8 чэрвеня ў Магілёўскім абласным судзе пачаўся закрыты працэс над Андреем Кузьнечыкам. Паводле выстаўленага абвінавачаньня (арт. 361-1 КК) Андрэю пагражала да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
Паводле інфармацыі, атрыманай ад сваякоў Андрэя, яго прызналі вінаватым у кіраваньні экстрэмісцкім фармаваньнем на падставе ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу і прысудзілі 6 год пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму акалічнасьці справы невядомыя.
Свабода не змагла атрымаць афіцыйнае пацьверджаньне гэтай інфармацыі. На момант выхаду публікацыі Магілёўскі абласны суд ня быў даступны для камэнтароў, ягоныя тэлефоны не адказвалі.
«Андрэй быў асуджаны паводле недарэчных абвінавачаньняў у закрытым судовым працэсе, які скончыўся за некалькі гадзін. Паказальна, што абвінавачаньні супраць яго зьявіліся толькі ў канцы траўня, больш як праз паўгода пасьля таго, як ён быў арыштаваны. Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня Андрэя», — сказаў у адмысловай заяве прэзыдэнт і выканаўчы дырэктар Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа Джэймі Флай.
Абвінавацілі ў тым, чаго не існавала на момант арышту
Варта адзначыць, што кантэнт Радыё Свабода быў прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім», а само Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем» ужо пасьля затрыманьня Андрэя. То бок журналіста асудзілі за кіраваньне тым, чаго на момант яго арышту не існавала.
- 25 лістапада 2021 году Кузьнечыка затрымалі.
- 3 сьнежня 2021 году суд Цэнтральнага раёну Менску па матэрыялах ГУБАЗіК МУС Беларусі прызнаў інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-каналу «Радыё Свабода — Беларусь», яе аналягі ў сацыяльных сетках і відэахостынгу YouTube «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
- 23 сьнежня 2021 году Міністэрства ўнутраных спраў прызнала «групу грамадзян, якія аб’ядналіся праз інтэрнэт-рэсурсы „Радыё Свабода“», «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Андрэя Кузьнечыка затрымалі, калі ён выйшаў увечары з кватэры пакатацца на ровары. Вярнуўся дадому ён у суправаджэньні чатырох сілавікоў. У кватэры зладзілі ператрус, забралі аргтэхніку, запатрабавалі пароль ад тэлеграм-каналу Радыё Свабода.
Дзеці Андрэя і Алесі — васьмігадовая Яніна і двухгадовы Мацьвей — былі сьведкамі затрыманьня таты.
Спачатку Андрэя абвінавацілі ў дробным хуліганстве, зьмясьцілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў і прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. На свабоду ён так і ня выйшаў: абвінавацілі ў непадпарадкаваньні і дадалі яшчэ два разы па 10 сутак.
23 сьнежня 2021 году стала вядома, што на Кузьнечыка завялі крымінальную справу і перавялі яго ў СІЗА № 1 на Валадарскага.
12 траўня зьявілася інфармaцыя, што Кузьнечыка перавялі зь СІЗА-1 у магілёўскую турму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сумленьне дазваляе Андрэю спакойна спаць ды адчуваць сябе годным чалавекам». Журналіст Андрэй Кузьнечык сустрэўся на «Валадарцы» з жонкай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шлю яму фота, дзе мы разам, бо гэта яго сапраўднае месца», — жонка палітвязьня Андрэя Кузьнечыка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жыць у Беларусі для яго даражэй за свабоду». Як маюцца палітвязень Андрэй Кузьнечык і ягоная сям’я