Зьняволеных журналістаў Любенчука і Залатых праваабаронцы прызналі палітвязьнямі

Ілюстрацыйнае фота

Па стане на 8 чэрвеня за кратамі 28 прадстаўнікоў мэдыя, паведамляе БАЖ.

Журналіст Аляксандар Любянчук знаходзіцца ў менскім СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага, мэдыямэнэджар Канстанцін Залатых —у жодзінскай турме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая справа Кацярыны Андрэевай, працэс Андрэя Кузьнечыка ды іншыя: у чэрвені адразу пяць судоў над журналістамі

18 траўня КДБ правёў ператрусы ў рэдакцый газэты «Белорусы и рынок» i дома ў дырэктара выданьня Канстанціна Залатых. У выніку сілавікі адабралі ноўтбук і сродкі сувязі, а Канстанцiна затрымалі. Адвакат мэдыямэнэджара амаль тыдзень ня мог сустрэцца з падабаронным, а дакладнае месца знаходжаньня затрыманага ўвесь гэты час заставалася невядомым.

Канстанціну Залатых выставілі крымінальнае абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Беларусi (распальваньне варожасьці, спалучанае з гвалтам альбо зьдзейсьненае службовай асобай). Гэты артыкул пагражае Канстанціну пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў .

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да затрыманага дырэктара газэты «Беларусы і рынак» амаль тыдзень не пускаюць адваката

26 траўня супрацоўнікі сілавых органаў правялі ператрус i ў доме журналiста-фрылансэра Аляксандра Любенчука. Самога Аляксандра затрымалі ў межах крымінальнай справы i даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня ў Менску. На гэты момант журналісту выставілі абвінавачаньні, але дакладны крымінальны артыкул, які інкрымінуюць Любенчуку, невядомы (адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаваньні).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі журналіста Аляксандра Любенчука

Сёньня праваабаронцы прызналі журналістаў Аляксандра Любенчука і Канстанціна Залатых палітвязьнямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заява БАЖ: «Журналісты павінны мець магчымасьць нармальна працаваць і жыць бяз страху за сваю сям’ю і сябе»