Раней пагадненьне прадугледжвала магчымасьць перавозкі беларускіх нафтапрадуктаў чыгуначным транспартам і іх перавалку ў марскіх партах Паўночна-Заходняга рэгіёну Расеі. Цяпер зь яго выключылі згадку рэгіёну і дзеяньне пагадненьня распаўсюдзіцца на іншыя парты РФ.
Такое рашэньне прыняў расейскі ўрад, адпаведны пратакол апублікаваны на Афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі РФ 10 чэрвеня. Ён пачне дзейнічаць празь 10 дзён пасьля падпісаньня і набудзе сілу пасьля выкананьня неабходных унутрыдзяржаўных працэдураў.
Беларускі ўрад яшчэ 8 чэрвеня ўхваліў праект пратакола аб унясеньні зьменаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З 1 траўня Беларусь зьнізіла экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадуктыПагадненьне падпісанае паміж Беларусьсю і Расеяй у лютым 2021 году. У адпаведнасьці зь ім меркавалася, што ў 2021-2023 гадах Беларусь экспартуе праз расейскія парты 9,836 млн. тонаў нафтапрадуктаў. Тарыф на перавалку тоны мазуту і алеяў быў устаноўлены на ўзроўні 13,5 даляраў за тону, газойлю — 15,46 даляраў за тону, бэнзіну — 9,5 даляраў або 10,5 даляраў за тону ў залежнасьці ад адпраўніка (Мазырскі НПЗ ці Нафтан).
Тарыф на перавалку з улікам чыгуначнага тарыфу быў устаноўлены на ўзроўні 31,3 даляраў за тону мазуту, 30 і 35 даляраў за тону газойлю ў залежнасьці ад маршруту, 28,9 і 29,2 даляраў за тону бэнзіну, 27,2 даляраў за тону алеяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспарт нафтапрадуктаў прыносіў Беларусі мільярды даляраў. Што зь ім зробяць санкцыі?Шмат гадоў Беларусь набывала нафту ў Расеі, перапрацоўвала яе на сваіх НПЗ і прадавала нафтапрадукты на Захад і ва Ўкраіну. Нафтаперапрацоўка была адной з асноўных крыніц прытоку грошай у Беларусь, але з увядзеньнем санкцый Эўразьвязу Беларусь пазбавілася гэтай крыніцы даходу. Адмовіліся ад беларускіх нафтапрадуктаў і ва Ўкраіне.
Паводле старшага навуковага супрацоўніка Beroc Льва Львоўскага, «шляхоў для пераарыентацыі экспарту нафтапрадуктаў амаль няма»:
«Цяпер застаецца частка СНД, Расея і Кітай, але гэтыя краіны маюць сваю нафту і свае нафтапрадукты. Нейкую невялікую долю Беларусь зможа туды пастаўляць, але неяк сур’ёзна замясьціць былых пакупнікоў не атрымаецца», — кажа Леў Львоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве заявілі, што нафтапрадукты ў Беларусі і Расеі больш не набываюць. А як гандлявалі раней?