Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязьніцы прыдуманы тэрмін, чым разьвітацца з радзімай». Судзяць журналіста Свабоды Андрэя Кузьнечыка


Андрэй Кузьнечык, 2018
Андрэй Кузьнечык, 2018

Сёньня ў Магілёўскім абласным судзе пачынаецца закрыты працэс над журналістам Свабоды Андрэем Кузьнечыкам. Яго абвінавачваюць у «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК), яму пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Затрымалі Андрэя Кузьнечыка 25 лістапада 2021 году, калі ён выйшаў увечары з кватэры пакатацца на ровары. Вярнуўся дадому ў суправаджэньні чатырох сілавікоў. У кватэры зладзілі ператрус, забралі аргтэхніку, запатрабавалі пароль ад тэлеграм-каналу Радыё Свабода.

Дзеці Андрэя і Алесі — васьмігадовая Яніна і двухгадовы Мацьвей — былі сьведкамі затрыманьня таты.

Андрэй Кузьнечык зь дзецьмі, архіўнае фота
Андрэй Кузьнечык зь дзецьмі, архіўнае фота

Спачатку Андрэя абвінавацілі ў дробным хуліганстве, зьмясьцілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў і прысудзілі 10 дзён адміністрацыйнага арышту. На свабоду ён так і ня выйшаў: абвінавацілі ў непадпарадкаваньні і дадалі яшчэ два разы па 10 сутак. 23 сьнежня 2021 году стала вядома, што на Кузьнечыка завялі крымінальную справу і перавялі яго ў СІЗА № 1 на Валадарскага.

Фрагмэнт ліста, які Андрэй Кузьнечык даслаў сям'і з-за кратаў
Фрагмэнт ліста, які Андрэй Кузьнечык даслаў сям'і з-за кратаў

За некалькі дзён да затрыманьня Андрэй расказаў свайму сябру, чаму ён застаўся ў Беларусі, нягледзячы на небясьпеку. Гэтыя 5 тлумачэньняў ён папрасіў апублікаваць, калі затрыманьне ўсё ж адбудзецца.

  • «Я з 13 гадоў жыву беларушчынай, паступіў на філфак дзеля яе, жыў і працаваў з арыентацыяй на яе. Цяпер мне за 40, але рэч ня ў тым, што позна пачынаць з нуля. Рэч у тым, што я не хачу збочваць са сьцежкі працы на карысьць беларушчыны.
  • У цяперашніх умовах мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязьніцы прыдуманы тэрмін, чым разьвітацца з радзімай на няпэўны (аж да скону) час (хоць тут я магу фатальна памыляцца ў тым, наколькі далёка могуць зайсьці рэпрэсіі).
  • Я лічу, што дзеці, узгадаваўшыся ў небеларускім асяродзьдзі, стануць носьбітамі каштоўнасьцяў гэтага асяродзьдзя, а Беларусь — адзінае месца на Зямлі, дзе гэтае асяродзьдзе мы маем, можам ствараць і разьлічваць на яго.
  • Я бачу, што суседнія краіны ствараюць свой гістарычны міт на падмурку, часам адрозным і нават супярэчным беларускаму.
  • Я бачу, што перад суседнімі зь Беларусьсю краінамі стаяць выклікі, якія могуць запатрабаваць ня меншай ахвярнасьці, чым цяперашняя сытуацыя патрабуе ад беларусаў сёньня».

Андрэю Кузьнечыку 43 гады, родам ён зь Віцебску, вучыўся ў Ліцэі БДУ, потым скончыў філялягічны факультэт БДУ і асьпірантуру. Працаваў стылістычным рэдактарам у «„Комсомольской правде“ в Беларуси», «Нашай ніве», фрылансэрам на Радыё Свабода.

Андрэй Кузьнечык — заўзяты раварыст, аматар-валянтэр OpenStreetMap. З 2007 году вёў свой пазытыўны беларускамоўны блог, у якім прапагандаваў язду на ровары. У ім ён публікаваў сэрыю допісаў «Кароткі праваднік па менскіх роварных стаянках» і «Кароткі праваднік па менскіх веладарожках», даваў парады, прапаноўваў пісаць звароты мясцовым уладам наконт уладкаваньня роварнага руху. Андрэй стварыў падрабязную карту безбар’ерных роварных маршрутаў, а таксама сам пракладаў маршруты ў Google Maps.

Паштоўка, якую Андрэй Кузьнечык даслаў сям'і з-за кратаў
Паштоўка, якую Андрэй Кузьнечык даслаў сям'і з-за кратаў

У турме Андрэй пачаў складаць дзіцячыя вершы. Жонка Алеся дасылае яму чыстыя паштоўкі з забаўнымі малюнкамі, а на іх Андрэй у адказ піша Яніне і Мацьвею павучальныя вершыкі.

Верш на паштоўцы з-за кратаў
Верш на паштоўцы з-за кратаў

25 траўня 2022 году стала вядома, што Андрэя Кузьнечыка абвінавацілі ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (частка 1 артыкула 361-1 КК). Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна». Яму пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі. З «Валадаркі» яго перавялі ў магілёўскае СІЗА, закрыты працэс таксама будзе ў Магілёве. Праваабаронцы прызналі Андрэя Кузьнечыка палітзьняволеным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG