Няясна, каго ў гэтым абвінавачваць і ці трэба шукаць вінаватых увогуле. Хутчэй за ўсё, гэта проста спалучэньне фактараў — з часам у людзей зьяўляюцца новыя праблемы, яны ня бачаць глябальных вынікаў сваіх высілкаў і паступова пачынаюць скіроўваць сваю ўвагу, час і грошы на нешта іншае. На ўзроўні дзяржаў гэтая схема таксама працуе: у палітыкаў зьяўляюцца новыя клопаты, яны пераключацца на новыя тэмы і вяртаюцца да ўнутраных праблем сваіх краін.
І вось атрымліваецца, быццам усіх можна зразумець, але лягчэй ад гэтага ня робіцца. Сытуацыя з украінскімі ўцякачкамі і ўцекачамі становіцца катастрафічнай, і наўрад ці ў найбліжэйшы час можна чакаць зьменаў у гэтай дынаміцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ад беларусаў ня ўзяў бы нават ваткі і бінціка». Праваабаронца Тацяна Гацура-Яворская пра тое, як беларусам дапамагаць УкраінеТрэба разумець, што паміж людзьмі, якія ратаваліся ў першыя дні вайны, і паміж тымі, хто эвакуюецца цяпер, ёсьць велізарная розьніца. З уцякачкамі і ўцекачамі першай хвалі тады ў большасьці выпадкаў не пасьпела адбыцца чагосьці сапраўды жудаснага. Яны ўцякалі, бо моцна спалохаліся, што цалкам апраўдана само па сабе, але большасьць зьяжджала са сваіх цэлых кватэр, дзе магла сабраць рэчы першай неабходнасьці, узяць грошы і каштоўнасьці, калі яны былі. Людзі з хранічнымі захворваньнямі маглі ўзяць лекі, якія ім трэба прымаць штодзень.
Яны не жылі тыднямі ці месяцамі ў падвалах, не галадалі, не былі ў акупацыі, ня бачылі целы суседзяў, раскіданыя па дарозе. Ім не даводзілася шукаць ежу па разбомбленым горадзе, піць ваду з радыятараў і смажыць галубоў. Яны не хавалі суседзяў і родных на дзіцячых пляцоўках побач з домам. Іх ня гвалцілі расейскія вайскоўцы і не вывозілі іх прымусова ў Расею. Яны не праходзілі празь фільтрацыйныя лягеры. Як бы цынічна гэта ні гучала, але людзям, якія ехалі ў перапоўненых цягніках і атрымлівалі пераахалоджваньні і нават абмаражэньні, калі ішлі пешшу да мяжы, неверагодна пашанцавала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расею вывезьлі звыш 1,5 мільёна грамадзян Украіны. Эвакуацыя ці прымусовая дэпартацыя?А тыя ўцекачы, якія едуць цяпер, прайшлі праз сапраўднае пекла. Ім трэба нашмат больш дапамогі, але рэсурсаў на яе становіцца ўсё менш. У іх часта няма пашпартоў, але ёсьць фізычныя і псыхалягічныя траўмы. Большасьць едзе праз РФ. Шмат хто перажыў катаваньні, шмат людзей едуць з раненьнямі ў выніку абстрэлаў. У іх, як правіла, няма грошай ці каштоўных рэчаў, няма неабходных лекаў.
Пры гэтым найбліжэйшыя да Расеі краіны Эўразьвязу амаль вычарпалі ўласныя магчымасьці, якіх, будзем шчырымі, і было няшмат. Эстонія і Латвія становяцца збольшага транзытнымі краінамі, але Латвія, напрыклад, дапамагае толькі тым уцекачам, якія застаюцца ў краіне.
Усю плынь транзыту ўзялі на сябе валянтэркі і валянтэры — моладзевая недзяржаўная арганізацыя адкрыла цэнтар дапамогі проста на аўтавакзале. Там, сярод іншага, уцекачы могуць узяць манэткі, каб скарыстацца прыбіральняй. Вы ўяўляеце абсурднасьць і жах сытуацыі, калі валянтэры мусяць дапамагаць нават з прыбіральняй?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад эмоцый і гісторый людзей можна было звар’яцець». Беларуска дапамагла дзьвюм тысячам украінскіх уцекачоўА шмат каму ўжо ня хочацца болей валянтэрыць, а хочацца вярнуцца да свайго звычайнага жыцьця. Цэны на ўсё, зноўку ж, растуць, што не дадае энтузіязму для бясплатнай працы.
А яшчэ валянтэркі і валянтэры перастаюць спраўляцца псыхалягічна. Яны працуюць зь людзьмі, якія страцілі блізкіх, якія самі былі параненыя, якія бачылі сапраўднае пекла. Такая праца патрабуе вельмі моцнай псыхалягічнай устойлівасьці, і ня так шмат непадрыхтаваных людзей могуць займацца ёю працяглы час.
А што будзе, калі валянтэрскія сілы зусім скончацца? Спадзяюся, мы гэтага ніколі не даведаемся.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.