Да канца сакавіка 2023 году Чэхія не плянуе выдаваць візы грамадзянам Беларусі і Расеі. Да 10 чэрвеня працягваецца працэдура ўнясеньня дадаткаў у гэтае ўрадавае распараджэньне. Як адзначыў дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Францішак Вячорка, чэскі бок распрацаваў гэты закон яшчэ да візыту Ціханоўскай у Прагу. Задачай офісу Ціханоўскай было дамагчыся палёгкі ў закон — дазволіць візы з гуманітарных прычынаў, для палітычных актывістаў, журналістаў, а таксама для ўзьяднаньня сям’і.
Часткова посьпеху дамагчыся ўдалося — чэскі ўрад зрабіў выключэньне для дакумэнтаў па ўзьяднаньні сям’і і зрабіў адмысловую праграму па візах для тых беларусаў, якія выяжджаюць з палітычных прычын.
«Чаго мы не дабіліся — візаў студэнцкіх, і зараз вядзецца складаны працэс перамоваў. Мы тлумачым, чаму нельга ізаляваць студэнтаў, і спадзяёмся, што празь месяц-два студэнты змогуць прыяжджаць у Чэхію. Але ў цэлым даволі цяжка стала пераконваць палітыкаў, калі ў 2020-м беларусы былі ўзорам барацьбы за свабоду, то цяпер для многіх краін беларусы сталі суагрэсарамі ў вайне. І нам трэба цярпліва ратаваць добрае імя беларусаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія не плянуе выдаваць візы беларусам прынамсі да канца 2023 годуВячорка мяркуе, што першасная агульная забарона на візы ўсім беларусам адбылася праз спэцслужбы Чэхіі, якія меркавалі, што «зь Беларусі могуць ехаць агенты», аднак цяпер «прыйшоў час палітыкаў».
Тлумачальная праца займае шмат часу, аднак яна неабходная. Ужо ўдалося дамагчыся пэўных зьменаў для беларусаў у Эстоніі, у Польшчы, і праца, як запэўнівае дарадца Ціханоўскай, працягваецца. Даводзіцца даказваць, што «беларусы не Лукашэнка і падтрымліваюць Украіну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мілаш Зэман пра Ўкраіну, Расею, NATO і вайну. Эксклюзіўнае інтэрвію прэзыдэнта Чэхіі Свабодзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская на сустрэчы з прэм’ерам і кіраўніком МЗС Славаччыны заклікала не паслабляць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі