Нават тыя, хто ўцёк, калі і не рызыкуюць жыцьцём, дык увесь час дазнаюцца то пра пагром свайго жытла, то пра «наезд» на сваіх сваякоў. І часьцяком шкадуюць: лепш бы ўжо «сесьці». У Беларусі няма ніводнага, хто б не пазіраў на эўрапейцаў з-за калючага дроту.
Такое сабе параўнаньне ўкраінцаў і беларусаў — каму «лепей»? І тыя, і тыя рызыкуюць быць забітымі. Адрозьненьне хіба ў тым, што ўкраінцы пад бомбамі, як гэта ні парадаксальна, на волі; а беларусы (усе беларусы) у няволі.
Гледзячы з Эўропы, абодва народы — у максымальна дрэннай сытуацыі. Горш не бывае. А калі ўлічыць, што агрэсар той самы, РФ, дык украінцы і беларусы — гэта адзін бок вайны, ад якога зусім не залежыць, адкуль бамбяць Кіеў — з акупаванага Крыму ці з расейскага канцлягеру, у якім сядзіць Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Віталя, выбачай, але твая мама „нацыстка“ і „бандэраўка“». Маці легендарнага гімнаста Шчэрбы шчыра пра вайну ва ЎкраінеДля агрэсара абодва народы — адно: адна ахвяра, адна цэль, якую трэба зьнішчыць ці ператварыць у сабе падобных. Прадмет зьнішчэньня, апроч саміх носьбітаў, — беларуская і ўкраінская мовы, культуры, беларуская і ўкраінская самасьвядомасьць.
Гарачая вайна і канцлягер, напэўна, адрозьніваюцца, але не становішчам народаў. Тысячы забітых і тысячы пад катаваньнямі ў турмах — так сабе параўнаньне на тэму «Каму лепей».
Інакш кажучы, візавыя, напрыклад, санкцыі супраць расейцаў і беларусаў (менавіта ў такім тандэме яны ўводзяцца) — гэта тое самае, што санкцыі супраць «тандэму» немцаў Гітлера і габрэяў Аўшвіца.
Беларусы не Лукашэнка, яны з другога боку гэтай лініі фронту, яны ахвяры і ўцекачы, яны з таго ж боку, што і ўкраінцы. Гэта Лукашэнка зь ягонай расейскай хунтай хаваецца за Беларусяй і беларусамі, як за жывым шчытом. Хаваецца ад Пуціна. Такая ў іх гульня.
Да ўсяго сказанага трэба дадаць, што беларусы ніяк не падзяляюць палітыкі Пуціна-Лукашэнкі і зусім не зьдзівіліся б, калі б расейскія ракеты паляцелі, напрыклад, на Гомель ці Пінск (адкуль яны ляцелі на Ўкраіну). Беларусы і пачуваюцца ўкраінцамі ў гэтай вайне. А гэта значыць, што трактаваць іх трэба адпаведным чынам, у такім менавіта тандэме. Мы і разумеем адны адных безь перакладу.
Ой, у лузе чырвона каліна
Пахілілася.
Чаго ж наша слаўная краіна
Зажурылася.
А яшчэ беларусы самі мусілі б узяць сабе ўкраінскі парадак дня, бо ніякага іншага ў іх быць ня можа.
Між тым Эўропа то там, то сям для грамадзян Беларусі звужае магчымасьці вырвацца з канцлягеру. Перастаюць выдаваць візы або выдаюць так — як вушка голкі для праходу вярблюда.
Насамрэч справа тут нашмат глыбейшая, чым фармальныя візы. Гэта праблема народнага самаўсьведамленьня ці калектыўнага несьвядомага. Гэта праблема адчуваньня чалавека і народу ўнутрана свабодным. Такі народ горы зьверне. Прыраўноўваць вязьня канцлягера да вертухая-эсэсаўца — нешта адваротнае здароваму сэнсу.
Вы хочаце так глуха закрыць гэты Аўшвіц, каб ён напяўся і выбухнуў? Але Аўшвіц ня выбухнуў. Вызваленьне прыйшло звонку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агенцтва Bloomberg паведамляе пра пляны Эўракамісіі ўхваліць статус кандыдата ў ЭЗ для ЎкраіныВа Ўкраіны свой шлях да бязьвізу, які яна атрымала ў 2017 годзе. Шлях доўгі і праводзіўся ўкраінскімі ўладамі ў цэлым шэрагу захадаў набліжэньня да Эўразьвязу ажно 11 гадоў. Для беларусаў, зразумела, гэтага ня будзе. І ня трэба. Бязьвіз — гэта аднабаковы захад краінаў Эўропы, і ўводзіцца ён за адзін крок, калі палітычная воля перамагае бюракратыю. «Бяз згоды Лукашэнкі». Але і гэта не галоўны сэнс справы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка робіць для Масквы ўсё, што ад яго патрабуюць, — аналітык Аркадзь МошэсПараўнайце ўкраінцаў 2014 году і сёлета — іх рэакцыю на анэксію Крыму і рэакцыю на расейскае ўварваньне. Усе кажуць, гэта дух украінскі такі моцны. А адкуль ён узяўся? Ад таго, што ўкраінцы ўсьвядомілі сябе ўкраінцамі; ад таго, што яны сапраўды свабодныя людзі, бо свабода — гэта і магчымасьці таксама. Ты можаш і не карыстацца тым бязьвізам, але ведаеш, што ён у цябе ёсьць, ва ўсіх украінцаў. І няхай гісторыя ня мае ўмоўнага ладу, але каб той бязьвіз быў не ў 2017-м, а раней, да 2014 году, зусім іншай была б і рэакцыя на Крым. Можна дапусьціць, што і рэакцыя беларусаў на канцлягер была б (будзе?) зусім іншай, чым толькі позірк з-за кратаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як плот на мяжы Беларусі і Польшчы нашкодзіць зубрам, ваўкам і мядзьведзямУ бязьвізе трэба бачыць глябальную для беларусаў перамену, а ня тое, напрыклад, што ў Эўропу рынуцца «ня тыя». Хоць усе, як адзін, вядомыя і перапісаныя, хто ёсьць хто. І які атрымаюць прыём «ня тыя» ва ўнівэрсальнай эўрапейскай юрысдыкцыі? Бязьвіз быў бы калясальным дэмаралізацыйным фактарам для ўдзельнікаў хунты.
Словам, «разбуры турмы муры», а ня стаў новыя. Хаця б з аднаго боку.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.