэрвеня каля горада Клінцы адбыўся пажар на нейкім вайсковым аб’екце.

Пра гэта паведамляюць сайт «Брянские новости» і тэлеграм-канал «Подслушано Клинцы» — пацярпелы абʼект у гэтых публікацыях называюць «вайсковай часткай».

Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі не паступала ні ад МНС, ні ад уладаў Бранскай вобласьці.

У тэлеграм-канале «Подслушано Клинцы» спачатку зьявіліся паведамленьні аб чатырох выбухах, потым фота і відэа пажару, а затым фатаграфіі згарэлай тэхнікі. У канале сьцьвярджаецца, што пацярпелых няма.

Улады расейскіх рэгіёнаў, якія мяжуюць з Украінай, рэгулярна паведамляюць аб абстрэлах сваёй тэрыторыі. 29 сакавіка зьявіліся паведамленьні аб выбухах на складзе боепрыпасаў у раёне вёскі Красный Октябрь Белгарадзкай вобласці Расеі, 1 красавіка стала вядома аб выбухах на нафтабазе ў самім Белгарадзе.

21 красавіка ў Расеі пры дзіўных абставінах адбыўся пажар у адміністрацыйным корпусе навуковага інстытута Мінабароны ў Цьверы.

25 красавіка загарэлася нафтабаза ў Бранску, 27 красавіка пажар гасілі на складзе боепрыпасаў у Белгарадзкай вобласці, у вёсцы Старая Нялідаўка за 30 км ад мяжы з Украінай.

Расейскія ўлады гэтыя здарэньні не камэнтуюць, а ўкраінскія не настойваюць на сваёй датычнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белгарад, Курск і Варонеж. Адразу тры расейскія губэрнатары заявілі аб атаках на свае рэгіёны